Перепись лесного населения. Как проводится учёт охотничьих животных?

Экология

На снезе тоненькая дарожка слядоў, якая вядзе ў глыбіню лесу. Магчыма, тут прабегла ліса ці куніца. Крыху далей больш прыкметныя сляды, добра патаптаны снег, тут, пэўна, праходзілі дзікія кабаны. Мы з вамі наўрад ці адрознім сляды казулі ад слядоў аленя і тым больш, самкі ці самца кабана. А паляўнічыя зробяць гэта з лёгкасцю, асабліва хто звязаны з паляваннем прафесіяй. Гэтыя людзі не толькі палююць на жывёл, а і штогод вядуць перапіс ляснога насельніцтва. Якім чынам гэта адбываецца і ці можна падлічыць дзікіх жывёл, для якіх самы вялікі жах – гэта чалавек? Усе сумненні развеяў і расказаў аб асаблівасцях уліку лясных насельнікаў дырэктар Ушацкай арганізацыйнай структуры “Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў” В.І.ШЭРШАНЬ.

Адразу трэба адзначыць, што ад таго, колькі звяроў налічваецца на тэрыторыі паляўнічых угоддзяў, залежыць ліміт іх адстрэлу. Каб дзейнасць паляўнічай гаспадаркі ажыццяўлялася найбольш эфектыўна, неабходна захоўваць аптымальную колькасць жывёл. Калі іх больш, чым павінна быць, павялічваецца ліміт адстрэлу і адпаведна даход ад палявання, калі менш – адстрэл забараняецца для захавання біялагічнай разнастайнасці.
Існуе некалькі метадаў уліку паляўнічых жывёл, адзін з самых распаўсюджаных – зімовы маршрутны ўлік, які заснаваны на вывучэнні слядоў. “Перапісчыкі”, а ў нашым выпадку гэта егеры, абходзяць адведзеныя ўгоддзі і адзначаюць усе заўважаныя сляды дзікіх жывёл, заносяць на спецыяльную агульную схему. Затым гэтыя сляды заціраюцца, а праз дзень зноў трэба выходзіць на гэты маршрут, каб падлічыць, колькі звяроў яшчэ перасекла маршрут, пасля чаго запаўняюцца ўліковыя карткі, якія потым дасканала аналізуюцца. Праводзяцца адзін асноўны і адзін дадатковы ўлік, а пасля па спецыяльнай формуле з улікам катэгорыі ўгоддзяў, колькасці слядоў, паказчыка ўліку і вылічваецца вынік. Заключны этап – ацэнка экспертнай камісіі. Каб правесці такія падлікі, трэба нямала кіламетраў “наматаць” па лесе!
Яшчэ адзін метад падліку – назіранне з вышак, устаноўленых каля падкормачных пляцовак. І хадзіць не трэба, пасядзеў на вышцы, паглядзеў на жывёліну – падумаюць многія, аднак не ўсё так проста! Назіранне павінна пачынацца не пазней, чым за дзве гадзіны да заходу сонца, і заканчвацца не раней, чым праз 4 гадзіны пасля заходу. Па магчымасці назіранні праводзяцца і раніцай за 2-3 гадзіны да і гадзіну-дзве пасля ўсходу. Назіральнікі на падкормачнай пляцоўцы размяшчаюцца на вышцы і павінны пры гэтым сядзець у максімальнай цішыні. Для таго, каб разгледзець жывёл, выкарыстоўваюцца біноклі, прыборы начнога бачання. Ні ў якім разе нельга курыць, спускацца з вышкі, хадзіць па пляцоўцы, рабіць іншыя дзеянні, якія могуць спужаць жывёл. Вынікі назіранняў запісваюцца ў спецыяльны журнал пры дапамозе ўмоўных абазначэнняў.
Больш рэдкіх лясных насельнікаў, такіх як мядзведзь ці барсук, улічваюць на аснове анкет, якія запаўняюць вопытныя паляўнічыя, убачыўшы жывёлу ці іх уладанне падчас палявання.
Тым, хто вядзе ўлік, як падчас маршрутнага ўліку, так і назірання з вышак, трэба дасканала разбірацца ў слядах, не толькі адрозніць від жывёлы, але і вызначыць пол і іх прыкладны ўзрост. Абавязковаму строгаму ўліку падлягаюць капытныя – лось, кабан, казуля. Існуюць і іншыя метады ўліку паляўнічых жывёл, напрыклад, картавання, шумавога прагону, асобныя для баброў, глушцоў, цецерукоў. Выконваючы гэтую, як аказалася, няпростую работу, спецыялісты кіруюцца тэхнічным кодэксам усталяванай практыкі, выдадзеным Міністэрствам лясной гаспадаркі. Нюансаў і асаблівасцей гэтай справы вялікае мноства і апісаць усе іх проста немагчыма.

У студзені-лютым прайшоў зімовы ўлік паляўнічых жывёл. Так, калі гаварыць пра асноўныя віды, то спецыялісты “БТПР” на сваіх угоддзях налічылі 430 казуль, 420 кабаноў, 210 ласёў, 35 аленяў, 295 зайцаў-белякоў і 281 зайцы-русакі. Заўважаны і драпежны від – 2 ваўкі. Спецыялісты лясгаса вялі ўлік на сваіх угоддзях.
Увогуле, сёлетні перапіс ляснога насельніцтва прайшоў паспяхова.
Падрыхтавала В.КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *