На знаковых объектах – со знаком качества. 10 августа строители Ушачского района отметят свой профессиональный праздник

Ими гордятся К профессиональному празднику Экономика и малый бизнес

Са знакавымі датамі будаўнікам пашанцавала, мабыць, больш, чым прадстаўнікам якіх-небудзь іншых прафесій. Заклаў першую цагліну будучага будынка – урачыстае мерапрыемства, здаў аб’ект у тэрмін – таксама памятная дата. А калі сур’ёзна, то галоўным днём для працаўнікоў галіны, канечне, з’яўляецца Дзень будаўніка, які ўжо амаль што шэсць дзясяткаў гадоў адзначаецца ў другую нядзелю жніўня. І хоць размах будоўлі зараз цяжка параўнаць нават з тым, што быў яшчэ пяць год таму, гэта ніколькі не змяншае важнасць і грамадскую значнасць дзейнасці “зодчых”, асноўнымі прадстаўнікамі якіх у нашым раёне з’яўляюцца працаўнікі ДКУБП “Ушацкая ПМК-66”, арганізацыі з гісторыяй, слаўнымі працоўнымі дынастыямі і традыцыямі.

Тысячы жыхароў гарпасёлка і сельскіх населеных пунктаў раёна штодня карыстаюцца вынікамі іх працоўных здабыткаў. Установы адукацыі і аховы здароўя, шматкватэрныя кааператывы і адміністрацыйныя будынкі, аб’екты сельскагаспадарчага прызначэння і новыя вуліцы ў аграгарадках. Чаго толькі не ўводзілі ў эксплуатацыю нашы будаўнікі! Таму і не дзіўна, што цэлы мікрараён гарпасёлка ў народзе, асабліва сярод прадстаўнікоў старэйшага пакалення, носіць неафіцыйную назву ў гонар ранейшай абрэвіятуры прадпрыемства – “МСО”.

У фае яго адміністрацыйнага памяшкання, куды я наведаўся напярэдадні прафесійнага свята, было вельмі ціха  – а 10 гадзіне тут засталіся толькі спецыялісты, якія працуюць з лічбамі і паперамі. Невялікая, на 6 “кішэняў”, Дошка гонару прадпрыемства таксама сустрэла мяне пустатой. Праз хвіліну даведаўся гэтаму прычыну – на другім паверсе ішло гарачае абмеркаванне кандыдатур, бо выбар лепшых з лепшых працаўнікоў і абнаўленне фотаздымкаў тут традыцыйна праводзяць не па выніках года, а менавіта да прафесійнага свята.

А ў дырэктара прадпрыемства П.А.Арлоўскага акрамя прыемных клопатаў падрыхтоўкі да ўрачыстых мерапрыемстваў заўсёды і шэраг праблемных пытанняў.

– Арганізацыя вытворчага працэсу на аб’ектах – безумоўна, адзін з важнейшых фактараў нашай працы, – расказвае Павел Аляксандравіч. – Але ў сённяшніх рэаліях галоўным з іх з’яўляецца сам пошук аб’ёмаў работ. Сітуацыю ў нашай галіне крытычнай не назавеш, аднак яна даволі складаная. З-за недахопу фінансавання прыпынены работы на многіх будоўлях, дзе б мы маглі зарабіць. Таму, як выйсце з сітуацыі, шукаем аб’екты за межамі раёна. Раней многія прадпрыемствы “выязджалі” на будаўніцтве ЖСК. Сёлета ва Ушачах кааператыў не будуецца, але жыллё мы ўсё ж такі ўзводзім – брыгада муляраў пад кіраўніцтвам Канстанціна Юльевіча Дабравольскага працуе ў Лепелі. Работы выконваюцца якасна і старанна, з высокай прадукцыйнасцю. Людзей на працу дастаўляем сваім транспартам, як і ў Полацкі раён, дзе брыгада пад кіраўніцтвам Васіля Яфімавіча Мацюшэнкі ўзводзіць аб’ект на малочна-таварнай ферме “Заскаркі”. Працавалі на бетанаванні вытворчых памяшканняў ПУП “Сарочына”, на асобных малочна-таварных фермах раёна. І, нарэшце, галоўны, знакавы наш аб’ект – будынак суда, работы на якім плануем у хуткім часе скончыць.

Паведаміў кіраўнік, што хоць і лічыцца наша ПМК-66 генеральным падрадчыкам на гэтай будоўлі, але хапае працы там і іншым арганізацыям: падціскаюць тэрміны. Юрыдычна заказчыкам з’яўляецца ўпраўленне капітальнага будаўніцтва Ушацкага раёна, ды не менш патрабавальныя і будучыя гаспадары новабудоўлі – прадстаўнікі Міністэрства юстыцыі, якія часта наведваюць аб’ект, але асаблівых заўваг па якасці работ не выказвалі.

У планах ушацкіх будаўнікоў – работа на субпадрадзе на будаўніцтве фізкультурна-аздараўленчага комплексу. На гэтым не менш важным аб’екце працаўнікі ПМК-66 ужо выконвалі асобныя віды работ, будавалі два пажарныя рэзервуары, дапамагалі вырашаць некаторыя арганізацыйныя моманты па забеспячэнні будаўнічымі матэрыяламі. Таксама паспрабуюць выйграць тэндар на выкананне капітальнага рамонту з мадэрнізацыяй будынка райаддзела па надзвычайных сітуацыях, будуць працягваць работы па рэканструкцыі і рамонце малочна-таварных ферм гаспадарак раёна. Дарэчы, недахоп фінансавання па такіх аб’ектах прыводзіць да зацягвання тэрмінаў іх здачы. Будаўнічыя матэрыялы, паліва даражэюць, а заканчваць будаўніцтва трэба па старых цэнах. Арганізацыя нясе страты, што не лепшым чынам адбіваецца на заробках працаўнікоў, і як следства, прыводзіць да цякучасці кадраў.

Але касцяк калектыву, які дазваляе спраўляцца з пастаўленымі задачамі, у ПМК-66 захоўваўся заўсёды, у любыя часы, а зараз да прафесіяналаў-старажылаў паспяхова далучаюцца прадстаўнікі маладога пакалення. Сёння тут іх даволі многа, у тым ліку і сярод спецыялістаў, якія працуюць непасрэдна на вытворчасці, на аб’ектах. Маладыя прарабы Дзмітрый Радыгін і Віталь Бакачоў, майстар Іна Шальдо вучацца прафесіяналізму побач з вопытнымі калегамі В.Я.Мацюшэнкам, Ігарам Мікалаевічам Арэхвам, галоўным інжынерам Аляксандрам Эдуардавічам Ігнатовічам. Шмат гадоў аддалі роднаму прадпрыемству намеснік дырэктара па матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні Барыс Іванавіч Акулёнак, вадзіцель Васіль Васільевіч Мядзведскі, дыспетчар Эдуард Пятровіч Жлоба, машыніст крана Аляксандр Фёдаравіч Лаюшка, галоўны бухгалтар Валянціна Аляксандраўна Барздзей, загадчык падсобнай гаспадаркі Вера Пятроўна Кандакова і шэраг іншых работнікаў. Заслугі працаўнікоў самых розных прафесій штогод адзначаюцца кіраўніцтвам КУП “Полацксельбуда”, галаўнога прадпрыемства ушацкіх будаўнікоў. Сёлета ганаровымі граматамі ўзнагароджаны Э.П. Жлоба, цясляр Аляксей Міхайлавіч Ісаковіч, вадзіцель аўтобуса Мікалай Пятровіч Васілеўскі, падзяка генеральнага дырэктара аб’яўлена цесляру Аляксею Міхайлавічу Карпенку і сталяру Вадзіму Мікалаевічу Рыкцеру. Прозвішчы В.Я.Мацюшэнкі, брыгадзіра Аляксандра Вітальевіча Касіча, цесляра Мікалая Пятровіча Коршуна, муляра Пятра Леанідавіча Мяніцкага, рамшчыка Андрэя Фёдаравіча Шчукіна, А.Ф. Лаюшкі будуць занесены на Дошку гонару прадпрыемства.

Д.РАМАНОЎСКІ.

____________________________________________

Васіль Васільевіч Мядзведскі віншаванні з нагоды прафесійнага свята атрымлівае двойчы за год: у кастрычніку – у Дзень аўтамабіліста і дарожніка, і ў жніўні – у Дзень будаўніка. Такі прыемны “бонус” звязаны з тым, што ўжо больш за трыццаць гадоў мужчына працуе вадзіцелем грузавога седлавога цягача на галоўным будаўнічым прадпрыемстве нашага раёна – перасовачнай механізаванай калоне №66.

Выбар будучай прафесіі ніколі востра не стаяў перад хлопцам з Заазер’я. Змалку цікавіўся устройствам аўтамабіляў, патрабаваннямі да іх тэхнічнага абслугоўвання – паціху і сам навучыўся руліць. За атэстатамі аб адукацыі з Матырынскай і Ушацкай школ атрымаў вадзіцельскае пасведчанне. Ну а навыкі кіравання вялікай машынай напрацоўваў падчас службы ў ракетных войсках, дзе быў кранаўшчыком.

Пасля дэмабілізацыі В.В.Мядзведскі некаторы час працаваў вадзіцелем ў “Сельгасхіміі” (зараз – ААТ “Ушацкі райаграсэрвіс”). А калі ў 1978 годзе з’явілася вакансія ў ПМК-66, без ваганняў перайшоў сюды – дарэчы, тым самым мужчына вырашыў яшчэ і жыллёвае пытанне: работнікам будаўнічай арганізацыі давалі кватэры ў гарпасёлку.

– Быў у маёй рабоце на прадпрыемстве невялікі перапынак, – успамінае Васіль Васільевіч. – У час, калі трэба было дапамагаць дочкам-студэнткам на прадпрыемстве якраз не стала работы, адпаведна і заработная плата ўпала. Вось і перайшоў да прадпрымальніка, дзе адпрацаваў два гады. Калі ж ПМК зноў запрацавала ў нармальным рэжыме – з радасцю вярнуўся.

Сённяшнія аб’ёмы работ на прадпрыемстве не дазваляюць будаўнікам расслабляцца. Ні хвіліны не сядзіць без справы і В.В.Мядзведскі, які на сваім МАЗе прывозіць ва Ушачы будматэрыялы з усёй рэспублікі. Вось і ў дзень нашай сустрэчы ён разгружаў тратуарную плітку, прывезеную з Оршы, і ўжо планаваў наступны рэйс – у Мінск. Ні спёка, ні напружаны аўтамабільны рух на ажыўленых дарогах краіны, ні начныя пераезды вадзіцеля першага разрада не палохаюць. За рулём свайго цягача ён адчувае сябе як рыба ў вадзе. А транспартны сродак за добрае абслугоўванне амаль не падводзіць свайго гаспадара. Між іншым, ад спраўнасці МАЗа Васіля Васільевіча залежыць вельмі многае: калі рухавік дасць збой – неабходныя матэрыялы не будуць своечасова дастаўлены на будаўнічыя аб’екты раёна, а значыць справа затармозіцца.

Вядомае народнае выслоўе “незаменных людзей не бывае” прымяніць да героя нашага аповеду ніяк нельга. Жадаючых штодня калясіць па дарогах на вялікагрузным МАЗе, дзе толькі даўжыня паўпрычэпа складае 14 метраў, нямнога. А калі дакладней – увогуле няма. Менавіта па гэтай прычыне не змог Васіль Васільевіч днямі пайсці, як планаваў, у водпуск – “адклікалі” на работу ў першы ж дзень.

Тое, што В.В.Мядзведскі – будаўнік да мозгу касцей, пацвярджаюць і яго захапленні. У вольны час усе яго думкі звязаны не з рыбалкай ці “пасядзелкамі” з сябрамі, а з рамонтам дома і дачы, будаўніцтвам лазні.

Надзейным тылам мужчыны з’яўляецца яго сям’я: жонка і трое ўжо дарослых дачок. Усе яны падтрымліваюць Васіля Васільевіча ў яго рашэнні працягваць працаваць на прадпрыемстве, хаця і можа ўжо выйсці на заслужаны адпачынак. Праўда, у тое, што гэты абаяльны, жвавы, бадзёры чалавек ужо перасягнуў 60-гадовы рубеж, верыцца з цяжкасцю.

За час работы ў перасовачнай механізаванай калоне №66 В.В.Мядзведскі заслужыў аўтарытэт, павагу калег і кіраўніцтва. Яму давяраюць, не сумняваюцца ў майстэрстве і дысцыпліне, бо не адзін раз вадзіцель даказваў, што здольны выканаць любое заданне. У гэтым годзе прозвішча Васіля Васільевіча занесена на раённую Дошку гонару.

К.КАВАЛЕЎСКАЯ.

______________________________

Гістарычная падзея адбылася ў апошні дзень ліпеня ў гарпасёлку — будаўнікамі Глыбоцкай ПМК-48 устаноўлена першая калона каркаса асноўнага корпуса фізкультурна-аздараўленчага комплексу. Гістарычнай яе можна назваць таму, што для Ушач узводзіцца па-сапраўднаму патрэбны аб’ект, у якім акрамя басейна, раздзявалак, гасцінічных нумароў, будуць яшчэ трыбуны і залы для гульнявых відаў спорту.  Гэта аб’ект, уводу якога чакаюць як дзеці, так і людзі з багажом пражытых гадоў. Менавіта з ім лепш усведамляеш магчымасць весці не проста здаровы, але і рухомы, актыўны лад жыцця.

Сёлета мяркуецца асваенне 25 мільярдаў рублёў: мантаж усіх металаканструкцый, будаўніцтва трыбун, а таксама прыкрыццё аб’екта часовым дахам. Асноўным падрадчыкам аб’екта выступае «Полацксельбуд», субпадрадчыкамі — дзве глыбоцкія ПМК, а таксама наша ПМК-66.

В.КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *