1 сентября — День работников нефтяной, газовой и топливной промышленности

Благоустройство Ими гордятся К профессиональному празднику Наш современник Официально Экономика и малый бизнес

АД ГОДУ Ў ГОД ВА ЎСЕ КУТКІ НЯСУЦЬ КАМФОРТ ГАЗАВІКІ

Тэрыторыя раённага вытворчага ўпраўлення “Ушачырайгаз” з’яўляецца эталонным аб’ектам па добраўпарадкаванні сярод прадпрыемстваў і ўстаноў гарадскога пасёлка, а дзейнасць зладжанага калектыву прадпрыемства – прыкладам бездакорнага, якаснага абслугоўвання насельніцтва. На працягу апошніх гадоў РВУ “Ушачырайгаз” – адно з самых стабільных прадпрыемстваў нашага раёна, якое паспяхова вырашае пастаўленыя задачы. Менавіта дзякуючы намаганням яго работникаў мы можам прыгатаваць ежу, папесціцца ў цёплай ванне, абагрэць свой дом зімой і ў міжсезонне.

Асноўнай задачай газавікоў дырэктар філіяла РВУ “Ушачырайгаз” Аляксей Яўгенавіч Кавалёў лічыць безаварыйнае, надзейнае газазабеспячэнне насельніцтва раёна. З гэтай мэтай невялікі калектыў прадпрыемства дзякуючы сваёй мабільнасці і высокаму прафесіяналізму абслугоўвае вялікую гаспадарку: 3 газаразмеркавальныя і 9 шафавых рэгулятарных пунктаў, 3 падземныя ёмістыя ўстаноўкі ў Астравенцы, Вяркудах і Глыбачцы, 357 дамавых рэгулятараў, 7092 кватэры на звадкаваным і 2222 на прыродным газе, забяспечваюць блакітным палівам цэнтральную кацельню і эксплуатацыю больш 74 кіламетраў газавых сетак.
Гордасцю і безумоўным доказам прафесійнага майстэрства ўшацкіх газавікоў з’яўляецца мінулагодні ўвод у эксплуатацыю газавага кааператыву “Зарэчны” ў г.п.Ушачы, дзякуючы чаму каля 180 сямей адчулі перавагі карыстання прыродным газам. Адметнасць гэтага аб’екта ў тым, што ўсе работы па яго здачы былі выкананы на працягу аднаго каляндарнага года. Для таго, каб пусціць газ да пачатку ацяпляльнага сезона, работы пачаліся яшчэ зімой і былі скончаны да лістапада 2012 года. І калі пракладку газатрасы вялі прадстаўнікі іншых упраўленняў сістэмы УП “Віцебскаблгаз”, то падвод да дамоў, мантаж рабілі выключна сваімі сіламі. Гэта рэальны заробак прадпрыемства, бо на забеспячэнні жыхароў раёна балонным газам яно нясе вялікія страты. Пры наяўным кошце рэалізацыі насельніцтву балона газу па 48100 рублёў сабекошт яго складае 97774 рублі. Звычайна страты кампенсуюцца перакрыжаваным субсідзіраваннем за кошт таго, што цана выкарыстанага газу для прадпрыемстваў прамысловасці значна вышэй, чым для насельніцтва. Але ў нашым раёне, за выключэннем цэнтральнай кацельні г.п.Ушачы, няма прамысловых прадпрыемстваў-газакарыстальнікаў, дзякуючы якім філіялы Навалукомля, Лепеля, Полацка, Глыбокага і іншых раёнаў вобласці кампенсуюць страты ад гэтага віду дзейнасці. Таму выдаткі прадпрыемства па кампенсацыі розніцы кошту балоннага газу толькі за студзень-ліпень бягучага года склалі 549 мільёнаў рублёў. Вось і шукаюць нашы газавікі для памяншэння стратнасці аб’ёмы за межамі раёна, дапамагаюць на будаўніцтве газаправодаў і мантажы абсталявання калегам з Докшыц, Глыбокага, Лепеля, Гарадка. За мінулы перыяд бягучага года падключылі да прыроднага газу і 32 кватэры ў нашым раёне.
– Газавая сістэма пастаянна патрабуе кантролю, уважлівых адносін да сябе, – упэўнены дырэктар РВУ “Ушачырайгаз” А.Я.Кавалёў. – У нас няма “лішніх” людзей, усе службы працуюць зладжана. Наведаўшы нашу арганізацыю, вы не ўбачыце на тэрыторыі не занятых справай работнікаў. На варце спакою карыстальнікаў газу стаіць аварыйна-дыспетчарская служба, на долю службы эксплуатацыі падземных газаправодаў і збудаванняў прыходзіцца складаная праца па падтрымцы газаправодаў ў нармальным стане. Спецыфікай нашага раёна з’яўляецца павелічэнне за перыяд з мая па верасень амаль удвая колькасці карыстальнікаў балонным газам – на Ушаччыну прыязджаюць дачнікі. Нагрузка на экіпажы развозчыкаў кладзецца немалая, бывае 60 балонаў на адну машыну ў дзень, а гэта – больш трох тон грузу, перанесенага на плячах у любое надвор’е, часам па бездарожжы і на немалыя адлегласці. Сістэмна арганізуюць работу галоўны інжынер і майстры, аператыўна працуюць слесары на будаўніцтве і мантажы, вадзіцелі, бухгалтарска-эканамічны блок упраўлення.
Асаблівую ўвагу ва “Ушачырайгазе” надаюць зваротам грамадзян, уменню працаваць з імі. Асноўная іх тэма – газіфікацыя жылых дамоў. “Абанент і карыстальнік для нас заўжды правы, улічваем усе пажаданні і прапановы грамадзян, толькі калі гэта не супярэчыць бяспецы жыцця і здароўя людзей”, – кажа А.Я.Кавалёў. Пытанням аховы працы і навучанню грамадзян бяспечнаму карыстанню газам тут надаецца вялікая ўвага. Так як і пытанням прафесійнай падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі работнікаў філіяла. Наогул, усе рабочыя “Ушачырайгаза” валодаюць адной або некалькімі сумежнымі прафесіямі, што дазваляе пры вытворчай неабходнасці падмяніць чалавека, які, напрыклад, захварэў. Зараз вядуць падрыхтоўку спецыялістаў, якія будуць абслугоўваць газавыя катлы “Альфа-Колор” і “Виктори” айчыннай вытворчасці, таму, як падкрэсліў Аляксей Яўгенавіч, пры набыцці газавых катлоў варта надаваць перавагу менавіта гэтым маркам: ушацкія газавікі забяспечаць іх устаноўку і эксплуатацыю.
Кіраўніцтва філіяла ўпэўнена: галоўнае на прадпрыемстве – людзі. Улічваючы тое, што асноўная частка спецыялістаў і рабочых упраўлення працуе ў непасрэдным кантакце з насельніцтвам, вялікая ўвага пры прыёме на работу надаецца камунікабельнасці працаўнікоў, іх чалавечым якасцям. Неабходна адзначыць, што калектыў РВУ “Ушачырайгаз” даволі малады, да іх ахвотна ідуць спецыялісты і рабочыя ўсіх узроўняў. Годныя зарплаты, умовы працы і адпачынку, пануючыя ўзаемаразуменне і ўзаемавыручка прыцягваюць людзей у гэты калектыў, які амаль на тры чвэрці складаецца з мужчын. Але 11 жанчын філіяла не толькі старанна спраўляюцца з непасрэднымі абавязкамі на працоўным месцы, але і сваімі рукамі ствараюць тую прыгажосць, тую кветкавую феерыю, што пануе ля адміністрацыйнага будынка і на вытворчай тэрыторыі прадпрыемства. У гэтым годзе філіял “Ушачырайгаза” заняў 11 месца ў конкурсе добраўпарадкавання тэрыторыі сярод 21 упраўлення УП “Віцебскаблгаз”. Улічваючы канкурэнцыю сярод прадпрыемстваў галіны – гэта станоўчы вынік.
А вось сярод мужчын, якія былі заняты на добраўпарадкаванні А.Я.Кавалёў адзначае зваршчыка Мікалая Мікалаевіча Пінчука, рукамі якога створаны ля будынка райгаза цікавыя металічныя архітэктурныя формы: альтанка, карэта, лесвіца, кампазіцыі вертыкальнага азелянення і шмат чаго іншага. М.Пінчук, як і вадзіцелі Мікалай Андрэевіч Захарэнка, Васіль Іванавіч Аўдошка, хутка пойдуць на заслужаны адпачынак, іх месцы зойме моладзь, якая будзе працягваць традыцыі ўшацкіх газавікоў, працаваць не менш сумленна, дысцыплінавана і адказна.
Заслугі працаўнікоў прадпрыемства штогод адзначаны на розных узроўнях. Сёлета Ганаровай граматай УП “Віцебскаблгаз” да прафесійнага свята Дня работнікаў нафтавай, газавай і паліўнай прамысловасці ўзнагароджаны вадзіцель аварыйна-дыспетчарскай службы Андрэй Васільевіч Мялешка, Ганаровай граматай РВУ “Ушачырайгаз” – майстар Ігар Уладзіміравіч Швейкус. Падзяка галаўнога прадпрыемства аб’яўлена галоўнаму бухгалтару Галіне Мікалаеўне Віткоўскай, падзяка філіяла – слесару Аляксандру Мікалаевічу Дразду, электрагазазваршчыку Юрыю Уладзіміравічу Саўчанку, прыёмшчыцы заказаў Галіне Пятроўне Лёлі. На Дошку гонару РВУ “Ушачырайгаз” занесены прозвішчы вадзіцеляў Васіля Іванавіча Аўдошкі і Уладзіміра Аляксандравіча Церашкевіча, старшага майстра Андрэя Вітальевіча Галяковіча, машыніста экскаватара Аляксея Міхайлавіча Малатка, кладаўшчыка Алены Фёдараўны Шарыпы, галоўнага бухгалтара Галіны Мікалаеўны Віткоўскай. Па словах кіраўніка райгаза, кожны з работнікаў яго прадпрыемства дастойны гэтай павагі: “Яшчэ рана падводзіць вынікі, да канца года далёка, але ні да аднаго з работнікаў у мяне няма істотных заўваг”.
Дарэчы, прозвішча дырэктара філіяла РВУ “Ушачырайгаз” Аляксея Яўгенавіча Кавалёва сёлета занесена на Дошку гонару УП “Віцебскаблгаз”. Кіраўнік прадпрыемства ўпэўнены: “Гэта заслуга ўсіх працаўнікоў райгаза. Дырэктара адзначаюць за выкананне планавых заданняў, за паказчыкі, а яны выконваюцца стараннай працай усяго нашага дружнага калектыву…”
Напярэдадні прафесійнага свята жадаем работнікам філіяла РВУ “Ушачырайгаз” моцнага здароўя, дабрабыту і безаварыйнай работы.
Са святам, газавікі!

СТАРЭЙШЫ Ў ВЫДАТНАЙ ДЫНАСТЫІ

У свеце існуе мноства заняткаў. Але для чалавека важней усяго той, што яго корміць, які прыносіць карысць і яму, і людзям. Калі прафесія перадаецца ад бацькі да сына, ад старэйшага брата да малодшага, тады сям’я жыве адной агульнай справай і можа горда называць сябе дынастыяй. Менавіта ў такіх сем’ях вернасць абавязкам, любоў да людзей і аўтарытэт да прафесіі прывіваюцца з дзяцінства, менавіта гэтыя якасці ляжаць у аснове выхавання моладзі.

Старэйшы з пяці братоў Аўдошкаў, Васіль Іванавіч, вадзіцель філіяла РВУ “Ушачырайгаз” зімой гэтага года будзе адзначаць юбілей – 60 гадоў з дня нараджэння. З’явіўся на свет В.Аўдошка ў вёсцы Заазер’е цяперашняга Ушацкага сельсавета, што недалёка ад Матырына. Як і многія яго мясцовыя аднагодкі Васіль Іванавіч атрымаў правы пасля заканчэння Ветрынскага СПТВ-13, аўтамабіль вадзіў ужо падчас службы ў арміі, пасля звальнення ўладкаваўся шафёрам у калгас “Прагрэс”, дзе вадзіцелем працаваў яго бацька.
У працоўнай кніжцы мужчыны ўсяго два запісы: пачынаў прафесійную дзейнасць у калгасе “Прагрэс”, а з 1987 года і па сённяшні дзень працуе вадзіцелем ва Ушацкай газавай гаспадарцы. Па прыкладзе бацькі і старэйшага брата звязалі свой лёс з нялёгкай аўтасправай і малодшыя браты В.Аўдошкі. Усе яны працуюць вадзіцелямі на прадпрыемствах нашага раёна: Уладзімір – у ДЭУ-37, Іван – у ДРБУ-105, Анатоль – у раёне электрычных сетак, а Аляксандр – разам са старэйшым братам у філіяле РВУ “Ушачырайгаз”. Але ў калектыве райгаза памятаюць недалёкія часы, калі тут працавалі адразу чатыры браты Аўдошкі, а таксама і пляменнік Васіля Іванавіча Максім (зараз ён – супрацоўнік Ушацкага РАУС).
З пачатку сваёй дзейнасці ў сістэме газавай гаспадаркі В.Аўдошка працаваў на трале, вазіў балоны з Полацка. Зараз Васіль Іванавіч разам з братам Аляксандрам заняты на развозцы балонаў, адказваюць за забеспячэнне газам сельскіх жыхароў.
За гады працы мянялася жыццё, структура прадпрыемства, пайшлі з жыцця бацькі, адправілася на заслужаны адпачынак жонка, выраслі дзве дачкі і сын, які праўда вадзіцелем не стаў. Васіль Іванавіч з добрага шафёра ператварыўся ў суперпрафесіянала, заваяваў давер і павагу калег і зараз дзеліцца прафесійным майстэрствам з маладым пакаленнем – перадае свой вопыт напарніку Сяргею Пацэйку, які толькі другі год працуе ў філіяле. Сплаў маладосці і вопыту – так называе гэты тандэм дырэктар філіяла А.Я.Кавалёў.
Ушацкі раён Васіль Іванавіч ведае як сваіх пяць пальцаў, памятае на дарогах літаральна ўсе павароты і выбоіны, а кожны раз, выязджаючы на маршрут, як быццам адкрывае яго наноў…
За добрасумленную працу і высокае майстэрства Васіль Іванавіч Аўдошка неаднаразова адзначаўся кіраўніцтвам райгаза і УП “Віцебскаблгаз”, сёлета яго прозвішча занесена на Дошку гонару прадпрыемства.

Д.РАМАНОЎСКІ.

На здымках: Работнікі РВУ “Ушачырайгаз” В.Аўдошка і С.Пацэйка; А.Малаток, А.Шыхель, Ю.Саўчанка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *