Юрист Ушачского райсельхозпрода Анна Кандрацкая курирует работу всех правоведов отрасли сельского хозяства

К профессиональному празднику Сельское хозяйство Экономика и малый бизнес

Быццам бы і кабінетная праца ў галоўнага спецыяліста райсельгасхарча Ушацкага райвыканкама Ганны Генадзьеўны Кандрацкай, але застаць яе там сталася нялёгкай справай. У адзін дзень яна накіравалася ў Віцебск на інфармацыйна-прававую канферэнцыю, якая праводзілася па ініцыятыве Вышэйшага гаспадарчага суда, наступны рабочы дзень быў прысвечаны ўдзелу ў нарадзе Віцебскага аблсельгасхарча. Таму сустрэцца з Ганнай Генадзьеўнай на працы я змог увечары, бо ўдзел у розных прававых семінарах, канферэнцыях не вызваляе яе ад асноўнай дзейнасці, з-за чаго часта прыходзіцца затрымлівацца вечарам на рабочым месцы, а то і браць работу дамоў.

Гледзячы на гэтую маладую жанчыну неяк і не адразу верыцца, што яе працоўны стаж разам з вучобай складае больш 15 гадоў, увесь – у нашым раёне, які для ўраджэнкі Дзісны стаў сваім. Спачатку хацела Ганна Генадзьеўна, як і сястра-блізняці, паступіць у Полацкі лясны тэхнікум, каб звязаць жыццё з лясной гаспадаркай, бо бацька ўсё жыццё адпрацаваў у Дзісненскім лясгасе.

— З сястрой мы і зараз падобныя, а ў дзяцінстве нас настаўнікі ў школе, наогул, не маглі адрозніць, — смяецца Ганна Генадзьеўна. – Хоць і сорамна зараз прызнацца, але быў выпадак, калі ў мяне выходзіла спрэчная адзнака за чвэрць па фізіцы, то адказвала сястра, а ацэньвалі мяне.

Кажуць, што ў блізнят і лёсы падобныя. Рознымі шляхамі ішлі да набыцця прафесіі сёстры, у розных сферах вытворчасці – а ў выніку ўсё роўна абедзве сталі юрыстамі. Сястра хоць і звязала жыццё з лясной гаспадаркай, усё ж і ёй давялося вывучыцца на юрыста, так як для работы спецыяліста па кадрах Дзісненскага лясгаса патрэбна юрыдычная адукацыя. Сама Г.Кандрацкая з чырвоным дыпломам скончыла ў 2000 годзе Полацкі сельскагаспадарчы каледж і 1 жніўня была размеркавана ва Ушацкі раён. Размеркавання магло і не быць, бо спачатку вучылася дзяўчына платна, але за выдатную паспяховасць яе ўжо праз паўгода перавялі на бюджэтную форму навучання. Працоўны шлях Г.Кандрацкая пачала юрысконсультам калгаса “Дружба”, дзе на міжгаспадарчай аснове абслугоўвала і іншыя сельгаспрадпрыемствы раёна, бо юрыстаў там не было. Практыка дапамагала ёй паспяхова вучыцца ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.М.Машэрава, які Ганна Генадзьеўна скончыла ў 2006 годзе, атрымаўшы вышэйшую адукацыю.

З 14 лютага 2003 года маладога юрысконсульта забралі ва ўпраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання Ушацкага райвыканкама. Даты пераходу з адной пасады на іншую Ганна Генадзьеўна называе адразу, гэта прафесійнае, бо з 2004 года дадаткова вядзе і кадравую работу, якую ёй увялі ў і без таго вялікія абавязкі юрыста.

Ва Ушачах знайшла Ганна Генадзьеўна сваю другую палавінку, стварыла сям’ю і нарадзіла дачушку. Праўда ў дэкрэтным водпуску была толькі паўгода, становішча прымусіла неўзабаве зноў прыступіць да працы. Змяняліся назвы пасады – цяпер гэта быў галоўны спецыяліст па рэфармаванні аграпрамысловага комплексу і прававой рабоце, з 2007 года — галоўны спецыяліст райсельгасхарча, але не змянілася сутнасць працы. Ганне Генадзьеўне даводзіцца весці справаводства па разглядзе прапаноў, заяў і зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб, ажыццяўляць арганізацыю і каардынацыю работ па правядзенні працэдуры банкруцтва прадпрыемстваў АПК, распрацоўваць праекты дагавораў вытворча-гаспадарчай дзейнасці сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Займаецца Ганна Генадзьеўна і забеспячэннем падбору і накіравання на вучобу ў сельскагаспадарчыя навучальныя ўстановы моладзі, кантралюе прыбыццё на працу маладых спецыялістаў, выпускнікоў, адказвае за іх працаўладкаванне і робіць шмат чаго іншага. Наогул, можна сказаць, што яна курыруе працу ўсіх спецыялістаў па кадрах і юрыстаў сельгаспрадпрыемстваў, якія вельмі часта звяртаюцца да яе за парадай.

Шмат у Г.Кандрацкай і іншых дадатковых нагрузак, што ў службовыя абавязкі не ўваходзяць, але адукацыя дазваляе іх выконваць, бо для таго, каб атрымаць дыплом па спецыяльнасці “правазнаўства”, давялося вучыць і судаводства, і крыміналістыку з крыміналогіяй, усе віды грамадзянскага права. Дзейнасць яе выходзіць далёка за межы сельскагаспадарчай галіны. Паказала мне Ганна Генадзьеўна пасведчанне народнага засядацеля суда, якім яна з’яўляецца з 2006 года. На розных справах даводзілася прысутнічаць маладому юрысту, але асабліва запомніліся працэсы па фактах забойства і крадзяжоў, здзейсненых непаўналетнімі. Калі выбіралі старшыню жыллёва-будаўнічага кааператыва №9, то выбары былі безальтэрнатыўныя – аднагалосна прагаласавалі за Г.Кандрацкую.

За работай і грамадскай нагрузкай зусім нямнога застаецца вольнага часу, які Ганна Генадзьеўна прысвячае сваёй сям’і і кветкам. Іх шмат у кабінеце, дома і на дачы.

— Розы на зіму непрыкрытыя, сяджу вось і перажываю, але дадому пайсці не магу, пакуль не скончу справаздачу, – усміхаецца Г.Кандрацкая.

На гадзінніку 19.30, а Ганна Генадзьеўна дамоў не збіраецца, бо акрамя справаздачы неабходна падрыхтавацца да заўтрашняй нарады, перагледзіць бягучыя справы. У яе працы нават невялікая памылка ў рашэнні або дагаворы можа выклікаць вялікія страты і прынесці сур’ёзныя непрыемнасці. Таму і прывучыла сябе Г.Кандрацкая з першых дзён працы да адказнасці, уважлівасці і дысцыпліны. Інакш неяк, бо вынік яе работы з’яўляецца прававым гарантам дзейнасці адной з асноўных галін гаспадаркі ўсяго раёна.

Д.РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *