Арбуз на приусадебном участке. Секретами выращивания делится А.Лосев

Общество

Як вядома, вада ў прыродзе існуе ў трох станах: газападобным, вадкім і цвёрдым (пара, вада, лёд). Але ёсць яшчэ і чацвёртае – кавун. І вось за такую ваду ў чацвёртым стане даводзіцца плаціць немалыя грошы, калі надыходзіць сезон і хочацца пачаставацца гэтай ягадай.
Раскінуўшы такім-сякім розумам (чым мы, беларусы, дурней за ўзбекаў ці таджыкаў – агуркі і гарбузы ж вырошчваем), вырашыў паспрабаваць вырасціць кавун і сам. Узважыў усе “за” і “супраць”. “За” – гарантавана экалагічна чысты прадукт, заўсёды пад рукой і ў колькасці, не залежачай ад фінансавага стану кашалька. “Супраць” – адзін, але важкі аргумент – жонка. “А як не атрымаецца – людзі засмяюць, пляма на рэпутацыі агародніцы, жах!” Аднак у роздумах галавы перамог страўнік, і я пашыбаваў на кірмаш. Сапраўды, там можна купіць не толькі насенне раяніраваных на наш рэгіён сартоў, а і атрымаць некаторыя парады па іх вырошчванні.
Забягаючы наперад, скажу, што эксперыментаваў з рознымі сартамі. Аднак з абяцаных буйнаплодных сартоў, экземпляраў у 6-9 кілаграмаў, вага не атрымалася, ды і завязваюцца яны радзей, а спеюць марудней. Мне асабіста спадабаліся два сарты: “Агеньчык” і “Цукровы малыш”. Даволі ўраджайныя, плады растуць вагой 2-4 кілаграмы, па 1-2 на каліве, спеюць у пачатку жніўня. Менавіта іх я і вырошчваў у першы год. З 20 пасаджаных зярнят у жніўні атрымаў каля 80 кілаграмаў пладоў: кавуны мелі вагу па 3-3,5 кілаграма, адзін у адзін, салодкія, сакавітыя, з тонкай шкарлупінай.
Пасля такога поспеху, у наступным, 2011 годзе, заручыўшыся падтрымкай усёй сям’і, удалося вырасціць каля 300 кілаграмаў кавуноў. Праўда, з-за халоднага і дажджлівага лета спець яны пачалі ў жніўні, верасні, і сярод іх сустракаліся недаспелыя і не вельмі салодкія экземпляры. І ўсё ж колькасць вырашчанага дазволіла правесці выбракоўку і задаволіць свае патрэбы якаснай прадукцыяй.
Аднак бліжэй да справы. У сярэдзіне красавіка высаджваю ў пластыкавыя келіхі аб’ёмам 400 грамаў па 2 штукі папярэдне вырашчанага насення. Пры наступленні ўстойлівага цяпла, 15-20 мая перасаджваю іх у глебу пад плёнку ці спанбонд на дугах. Папярэдне, канечне, рыхтую месца пасадкі: выбіраю добра асветлены ўчастак, які не зацяняецца на працягу дня; выкопваю ямкі ў шахматным парадку аб’ёмам 10-20 літраў пад кожную расліну і запаўняю сумессю травянога торфу, перагною і попелу. У гэтыя лункі і высаджваю расліны, не раздзяляючы іх, бо кавуны не любяць лішняга турбавання. З-за гэтага і прапалоць іх паспяваем толькі два разы, а далей парушаць сцябліны, варушыць іх не варта, кавун вельмі хваравіта на гэта рэагуе. Асабліва нахабнае пустазелле лепш вырваць выбарачна, а затым кавун і сам заглушыць яго.
Калі тэмпература надвор’я стане вышэй за 20 градусаў, накрыўку можна зняць зусім і накрываць толькі пры пахаладанні. У сухое і спякотнае надвор’е неабходна праводзіць інтэнсіўны паліў. Не лішнім будзе і 3-4 разы падкарміць расліны растворам аксіду торфу, каравяка ці іншых арганічных угнаенняў. Калі ўдасца адсачыць, то можна штучна рэгуляваць колькасць завязі, пакідаючы па 2-3 плады на расліне. Аднак я заўважыў, што кавун сам скідвае лішнюю завязь. Такім чынам вырошчваем і дыні, толькі ў парніку і пры гэтым іх яшчэ даводзіцца прарэджваць, адразаць пустыя сцябліны.
А ўвогуле вырошчваць кавуны і дыні не складаней, чым агуркі і памідоры. Гэтай справай пастаянна займаецца В.М.Міхашонак і сям’я Ракавых, напэўна, і іншыя. Так што калі ёсць жаданне пачаставаць дзяцей і ўнукаў, можаце смела займацца гэтымі культурамі, усё ў вас атрымаецца. Як бы там ні было, а патрэбы маёй сям’і ў гэтых экзатычных пладах каторы год удаецца забяспечыць сваёй прадукцыяй. Толькі, каб адчуваць сябе больш-менш забяспечаным і не грызці ад сквапнасці недаспелы ці сапсаваны адзіны кавун, рэкамендую высаджваць па 30-50 каліваў і 20-30 – дыні. Тады хопіць і сабе, і суседзяў можна пачаставаць.
А.ЛОСЕЎ, г.п.Ушачы.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *