Водитель автобуса Иван Алексеевич Контарев делает всё, чтобы поездка для пассажиров было безопасной и приятной

Ими гордятся

Вадзіцеля аўтобуса  ўчастка г.п.Ушачы філіяла “АТП №6 г.Наваполацка” Івана Аляксеевіча Контарава ведаюць у твар амаль усе жыхары нашага раёна, бо многім прыходзілася карыстацца паслугамі грамадскага транспарту. Калі ж хтосьці зусім не ездзіць на аўтобусах, то яўна бачыў партрэт гэтага мужчыны сярод 18 лепшых прадстаўнікоў працоўных калектываў на раённай Дошцы гонару.

– Шчыра кажучы, вестка аб узнагародзе была для мяне вельмі нечаканай – на нашым прадпрыемстве працуе шмат дастойных работнікаў, чые б здымкі маглі заняць такое пачэснае месца. Я ж, здаецца, нічым асаблівым не вылучаюся, проста стараюся бездакорна выконваць сваю справу, – гаворыць Іван Аляксеевіч.

І робіць гэта ўзорна на працягу многіх гадоў, з якіх апошнія 27 – на сённяшнім рабочым месцы. Уся прафесійная дзейнасць І.А.Контарава звязана з тэхнікай і дарогамі. Вадзіцельскія навыкі спатрэбіліся падчас службы ў арміі, потым працаваў вадзіцелем грузавога аўтамабіля ў калгасе “Чырвоная Полаччына”. Калі ж з роднай вёскі Рубанікі пераехаў ва Ушачы, прафесійны шлях прадоўжыў у калектыве меліяратараў, дзе яму даверылі аўтобус. Таму ў 1990-м прыйшоў на аўтатранспартнае прадпрыемства, маючы вопыт перавозкі людзей.

Ці лёгка працаваць на аўтобусе? Магчыма, многія дадуць станоўчы адказ. А на самой жа справе такая задача далёка не для кожнага.

– Вялікая адказнасць, калі за плячамі 30-40 чалавек, і ад тваіх дзеянняў залежыць іх жыццё і здароўе, – разважае Іван Аляксеевіч. – На дарозе ж можа здарыцца ўсялякае, таму трэба быць максімальна ўважлівым і сабраным, бо аўтобус – не маленькая машына. На шчасце, за час маёй работы аварый не было, хіба што паломкі на шляху. А з аварыйных сітуацый удавалася выходзіць “малой кроўю”. Неяк на дарогу нечакана выскачыў хлопчык на веласіпедзе – я паспеў зрэагаваць і аўтобус спыніўся ў лічаных сантыметрах ад яго. Малы хіба што спалохаўся, а мне да таго ж прыйшлося доўга выслухваць у свой адрас абурэнне пасажыркі, у якой пры рэзкім тармажэнні разбіліся шклянкі з малаком. Але ж іх не параўнаеш з чалавечым жыццём…

Вадзіцель аўтобуса адзначае, што прыходзіцца сутыкацца з рознымі пасажырамі, колькі людзей – столькі характараў: адны дзякуюць, іншыя абураюцца, што іх дрэнна вязуць ці высаджваюць не там, дзе ім захочацца. Няпроста яшчэ і тым, што трэба не толькі “круціць баранку”, а і мець справу з грашыма, абілечваць пасажыраў – таксама немалая адказнасць.

Але даўно прывык мужчына і да гэтых абавязкаў, і да надзвычай ранніх пад’ёмаў: калі па графіку ў яго выезд на маршрут у 6 гадзін, то дзень пачынаецца ў 4, а ў моцныя зімовыя маразы і завірухі нават і раней –  трэба паспець прагрэць і падрыхтаваць аўтобус, каб выехаць свое­часова.

Гэты вадзіцель вылучаецца высокай кваліфікацыяй, дысцыплінаванасцю, не дапускае зрываў рэйсаў, заўсёды трымае тэхніку ў спраўным стане, што дазволіла яму летась перавыканаць план даходаў па пасажырскіх перавозках – такую характарыстыку І.Контараву дае кіраўніцтва прадпрыемства. Да слова сказаць, Іван Аляксеевіч ужо аднойчы заносіўся на Дошку гонару філіяла і неаднаразова атрымліваў Ганаровыя граматы розных узроўняў. Мужчына з’яўляецца ветэранам працы прадпрыемства і з задавальненнем дзеліцца прафесійнымі сакрэтамі з маладымі калегамі.

У сераду І.А.Контараў рыхтаваў аўтобус да тэхагляду: фарбаваў, правяраў спраўнасць, а ўжо на наступны дэень выехаў у рэйс. Часцей за ўсё яго шлях ляжыць на Полацк. “Колькі ўжо разоў у Полацк з’ездзіў, дык не злічыць!” – прыгадвае гады працы Іван Аляксеевіч. Ёсць  маршруты і па раёне. Ушаччыну ведаю, як сваіх пяць пальцаў. І кожны раз, адчыніўшы дзверы ў салон аўтобуса, ён абавязкова сустракае пасажыраў шчырай усмешкай і робіць усё, каб паездка была для іх прыемнай і бяспечнай.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *