Сигналы, которые нельзя пропустить!

Cлужба-101 Калейдоскоп

Надзвычайная сітуацыя – гэта заўсёды рэальная пагроза жыццю і здароўю людзей. Адсутнасць апавяшчэння ў такім выпадку становіцца прычынай не толькі панікі, але і росту матэрыяльнага ўрону і, што самае страшнае, – чалавечых ахвяр. Яркі прыклад таму – стыхійнае бедства, якое адбылося ў Краснадарскім краі летам 2012-га. Больш за 170 загінуўшых і каля 5000 пацярпелых – такі трагічны вынік паводкі, прычынай якой сталі праліўныя дажджы. Сістэма апавяшчэння не дазволіла своечасова папярэдзіць мясцовых жыхароў аб небяспецы.

Сёння ў Беларусі створана і, што вельмі важна, удасканальваецца сістэма апавяшчэння на рэспубліканскім, тэрытарыяльным, мясцовым узроўнях. Звесткі аб небяспецы перадаюцца па радыё, тэлебачанні, правадной і бесправадной сувязі. Уключаюцца электрасірэны, выкарыстоўваюцца іншыя сігнальныя сродкі.

Для прыцягнення ўвагі насельніцтва і ў мэтах своечасовага папярэджання аб пагрозе ці ўзнікненні небяспекі, прыняцця тэрміновых мер абароны ўстаноўлены спецыяльны сігнал апавяшчэння “Увага ўсім!”, які падаецца працяглым завываннем электрасірэн на працягу 2-3 хвілін. Пачуўшы яго, неабходна тэрмінова ўключыць тэлевізар, радыёпрыёмнік і праслухаць паведамленне аб абстаноўцы і парадку дзеянняў.

Па сігнале “Паветраная трывога” закрыйце вокны, адключыце электрабытавыя прыборы, газ, папярэдзьце суседзяў і пакіньце дом, кватэру, накіраваўшыся ў сховішча, дзе трэба знаходзіцца да атрымання сігналу “Адбой паветранай трывогі”.

Па сігнале “Радыяцыйная небяспека” надзеньце рэспіратар, маску з тканіны ці ватна-марлевую павязку, а пры іх адсутнасці – процівагаз, вазьміце запас прадуктаў, індывідуальныя сродкі медыцынскай абароны, прадметы першай неабходнасці і адпраўляйцеся ў сховішча.

Калі вы пачулі сігнал “Хімічная трывога”, хутка надзеньце процівагаз, а ў выпадку неабходнасці рэчы для абароны скуры. Пры немагчымасці пакінуць зону заражэння шчыльна зачыніце дзверы, вокны, вентыляцыйныя адтуліны і дымаходы, усе шчыліны заклейце паперай ці скотчам. Пры аварыях з аміякам укрывайцеся на ніжніх паверхах будынкаў (аміяк лягчэй за паветра ў 1,6 раза), а пры аварыях з хлорам – на верхніх (хлор цяжэй за паветра ў 2 разы).

Будзем спадзявацца, што ніколі не давядзецца прымяняць гэтыя парады на практыцы. Аднак ведаць, як весці сябе ў экстрэмальнай сітуацыі, трэба. І галоўнае правіла – трымаць сябе ў руках, дакладна ацэньваць абстаноўку і строга прытрымлівацца рэкамендацый!

Штаб грамадзянскай абароны Ушацкага раёна.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *