4 марта — День милиции

К профессиональному празднику

Работа ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі ў многім спецыфічная: у большасці сваёй кантынгент, з якім даводзіцца працаваць, у народзе называюць коратка і зразумела – “крымінальнікі”… Зносіны з такімі асобамі патрабуюць ад работнікаў падраз­дзялення асаблівага падыходу. У міліцыі А.Л.Раманоўскі і М.В.Баратынскі (на здымку) людзі не новыя, разумеюць спецыфіку службы. У інспекцыі Алег Леанідавіч з 2005 года, а Мікалай Віктаравіч – з 2013-га.

– На нашу службу ўскладзены абавязкі па кантролі за асобамі, што маюць судзімасць, – расказвае старшы інспектар А.Л.Раманоўскі. – Займаемся выканнем прыгавораў суда, якія ўступілі ў законную сілу, у выглядзе папраўчых і грамадскіх работ, абмежавання волі без накіравання ў папраўчыя ўстановы адкрытага тыпу. Ажыццяўляем прафілактычную работу з умоўна асуджанымі асобамі, што знаходзяцца пад прэвентыўным наглядам і ў якіх не знята судзімасць. Асобным радком стаіць работа з тымі, хто вызваліўся з месцаў пазбаўлення волі.

На сённяшні дзень на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі Ушацкага РАУС знаходзіцца 158 чалавек (10 з іх – жанчыны). І кожнага трэба накіраваць на правільны шлях, пракантраляваць месцазнахо­джанне (у тым ліку ноччу), а часам і проста знайсці, бо не ўсе асуджаныя горача імкнуцца да кантакту з праваахоўнікамі. Зрэшты, сярод гэтых людзей рэдка сустракаюцца тыя, хто ўчыніў злачынства ў першы і апошні раз, – такіх менш за 30 працэнтаў. Астатнія знаходзяцца на ўліку па 2-3, а то і больш разоў. Ёсць і “рэкардсмены”, якія ў свае 30-40 гадоў маюць ужо па 7-10 судзімасцяў.

Нікога з тых, хто знаходзіцца на ўліку, грамадства не пакідае сам-насам з праблемамі адаптацыі. З працаўладкаваннем дапамагае раённая служба занятасці, ідуць насустрач прадпрыемствы і арганізацыі Ушаччыны. Вызваленыя з месцаў пазбаўлення волі асобы могуць таксама прэтэндаваць на атрыманне псіхалагічнай, юрыдычнай, гуманітарнай дапамогі ад ТЦСАН.

Робіцца, сапраўды, многае. Вось толькі прафілактычная работа, на жаль, не заўсёды дае чаканы вынік, што негатыўным чынам адбіваецца на стане рэцыдыўнай злачыннасці ў раёне. Але ж ёсць у інспекцыі і станоўчыя прыклады, калі людзі бралі сябе ў рукі, казалі “дзякуй” за тое, што ім не дазволілі апусціцца, дапамаглі рэабілітавацца ў грамадстве – і гэта стала стымулам для наладжвання нармальных паводзін. Лепшай узнагароды для супрацоўнікаў крымінальна-выканаўчай інспекцыі не прыдумаеш.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *