Сводный механизированный отряд хозяйств района окажет помощь в заготовке кормов соседям из Полоцкого района

Сельское хозяйство

“Ці было такое, каб Ушацкі раён дапамагаў Полацкаму?” – пасля прывітання спытаў намеснік старшыні аблсельгасхарча Генадзь Генадзьевіч Сабыніч у начальніка раённай інспекцыі Дзяржтэхнагляду Івана Мікалаевіча Пухальскага, які на скрыжаванні ў Сарочыне ўчора раніцай адпраўляў зводны механізаваны атрад на касьбу ў суседні раён.

І сапраўды, не прыпомніць такіх камандзіровак ушацкіх механізатараў. Наадварот – здаралася. Сёлета ж на дапамогу суседзям адправілася 5 трактароў з касілкамі: Ра Вутх з КУСГП “Вялікадолецкае”, Сямён Первянёнак з КУСГП “Арэхаўна” і Віктар Шчэрбік з прадпрыемства меліярацыйных сістэм, які з пачатку касавіцы таксама працаваў на арэхаўскіх палетках, Мікалай Лях з КУСГП “Глыбачаны” і Аляксандр Майсеенка з ААТ “Ільюшынскі”. На мяжы раёнаў іх сустракалі полацкі калега І.М.Пухальскага і дырэктар філіяла “Вясна-энерга” Андрэй Анатольевіч Нікіфараў. “Ці ёсць селішчанскія? Адразу да сябе забяру”, – усміхаўся кіраўнік, які калісьці працаваў у нашым раёне. У выніку на палі яго гаспадаркі накіраваліся арэхаўскія механізатары і М.Лях, а трактарысты “Вялікадолецкага” і “Ільюшынскага” будуць касіць травы ў ААТ “Блізніца”.

Тэрмін камандзіроўкі – да канца тыдня. Такое раздзяленне па гаспадарках абумоўлена геаграфіяй, бо вазіць механізатараў з Блізніцы ў Вялікія Дольцы значна бліжэй чым, напрыклад, у Глыбачку. Вырашэнне пытанняў дастаўкі, арганізацыі харчавання, забеспячэння палівам і запчасткамі, аплаты працы нашых працаўнікоў возьмуць на сябе гаспадаркі Полацкага раёна. Механізатарам жа застаецца толькі працаваць. “Але не горш чым у сваім раёне!” – выказаў жаданне А.А.Нікіфараў, падкрэсліўшы лідзіруючыя пазіцыі ўшацкіх аграрыяў у вобласці.

Д.РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *