На очередном заседании комиссии по делам несовершеннолетних райисполкома рассмотрен вопрос об отобрании детей из неблагополучной семьи

Выясняем ситуацию Демография Закон - один для всех Наши земляки Правовая консультация

Калі Максім упершыню трапіў у дзіцячы сацыяльны прытулак, адзіным «яркім» успамінам, якім ён дзяліўся з выхавацелямі, была жудасная смерць блізкага чалавека. Не ведаю, ці памятаў чатырохгадовы хлопчык, што менавіта мама падчас сямейнага скандала забіла бацьку, аднак крывавыя «кадры» раз-пораз яму прыгадваліся. Прайшло паўтара года — і Максім зноў аказаўся ў прытулку. На жаль, на гэты раз затрымацца тут яму давядзецца надоўга — на шэсць месяцаў: менавіта столькі часу дала камісія па справах непаўналетніх райвыканкама маме хлопчыка для таго, каб адумацца, завязаць з алкаголем і ўрэшце рэшт пачаць думаць пра дзяцей (акрамя Максіма ў яе ёсць сын Сяргей, якому толькі годзік).

Любая нармальная жанчына адмаўляецца падчас цяжарнасці ад любых алкагольных напіткаў. Алена ж, носячы пад сэрцам другога сына, спакойна выпівала па паўбутэлькі гарэлкі, ды яшчэ «шліфавалася» півам. Так было і ў дзень прыгаданай трагедыі, калі з нажом кінулася на сужыцеля. У выніку маладую жанчыну асудзілі (ад турмы яе выратавала толькі тое, што маці забітага не стала прад’яўляць ёй прэтэнзій), паставілі на ўлік у крымінальна-выканаўчую інспекцыю РАУС. Праўда, такія меры Алену не напужалі — працягвала выпіваць з новым сужыцелем і, па словах суседзяў, часта пакідала дзяцей без нагляду. Дарэчы, пра апошніх. Згубная звычка мамы не магла не адбіцца на здароўі хлопчыкаў — абодва маюць сур’ёзныя захворванні. Калі не так даўно ў Максіма пагоршылася самаадчуванне, а медыкі настойвалі на шпіталізацыі, жанчына катэгарычна адмовіла, сказала, што будзе лячыць сына самастойна. Вось толькі цярпення (ці жадання?) займацца здароўем дзіцяці ёй хапіла ненадоўга — праз некаторы час без дазволу ўрача Алена перастала даваць хлопчыку неабходныя медпрэпараты. У выніку ў малога адбылося абвастрэнне хваробы — у цяжкім стане ён быў дастаўлены ў абласную бальніцу.

Каб хоць неяк рэабілітаваць сябе ў вачах правяраючых, якія кожны тыдзень наведвалі нядобранадзейную сям’ю, Алена прайшла месячны курс лячэння ад алкагольнай залежнасці. Праўда, ужо праз тры дні пасля гэтага ў нецвярозым стане зноў трапіла пад увагу праваахоўнікаў. Колькі ні папярэджвалі жанчыну, за розум яна так і не ўзялася.

Падчас пасяджэння камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама, на якім разглядалася пытанне аб прызнанні дзяцей маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне і адабранні іх з сям’і, на ўсе заўвагі Алена хутка знаходзіла сабе апраўданне. Вось толькі прысутных такія «нацягнутыя» аргументы не пераканалі. Не кранулі і слёзы жанчыны, якая «біла на жаль», сцвярджаючы, што Максім у прытулку «зламаецца», замкнецца ў сабе, — сумніўнае меркаванне, тым больш што менавіта дома хлопчык быў пазбаўлены нармальнага дзяцінства і зведаў шмат нягод.

Жанчыне дадзены апошні шанс на выпраўленне. Калі праз паўгода адчувальных зрухаў у лепшы бок назірацца не будзе, паўстане пытанне аб пазбаўленні яе бацькоўскіх правоў.

К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *