Повышение возраста вступления в брак, рост количества разводов и внебрачных рождений детей характеризуют демографические изменения в Ушачском районе в последнее время

Демография

Павышэнне ўзросту ўступлення ў шлюб, павелічэнне колькасці разводаў і пазашлюбных нараджэнняў – такія дэмаграфічныя змены назіраюцца апошнім часам у нашым раёне. Падрабязней пра гэта расказвае начальнік аддзела загса Ушацкага райвыканкама Алена Мікалаеўна МАЛАШЧАНКА:

— Сітуацыю з рэгістрацыяй шлюбаў на Ушаччыне назваць крытычнай нельга. У 2013 годзе марш Мендэльсона прагучаў для 134 новых сямейных пар, што на 21 больш, чым у 2012-м. У той жа час павялічылася колькасць шлюбаў, якія для аднаго ці абаіх маладых быў паўторным, – амаль кожная другая рэгістрацыя. Сярэдні ўзрост жаніхоў склаў 29 гадоў (у 2012-м – 28), а вось сярэдні ўзрост нявест, наадварот, зменшыўся з 27 да 26. Самай жа маладой нявестай стала 16-гадовая дзяўчына, а самым маладым жаніхом 18-гадовы юнак. Народнае выслоўе “каханню ўсе ўзросты падуладныя” пацвердзілі самыя старэйшыя ўшачане, якія пажадалі афіцыйна аформіць свае адносіны: у жаніха ў пашпарце значылася 86 гадоў, а ў нявесты – 77.

Асноўную частку шлюбаў, заключаных у 2013 годзе, традыцыйна складалі пары, у якіх узрост жаніха перавышаў узрост нявесты. Аднак адваротная сітуацыя адзначалася ў больш чым 20 працэнтах выпадкаў рэгістрацыі новых ячэек грамадства. Прычым, узроставая розніца на карысць нявесты складала ад 1 да 12 гадоў. Зарэгістраваны адзін шлюб з удзелам непаўналетніх, шэсць – з замежнымі грамадзянамі (па два – з грамадзянамі Расійскай Федэрацыі і Украіны, па адным – з грамадзянамі Малдовы і Арменіі).

Па-ранейшаму вострай застаецца праблема нетрываласці iнстытута сям’i. Калі гады тры-чатыры таму ва Ушацкім раёне распадаўся прыкладна кожны трэці афіцыйна заключаны шлюб, то зараз – ужо кожны другі. За 2013 год ва Ушацкім раёне амаль кожнае сёмае дзіця з’явілася ў матуль, якія не знаходзяцца ў законным шлюбе. Прычым, у сельскай мясцовасці ў няпоўных сем’ях нарадзіўся кожны пяты малыш, у гарадской мяжы – кожны восьмы.

Як паказваюць вынікі даследаванняў, на разлад у сем’ях беларусаў аказваюць уплыў няўстойлівае матэрыяльнае становішча, недастатковы ўдзел мужчын у выхаванні сваіх дзяцей, пераразмеркаванне гендэрных роляў, хатнія абавязкі і, канечне ж, п’янства. На жаль, многія пары, ідучы ў загс, успрымаюць такое сваё рашэнне ўсяго як спробу: “падумаеш, калі не атрымаецца – разбяжымся”. Дарэчы, аформіць развод хутка і без асаблівых праблем (пры ўмове адсутнасці дзяцей і грашовых прэтэнзій) дазваляе дзеючае ў краіне заканадаўства.

У кожнай гісторыі – свае прычыны, свая праўда. Аднак ва ўсе часы на першым плане пры стварэнні сям’і былі адказнасць, уменне цярпець, дараваць, дапамагаць, адным словам – любіць. І гэтае высакароднае, прыгожае пачуццё трансфармавацца не павінна!

Падрыхтавала К.КАВАЛЕЎСКАЯ

У краінах Еўрасаюза паказчык разводаў на 1000 жыхароў складае 2,1. Найбольшы ён у Бельгіі, Чэхіі, Літве (амаль 3,0), найменшы – у Італіі, Ірландыі, Македоніі, Мальце (менш за 1,0), а ў Беларусі – аж 3,8 (другі паказчык пасля Расіі).

Па статыстыцы, часцей за ўсё зараз разводзяцца маладыя пары, шлюб якіх зарэгістраваны год-чатыры таму. Дарэчы, на гэты крок часцей ідуць жыхары Мінскай і Віцебскай абласцей, самыя ж моцныя сем’і – у Брэсцкай і Гродзенскай.

У Беларусі 3,5 працэнта мужчын і 4,3 працэнта жанчын на момант свайго 50-годдзя ні разу не знаходзіліся ў шлюбе. А для 25 працэнтаў незамужніх 40-гадовых прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва няма свабодных мужчын адпаведнага ўзросту



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *