Происшествия. Криминал

Закон - один для всех

Крымінагенная абстаноўка ў раёне на мінулым тыдні была надзвычай няпростай. Да адміністрацыйнай адказнасці за дробнае хуліганства было прыцягнута сем чалавек, за распіццё спіртных напіткаў ці з’яўленне ў нецвярозым стане ў грамадскіх месцах – чатыры. Узбуджана 12 крымінальных спраў.

Бяда на дарозе

Муж з жонкай – абое жыхары горада Мінска – ехалі на ўласным аўтамабілі па трасе “Лепель-Полацк”. Нічога не прадказвала бяды. Аднак на 31-м кіламетры, непадалёк ад вёскі Сарочына, вадзіцель выехаў на сустрэчную паласу, дзе аўтамабіль занесла і ён перавярнуўся. У выніку дарожна-транспартнага здарэння жонка, якая сядзела на пасажырскім крэсле, атрымала цяжкія цялесныя пашкоджанні, ад якіх загінула. У адносінах мужчыны ўзбуджана крымінальная справа. Яму пагражае да пяці гадоў пазбаўлення волі.

Сабраў ураджай

У аддзяленне міліцыі з заявай звярнулася жыхарка Наваполацка. Невядомы пакуль злодзей пад покрывам ночы з яе дачы ў вёсцы Казьяне выкраў 50 кілаграмаў яблыкаў і 20 – перцу. Урон, які панесла грамадзянка, склаў 200 тысяч рублёў. Узбуджана крымінальная справа, праводзіцца праверка.

Удала “затарыўся”

Маладая дзяўчына прыйшла ў магазін аграгарадка Вяркуды з мабільным тэлефонам і па неасцярожнасці пакінула яго на прылаўку. Жыхар вёскі Лозы (1971 года нараджэння, судзімы), які таксама завітаў у названую гандлёвую кропку, убачыў нічыйны мабільнік і, скарыстаўшыся момантам, прыхапіў яго з сабой. У адносінах мужчыны ўзбуджана крымінальная справа.

Вадзіцелі “пад мухай”

На жаль, нецвярозыя вадзіцелі працягваюць калясіць па дарогах Ушаччыны. Так, жыхар гарпасёлка, 1984 года нараджэння, у гэтым годзе ўжо прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за кіраванне транспартам у стане алкагольнага ап’янення. Вывадаў не зрабіў і зноў сеў за руль “пад мухай”.
Паўторнае “п’янае” ралі здзейсніў у гэтым годзе і жыхар вёскі Ваўчо, які на самаробным трактары быў затрыманы супрацоўнікамі ДАІ каля аграгарадка Вяркуды. У адносінах мужчын узбуджаны крымінальныя справы. За свавольства на дарозе абодвум пагражае да шасці месяцаў арышту.

Хто ідзе  за “Клінскім”?

Трое сяброў з Полацка прыехалі парыбачыць на возера Павулле. Каб адпачынак праходзіў весялей, у магазіне набылі піва. Пасля таго, як піўныя банкі апусцелі, адзін з таварышаў (1988 года нараджэння) упэўнена сказаў, што праблему вырашыць. Нічога не гаворачы сябрам, ён зноў накіраваўся ў магазін, дзе, скарыстаўшыся занятасцю прадаўца, выцягнуў з халадзільніка цэлы блок піва на суму 85 тысяч рублёў і пусціўся наўцёкі. Пра тое, што прадавец гандлёвай кропкі мог добра запомніць яго і тую машышу, на якой прыязджала іх “вясёлая” кампанія, малады чалавек не падумаў. І, здавалася, быў сапраўды здзіўлены, калі ўжо раніцай наступнага дня да яго завіталі супрацоўнікі Ушацкага РАУС…
У адносінах “хуткага” выкрадальніка па факце грабяжу ўзбуджана крымінальная справа. Яму пагражае да чатырох гадоў пазбаўлення волі.

Пакінулі след

На вяселле ў Касарах сабралася многа народу. Адзін з родных, які прыехаў на аўтамабілі “БМВ” з Барысава, са спакойнай душой пакінуў транспартны сродак у двары. А дарэмна: прачнуўшыся раніцай, мужчына заўважыў на дзвярах свайго аўтамабіля ўмятыя сляды ад чыйгосьці чаравіка. Як аказалася, “аўтарам” гэтых умяцін стаў разагрэты алкаголем яго знаёмы. Каб разабрацца палюбоўна, віноўнік прапанаваў пацярпеламу 1,5 мільёна рублёў, аднак той ацаніў урон значна даражэй – 3,6 мільёна – і саступаць не стаў. Па факце наўмыснага пашкоджання маёмасці ўзбуджана крымінальная справа.
Аналагічна складвалася сітуацыя і ў райцэнтры. Мясцовы жыхар (1992 года нараджэння) не змог спакойна прайсці міма чужога аўтамабіля. Невядома, што падштурхнула хлопца на такі ўчынак, аднак ён у парыве агрэсіі два разы моцна ўдарыў па машыне. Урон, які панёс уладальнік транспартнага сродку, склаў тры мільёны рублёў. Узбуджана крымінальная справа, зламысніку пагражае да трох месяцаў арышту.

Нязваная госця

Жыхарка Лепеля, 1985 года нараджэння, прыехала ў вёску Старае Сяло, дзе пражывае яе айчым. Разбіўшы шкло, зладзейка пранікла ў хату, адкуль выкрала грошы і некаторыя каштоўныя рэчы на агульную суму тры мільёны рублёў. На гэтыя сродкі некалькі дзён гуляла з сяброўкай, не задумваючыся пра адказнасць за зробленае. Па факце крадзяжу ўзбуджана крымінальная справа, дзяўчыне пагражае да чатырох гадоў пазбаўлення волі.

К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *