40 лет работает в детском саду №1 г.п.Ушачи Надежда Петровна Мелешко

Экономика и малый бизнес

Прафесія педагога ва ўсе часы была ганаровай, але ў той жа час нялёгкай. Уменне знайсці падыход да кожнага дзіцяці, наладзіць з ім кантакт, арганізаваць работу – вялікі талент. Менавіта такім педагогам з’яўляецца Надзея Пятроўна Мялешка, увесь працоўны шлях якой прайшоў у яслях-садзе №1 г.п.Ушачы. Сёлета нашай установе спаўняецца 40 гадоў – роўна столькі ж тут і адпрацавала Надзея Пятроўна, з іх 25 – на пасадзе намесніка загадчыка па асноўнай дзейнасці, а з 2013-га года яна з’яўляецца педагогам-псіхолагам у нашай установе. Не адзін год адпрацавала непасрэдна выхавальнікам. На любой з гэтых пасад яна ўвесь час укладвала ўсю душу ў работу і, безумоўна, ні на адной з іх лёгка не было, асабліва з самымі маленькімі выхаванцамі.

Кожны педагог памятае цяжкасці, з якімі прыходзілася сутыкацца ў пачатку працоўнай дзейнасці. Як арганізаваць гульню, як сабраць няўстойлівую ўвагу малышоў і правесці заняткі, як пакласці спаць?.. Мноства пытанняў і праблем у навічка-педагога ўзнікае на практыцы. У такія хвіліны Надзея Пятроўна як ніхто ўмела падтрымлівае і дае карысную параду. Здаецца, што ўжо як дэвіз гучалі і гучаць зараз яе словы ў такіх выпадках: “У цябе ўсё атрымаецца!”. У кожным педагогу яна цэніць індывідуальнасць, умее разгледзець талент і дапамагчы развіць яго. А заўсёды добры настрой і цёплая ўсмешка надае ўпэўненасці ў няпростых сітуацыях. Трэба адзначыць, што Н.П.Мялешка і выдатны арганізатар! З лёгкасцю згуртуе калектыў і зарыентуе яго на дасягненне любой мэты.

Прыемна, што дзейнасць аднаго з самых вопытных педагогаў нашай установы не застаецца незаўважанай – за добрасумленную і бездакорную працу жанчына не раз адзначалася граматамі розных узроўняў, у тым ліку і Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Днямі Надзея Пятроўна адзначыла свой юбілей. Ад імя ўсяго калектыву хочацца павіншаваць гэтую цудоўную  жанчыну. Упэўнена, што яе педагагічны талент, дабрыня і душэўная шчодрасць яшчэ доўга будуць заставацца маяком і прыкладам для ўсіх педагогаў нашага калектыву.

С.УШАКОВА, загадчыца ясляў-сада №1 г.п.Ушачы.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *