Утром выпил – день свободен

Закон - один для всех

Менавіта пад такім дэвізам жывуць тыя, каго выклікалі на пасяджэнне грамадскага пункта аховы правапарадку і каардынацыйнага савета, што праводзіла напрыканцы сакавіка намеснік старшыні райвыканкама В.І.Карчэўская. Наіўным, слёзным абяцанням гэтых людзей “завязаць” з алкаголем верыцца з цяжкасцю: яны не прызнаюць сябе вінаватымі перад грамадствам, суседзямі, роднымі і блізкімі. Ды і што казаць, знайшліся сярод іх і такія, хто не пасаромеўся прыйсці на пасяджэнне ў нецвярозым стане.

Ахвотна расказваў сваю гісторыю, прад’яўляючы пры гэтым пэўныя прэтэнзіі, грамадзянін П. Не так даўно мясцовае кіраўніцтва дапамагло яму ўладкавацца на працу, аднак праз тры дні мужчына звольніўся, бо атрымаў адмову ў выдачы яму авансу. Жыве ў знаёмага, “страляе” ў прахожых ва Ушачах грошы на чарговую бутэльку, пастаянна знаходзіцца пад шафэ. Перспектыва ўстанаўлення над ім нагляду з боку супрацоўнікаў райаддзела міліцыі, а ў далейшым, магчыма, і змяшчэнне ў турму за правапарушэнні не абрадавала мужчыну. Аднак, выходзячы з кабінета, ён ацаніў свае жыццёвыя планы ёмістай фразай: “Усё роўна піў, п’ю і буду піць!”

У кабінет уваходзіць маладая жанчына Х., што працуе ў ЖКГ. Старанная, працавітая, аднак часам не лічыць патрэбным выходзіць на работу – вось і за сакавік “назбірала” восем прагулаў. На жаль, не стаў для яе паказальным станоўчы прыклад сястры, што ў свой час адумалася, закадзіравалася і зараз вядзе нармальны лад жыцця. Наша ж “гераіня” да сваіх п’янак і прагулаў адносіцца як да належнага, аднак прайсці кадзіроўку ад алкагольнай залежнасці ўсё ж згодная. Вось толькі пры ўмове, што аплаціць гэтую працэдуру “добры дзядзя”.

Яе сяброўка і калега па рабоце Ш. не стала хаваць ад членаў пасяджэння, што часам прыкладаецца да чаркі і таксама дапускае прагулы. Па словах жанчыны, адмовіцца ад алкаголю ў кампаніі таварышаў-выпівох і сужыцеля, які таксама не прэч “паласавацца” 40-градуснай, самастойна яна ўжо не можа.

Нібы пад заслону “прадстаўлення”, у кабінет увайшла грамадзянка С. – калега папярэдніх жанчын, “ідэйны натхняльнік” іх сумніўнай кампаніі. Парушае працоўную дысцыпліну, дапускае прагулы і жыве, як той перакаці-поле, там, дзе свабодна: то ў знаёмай, то ў чарговага кавалера. Пра маленькага сына і неабходнасць выдзяляць сродкі на яго ўтрыманне жанчына не думае. Па раўнадушным позірку і рэакцыі на пытанні членаў пасяджэння было зразумела: такое жыццё яе цалкам задавольвае. Аднак калі вывадаў грамадзянка не зробіць – у бліжэйшы час паўторна трапіць у лячэбна-працоўны прафілакторый.

Увогуле ж, за 2012 год у ЛПП для медыка-сацыяльнай рэабілітацыі было накіравана 11 жыхароў Ушацкага раёна, у тым ліку 6 жанчын. Летась працаўладкавана трое грамадзян, якія вызваліліся з месцаў пазбаўлення волі і былі зарэгістраваны ва Ушацкім цэнтры занятасці, за тры месяцы бягучага года – ужо двое. Многім была аказана дапамога ў афармленні рэгістрацыі. Раённае кіраўніцтва ідзе насустрач кожнаму, галоўнае — выкарыстаць дадзены шанс, стаць на роўную дарогу і не на словах, а на справе даказаць сваю чалавечую годнасць.

К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *