В Ушачах состоялся смотр-конкурс художественной самодеятельности филиалов УП «Витебскоблгаз»

Мир увлечений Экономика и малый бизнес

Калі б хто недасведчаны зазірнуў у чацвер мінулага тыдня ва Ушацкі РДК – рашыў бы, напэўна, што да нас завітала суперзорка сусветнага маштабу – у зале былі заняты не толькі ўсе крэслы, але і “стаячыя” месцы. Насамрэч такі аншлаг выклікалі простыя слесары і вадзіцелі, дыспетчары і бухгалтары, якія па творчым майстэрстве дадуць фору многім прафесіяналам – Ушачы прымалі ўдзельнікаў занальнага агляду-конкурсу мастацкай самадзейнасці філіялаў УП “Віцебскаблгаз”.

На суд гледачоў свае нумары прадставілі каманды з пяці раёнаў. Ацэньвала выступленні аўтарытэтнае журы, у склад якога ўвайшлі старшыня Ушацкага райвыканкама В.В.Родзіч, кіраўнікі ўпраўленняў, а ўзначальваў яго генеральны дырэктар “Віцебскаблгаза” П.П.Шэршань. Формула творчага спаборніцтва была простая: кожны філіял дэманстраваў некалькі нумароў, а журы выбірала адзін з іх для паказу на фінальным этапе агляду-конкурсу.

Шмат нумароў было прысвечана тэме Вялікай Айчыннай вайны: уразліва і пранікнёна выступіў мужчынскі хор з Дуброўна, а калі сваю песню спявала Ганна Шурпік з Глыбокага, на вачах у многіх гледачоў заблішчэлі слёзы. Гэтыя нумары былі прызнаны лепшымі.

Ушачане вельмі цёпла прымалі ўсіх канкурсантаў. Не раз апладысментамі і смехам узрывалася зала падчас выступлення лепельскіх райгазаўцаў: прычым, меркаванні журы цалкам супалі з сімпатыямі гледачоў – лепшым быў прызнаны гумарыстычны нумар “Удумала маці мяне ажаніці”. Дарэчы, у выканаўцы галоўнай ролі мы нечакана пазналі Цімура Прускага, які ў нядаўнім мінулым працаваў інспектарам Лепельскай міжраённай інспекцыі па ахове працы (нашы чытачы ведаюць яго па шматлікіх публікацыях у “Патрыёце”). “Уладкаваўся ў РВУ “Лепельрайгаз” летась пасля скарачэння і зусім аб гэтым не шкадую. Ну а творчыя здольнасці ў мяне былі заўсёды. Хацеў яшчэ вакальны нумар паказаць, ды, на жаль, колькасць выступленняў абмежавана”, – не хаваў добрага настрою ад візіту на Ушаччыну Цімур Артыкбаевіч. Таксама жартоўным быў лепшы нумар талачынцаў – танец “Кошкі” ў выкананні абаяльных работніц мясцовага філіяла.

Ну і, канечне, не засталіся без важкай порцыі апладысментаў ушацкія райгазаўцы. Прыгожа прагучала ў выкананні хору беларуская народная песня “Ночка цёмная”. Мужчынская вакальная група бойка праспявала знакаміты хіт “У нас, маладых”. Высокі ўзровень свайго выканаўчага майстэрства пацвердзіла Раіса Шыханцова. Ну а лепшым нумарам нашых землякоў, на думку журы, стала выступленне Вольгі Пугачовай: задорную песню “Я сама” яна ўдала суправадзіла эфектным усходнім танцам.

Падводзячы вынікі канцэрта, П.П.Шэршань шчыра падзякаваў ушачанам за гасціннасць, цікавасць да конкурсу і добрую яго арганізацыю. Асобныя цёплыя словы ён выказаў у адрас В.В.Родзіча: “Калі старшыня райвыканкама наведвае такія мерапрыемствы – значыць, культуры ў раёне быць!”.

Н.БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *