Старейшина деревни Городец Валентина Валейтёнок — одна из лучших представителей органов местного самоуправления

Благоустройство Зваротная сувязь Наш современник Саветы і жыццё Экономика и малый бизнес

Аб былой велічы вёскі Гарадзец Жарскага сельсавета зараз напамінае бадай што вуліца, якая цягнецца больш чым на два кіламетры. Але вёску не назавеш і выміраючай, бо аблюбавалі гэты маляўнічы куточак Ушаччыны дачнікі, сюды, на малую радзіму, вяртаюцца ўраджэнцы гэтых мясцін. Вяртаюцца не “дажываць”, а працягваць паўнацэннае, дзейснае жыццё – так як Валянціна Пятроўна Валяйцёнак, старэйшына вёскі, якая ў прамым і пераносным сэнсе наводзіць масты і аб’ядноўвае людзей для агульнай працы на карысць усіх жыхароў вёскі.

– Кладка праз раку ў канцы вёскі была заўсёды, колькі я сябе помню, – расказвае Валянціна Пятроўна. – І ў школу па ёй хадзілі, і ў магазін, і на аўтобусны прыпынак у Ідуту. Яе часта рамантавалі, але згнілі апоры, і паўстала пытанне аб будаўніцтве новай. Звярнуліся за дапамогай у Жарскі сельвыканкам, але і самі прынялі актыўны ўдзел у зборы нехапаючых сродкаў. Трэба спадзявацца ў першую чаргу на саміх сябе…

Можна сказаць, што да сумеснага вырашэння агульных пытанняў жыццядзейнасці жыхароў Гарадца Валянціна Пятроўна прывучыла. Па словах старшыні Жарскага сельвыканкама Святланы Цімафееўны Міхейкі са зборам сродкаў самаабкладання тут ніколі не ўзнікае праблем. Вось і ў зборы грошай для будаўніцтва новага мастка праз раку Ушача, што значна скарачае шлях вяскоўцам, якія жывуць на адным канцы вёскі, прынялі ўдзел усе, а не толькі той, хто ў гэтым “кроўна” зацікаўлены. Ніхто не адмовіўся, да ўсіх вяскоўцаў і дачнікаў змагла данесці старэйшына неабходнасць справы. “Пятроўна, колькі трэба?” – вось такія адносіны людзей дазволілі старэйшыне сабраць больш двух мільёнаў рублёў.

– У нашай вёсцы людзі неабыякавыя, – расказвае Валянціна Пятроўна. – Калі збірала грошы, памер узносаў не вызначалі – давалі хто колькі мог, бо людзі рознага дастатку. Дачнікі ўносілі больш: і па 100, і па 120 тысяч. Адно толькі, што “знайсці” іх складана – не ўсе пастаянна прыязджаюць. Нават наш літовец Альгерс, які вельмі рэдка наведваецца, і той прыняў удзел.

Справу аднаўлення мастка Валянціна Пятроўна задумала даўно. Сельвыканкам выдзеліў грошы для набыцця лесу, які прывезлі з Вялікадолецкага лясніцтва. Ператварыў яго ў неабходныя піламатэрыялы на ўласных станках Юрый Мікалаевіч Нічыпар, гаспадар мясцовай сялянска-фермерскай гаспадаркі “Звонь”, які заўсёды аказвае дапамогу вяскоўцам у апрацоўцы агародаў, падвозе дроў і іншых пытаннях. “Вельмі добры і чулы чалавек”, – так характарызуе фермера В.П.Валяйцёнак. Работнікі гэтай гаспадаркі пад непасрэдным кіраўніцтвам Ю.М.Нічыпара і будавалі масток, які ў выніку стаў даўжэй у паўтара раза – каля 40 метраў. Паказала мне Валянціна Пятроўна і закупленую хімічную прапітку, якой для даўгавечнасці апрацуюць канструктыўныя элементы мастка вясной. “На зіму гэта рабіць няма сэнсу”, – з веданнем справы кажа старэйшына. Сабраныя грошы пайшлі таксама на цвікі і аплату працы рабочым.

Наступнае надзённае пытанне старэйшыны, “на перспектыву”, як кажа Валянціна Пятроўна – адсыпка дарогі ў тым жа канцы вёскі, дзе зрабілі новы масток.

– На гэтым ускрайку вёскі недалёка ад ракі ёсць некалькі ўчасткаў, якія можна прадаць з аўкцыёну, – дзеліцца планамі старшыня сельвыканкама С.Ц.Міхейка. – Ужо прыязджалі патэнцыяльныя пакупнікі. Вось у гэтым годзе дарогу адрамантуем, у тым ліку і з ахвяраваннямі жыхароў вёскі, і з цягам часу ў гэтым баку вёскі будзе парадак не горшы чым на ўездзе.

Па праўдзе кажучы, сказаць, што ў гэтым населеным пункце дзесьці яго няма, не павернецца язык. Сядзібы тут дагледжаныя, ёсць участкі з адмысловымі элементамі добраўпарадкавання, дзесьці трэба абкасіць, але ў цэлым вёска вылучаецца чысцінёй і ўтульнасцю, у чым несумненная заслуга старэйшыны.

Наогул, дзейнасць старшыні вясковага самакіравання Гарадца, яе ініцыятыўнасць, адносіны з жыхарамі і цесны кантакт з мясцовымі органамі ўлады з’яўляюцца яскравым прыкладам сумеснага вырашэння праблем жыццядзейнасці вяскоўцаў, дзе ўлічваюцца не толькі жаданні грамадзян, а разумна выкарыстоўваюцца і іх сумесныя магчымасці – на агульную карысць чалавека і грамадства.

Д.РАМАНОЎСКІ.



1 комментарий по теме “Старейшина деревни Городец Валентина Валейтёнок — одна из лучших представителей органов местного самоуправления

  1. А вот наш мосток через Ушачку совсем обветшал и приходит в негодность Так и до беды недалеко Перила сломаны (можно поскользнуться и упасть или на лед или в речку ) Настил чередуется с отсутствием такового (нога поскользнется в пустоту и тут уж варианты от ушиба и растяжения до перелома закрытого а может даже и открытого )

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *