Работники физической культуры спорта Ушачского района отметили профессиональный праздник.

Cпорт К профессиональному празднику

Задорныя гукі спартыўных мелодый запрашалі суботняй раніцай на стадыён Ушацкай сярэдняй школы ўсіх, хто не ўяўляе жыцця без упартых трэніровак і хвалюючых стартаў — у гарпасёлку праходзіла свята, прысвечанае Дню работнікаў фізічнай культуры і спорту.

Пачалася ўрачыстасць з узняцця сцяга Рэспублікі Беларусь — ганаровае права зрабіць гэта атрымалі ўдзельнікі свята, спартыўныя дасягненні якіх яшчэ наперадзе. Аднак вызначыцца яны ўжо паспелі: вучні 1 «А» класа Ушацкай СШ Даша Бабянок, Даша Аваднёва, Акім Дзямешка, Глеб Правада і Ягор Обух разам са сваёй настаўніцай Надзеяй Леанідаўнай Губко сталі пераможцамі абласнога тура рэспубліканскага творчага конкурсу вершаў «Сочы — алімпійская гісторыя Беларусі», які праводзіла Прадстаўніцтва НАК Рэспублікі Беларусь у Віцебскай вобласці. Аб тым, якое значнае месца займаюць фізічная культура і спорт у палітыцы нашай дзяржавы, аб выдатных традыцыях ушацкіх спартсменаў расказала ў прывітальным слове старшыня раённага Савета дэпутатаў Вольга Мікалаеўна Захарэнка. За прапаганду алімпійскага руху грамату аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама атрымала ўстанова адукацыі «Яслі-сад №3 г.п.Ушачы» (загадчыца — Святлана Іванаўна Лёля). Намеснік начальніка аддзела Святлана Уладзіміраўна Аўдошка таксама ўручыла граматы кіраўнікам фізічнага выхавання дзіцячых ясляў-садоў №№2 і 4 Алене Аляксандраўне Банеўскай і Але Пятроўне Сынковай. За паспяховую работу па фізічным выхаванні вучняў граматамі былі адзначаны настаўніца пачатковых класаў Ушацкай СШ Надзея Леанідаўна Губко, настаўнікі фізічнай культуры і спорту Віктар Іванавіч Акулёнак (Ільюшынская СШ), Віталь Васільевіч Карабань (Плінская СШ), Уладзімір Мікалаевіч Качко (Арэхаўская СШ), Уладзімір Мікалаевіч Лапіцкі (Вялікадолецкая СШ), Аляксандр Сяргеевіч Тарасеня (Ушацкая СШ).

Пасля ўрачыстай часткі дарослыя і дзеці разышліся па пляцоўках, дзе былі наладжаны розныя захапляльныя спаборніцтвы. Самым вясёлым і шумным з іх была, несумненна, спартландыя з удзелам вучняў пачатковых класаў і іх бацькоў. «Сын Данік удзельнічае ў футбольным турніры, так што прыйшлося мне яго замяніць у камандзе класа», — з усмешкай пракаменціраваў свой удзел у спартландыі Сяргей Буракоў. Ну а каманду сапернікаў умацаваў тата Андрэй Стрыжонак. Не засталіся ў баку і мамы: шчыра хварэлі за ўдзельнікаў Таццяна Матвеенка і Ніна Крыскевіч. Вынікам спартландыі засталіся задаволены ўсе, тым больш што акрамя грамат камандам былі ўручаны важкія салодкія прызы ад аддзела адукацыі, спорту і турызму.

Упарта і цікава праходзіла турыстычная эстафета, удзел у якой прынялі старэйшыя вучні. Шматэтапнае спаборніцтва праверыла школьнікаў на хуткасць, спрыт і трапнасць.

У праграме свята прайшлі таксама турніры па армрэстлінгу, перамогу ў якім атрымаў Улад Пузатка, шахматах, дзе першынстваваў Аляксандр Крацёнак, дартсе (пераможца — Леанід Давыдаў), стральбе — тут лепшы вынік паказаў Віктар Акулёнак, і, канечне, гульні нумар 1 — футболе. Дарэчы, менавіта гэты від спорту нараўне з дзюдо лічаць любімым у сям’і Фядосенка, якую можна назваць адной з самых спартыўных у нашым раёне — вось і на гэтым свяце былі прадстаўнікі адразу трох яе пакаленняў. «Калісьці адчуваў гонар за сына Рамана, які першым з выхаванцаў футбольнага аддзялення нашай ДЮСШ быў залічаны ў Віцебскае вучылішча алімпійскага рэзерву, за нявестку Святлану, якая перамагала саперніц на татамі, зараз спартыўную эстафету падхапілі ўнукі: мае ўсе шансы вырасці ў добрага футбаліста Мікіта, якому ў камандзе даверылі павязку капітана, з задавальненнем асвойвае азы дзюдо другакласніца Каця», — расказвае галава сям’і Мікалай Леанідавіч Фядосенка. І гэта надае ўпэўненасці, што слаўныя спартыўныя традыцыі на Ушаччыне будуць прадаўжацца, а трэцяя субота мая стане прафесійным святам для шматлікіх нашых землякоў.

Н.БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *