Победителем традиционного волейбольного турнира среди женских команд, посвящённого Дню матери стала команда «Виктория»

Cпорт

Добрая традыцыя праводзіць напярэдадні Дня маці жаночы валейбольны турнір працягнулася і сёлета: яго арганізатарам стаў аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.

На пляцоўцы Ушацкай сярэдняй школы акрамя гаспадароў змагаліся дзве каманды з Ільюшына, якія прадстаўлялі мясцовую школу і сельгаспрадпрыемства, а таксама каманда «Вікторыя», касцяк якой складаюць вопытныя тэхнічныя валейбалісткі. Аднак, як паказалі паядынкі, свае козыры былі ў кожнай з каманд. Неблагую гульню прадэманстравалі ўшацкія школьніцы: асабліва відовішчным атрымаўся іх паядынак з ільюшынскімі равесніцамі, які ва ўпартай барацьбе выйгралі прадстаўніцы аграгарадка і занялі трэцяе месца. Ну а спартсменак з «Ільюшынскага» наперад вяла непараўнальная Антаніна Аркадзьеўна Крывапушчанка: гэтая каманда атрымала дзве перамогі і практычна на роўных гуляла з моцнай «Вікторыяй», якая ў выніку стала лепшай на турніры. Перамогу для валейбольнай дружыны з гаваркой назвай здабывалі Галіна Ігнатовіч, Таццяна Хрыпель, Валерыя Карэйша, Дзіна Міхейка, Таццяна Баратынская і Вікторыя Камінская.

Не ўтрымаліся, каб не выйсці ў такі дзень на валейбольную пляцоўку і мужчыны: тры практычна роўныя па патэнцыяле каманды правялі захапляльны турнір, толькі ў адной гульні якога для высвятлення пераможцы хапіла дзвюх партый. У выніку трэцяе месца занялі спартсмены з аграгарадка Кублічы, другое — ушацкія школьнікі, ну а пераможцам стала зборная каманда «Ветэраны» — і хоць узрост большасці яе ігракоў зусім не адпавядае назве, гульнявы «багаж» у іх ужо важкі, бо за плячыма — удзел у мностве турніраў рознага ўзроўню.

Цікавыя паядынкі не пакінулі абыякавымі шматлікіх балельшчыкаў. Адным з самых актыўных сярод іх быў старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Уладзімір Мікалаевіч Малаткавец. «У свой час я і сам няблага гуляў у валейбол, калі ж узначальваў райгаз, каманда нашага прадпрыемства выйгравала амаль усе спаборніцтвы, ну а зараз не прапускаю ніводнай гульні сваёй унучкі Леры», — шчыра радаваўся перамозе «Вікторыі» Уладзімір Мікалаевіч. Адным словам, станоўчыя эмоцыі ад спаборніцтваў атрымалі і спартсмены, і гледачы — а гэта стала самым важным іх вынікам.

Н.БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *