Кубличский Василь Быков

Сельское хозяйство

Хоць і не назавеш кубліцкія палеткі ўзорнымі для земляробства, аднак у пару, калі закладаецца ў зямлю зерне, яны прыгожыя. Пасяўны агрэгат раўняе пакінутыя грабеньчыкі, прыкатвае зерне і застаюцца толькі ледзь бачныя палоскі.P1150125

Васілю Быкаву таксама падабаецца. І сам працэс, і тое, што атрымоўваецца. Таму, калі выходзіць з кабіны трактара, усміхаецца. Нягледзячы на стому папярэдніх дзён: не было ў механізатара выхадных – толькі на Радаўніцу другая палова дня.

У адрозненне ад іншых гадоў, калі менавіта “Кублічы” праводзілі сяўбу і ў начную змену, зараз няма ў Васіля Васільевіча напарніка.

– Я не супраць, каб з талковым механізатарам па зменах працаваць, было гэта ў нас, самім жа прасцей. Праблема не ў нашым жаданні, а ў адсутнасці людзей. А пасяўныя агрэгаты яшчэ ёсць, нам бы па адным на кожны знайсці каго пасадзіць, не тое, што падмену адшукаць.

Няма пакуль у гаспадарцы шэфаў з Полацка, толькі адзін механізатар з ДРБУ, хоць дырэктар гаспадаркі А.В.Есіпаў і не мяркуе закрыць кадравую праблему шэфамі. Вядзе пошук не разавы – а з перспектывай, каб і домік механізатару даць, і пакінуць назаўсёды ў гаспадарцы. Аднаго работніка такім чынам ужо зацікавілі – перайшоў з лясніцтва Хадасевіч, атрымаў не толькі новы “Амкадор”, на якім рыхтуе кампост, але і дом. Ды і заробак у дзень – 100 тысяч.

Столькі ж зарабіў за дзень і Васіль Быкаў (дарэчы, свой заробак за мінулы дзень ведае ўжо на наступны і супастаўляе). Калі ўдаецца засеяць 18 гектараў пры плане 6, то і атрымліваецца сотня. Аднак гэта максімальны аб’ём, які рабіў за ўсе гады, што працуе з агрэгатам, з 6 да 21 гадзіны.

Асноўная затрымка ў гаспадарцы – за тэхнікай. Шасціметровы пасяўны агрэгат не пусціш, таму што адзіны магутны трактар “Беларус-3022” працуе на ўзворванні. Другі трохметровы чакае маленькія ўкатачныя колы, з запускам якога і выйдуць на 5 працэнтаў сяўбы ў дзень. Тры трактары пусцілі нарэшце на ўзворванне, а зябліва засталося з восені практычна столькі ж, колькі і яравых зерневых – пад 700 гектараў. Няма ў што “абуць” і тую тэхніку, што ёсць, праблема паўстала можна лічыць на роўным месцы, калі пры наяўнасці грошай на Глыбоцкім цэнтры забеспячэння, які і размяркоўвае шыны па гаспадарках, іх няма. І калі затрымкі з падрыхтоўкай глебы пасля хуткага вырашэння ўсіх гэтых праблем, лічаць, не будзе, то сяўба на поўную магутнасць распачнецца толькі з прыходам новага трактара. Чакаюць, пачатковы ўзнос заплачаны. Пакуль жа гаспадарыць на палетках Васіль Быкаў. А за Быкавых можна не хвалявацца – не падвядуць.

В.КАРАЛЕНКА.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *