Регулярно употребляешь молочные продукты – «страхуешься» от болезней желудка

Здравоохранение Калейдоскоп

Рак страўніка – злаякасная пухліна, ахвярамі якой становяцца людзі ва ўзросце 50-59 гадоў, максімум – пасля 70-ці, аднак бывае, што захворванне развіваецца і ў моладзі. Дарэчы, мужчыны на рак страўніка хварэюць амаль у два разы часцей. Ва Ушацкім раёне ў 2012 годзе зарэгістравана шэсць выпадкаў захворвання, у 2013-м – чатыры, за шэсць месяцаў бягучага года – тры. Тым не менш, рак страўніка застаецца адной з самых актуальных праблем, бо часта выяўляецца ў запушчанай стадыі, што прыводзіць да значнага скарачэння працягласці жыцця пацыента.

Пухліна расце на працягу ад чатырох да дзесяці гадоў і можа доўга сябе не праяўляць. Першай прыкметай захворвання звычайна з’яўляецца анемія. Болі назіраюцца ў 60-90 працэнтаў хворых ужо ў позняй стадыі. Ракавая пухліна прарастае ў сценку страўніка, тоўстую кішку, падстраўнікавую залозу, можа даваць метастазы ў печань, лёгкія, галаўны мозг, косці і інш. З прычыны парушэння дзейнасці арганізма наступае смерць.

Прычынамі захворвання з’яўляюцца няправільнае харчаванне, пераяданне, недастатковае спажыванне свежай зеляніны. Людзі, якія рэгулярна ўключаюць у свой рацыён малочныя прадукты, радзей хварэюць страўнікавымі захворваннямі. Ежа з лішкам крухмалу, бульба, хлеб, мучныя прадукты, рыс павялічваюць рызыку развіцця раку. Небяспеку ўяўляюць нітраты, нітрыты, алкаголь, якія трапляюць у арганізм. Аказваюць уплыў і генетычныя фактары: калі ў члена сям’і выяўлены рак страўніка, то ў блізкіх сваякоў верагоднасць захварэць павялічваецца на 20 працэнтаў.

Што ж трэба рабіць, каб «застрахаваць» сябе ад непрыемнасцяў? Праходзьце прафілактычныя агляды. Своечасова звяртайцеся да ўрача пры ўзнікненні любых захворванняў і парушэнняў здароўя. Строга выконвайце ўсе рэкамендацыі медыкаў па абследаванні і лячэнні нядугаў, асабліва тых, якія могуць быць перадпухліннымі. Жывіце здаровым, паўнацэнным жыццём!

Н.КАРАБАНЬ, урач-анколаг Ушацкай ЦРБ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *