Как правильно содержать животных в зимне-стойловый период и не допустить спада производства продукции знают в КУСХП «Великодолецкое»

Сельское хозяйство

Гаспадарчы падыход на малочнатаварнай ферме «Міхалкаўшчына» бачны ва ўсім. Чысціня ў кароўніках, малочным блоку і на прылягаючай тэрыторыі, утульныя абсталяваныя памяшканні для жывёлаводаў, моцная агароджа загона для выгулу кароў, узараныя ўчасткі вакол МТФ, дзе ў адным месцы ярка выдзяляецца свежая паласа жоўтага пяску. «Паклалі да зімы да фермы новы водаправод, каля 250 метраў, затрацілі больш 30 мільёнаў, але яно таго каштуе — без нармальнага паення кароў цяжка разлічваць на станоўчы вынік», — тлумачыць Іван Піліпавіч Дарошчанка, дырэктар КУСГП «Вялікадолецкае», дзе на мінулым тыдні прайшоў раённы семінар па вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі ў зімова-стойлавы перыяд.Свабодны і пастаянны доступ жывёлы да вады з’яўляецца адным з важнейшых патрабаванняў тэхналагічнага рэгламенту, безагаворачнае выкананне якога павінна быць забяспечана на ўсіх жывёлагадоўчых аб’ектах раёна. Жывёлу патрэбна элементарна накарміць і падтрымліваць парадак на фермах, што можна зрабіць і без значных фінансавых укладанняў. На гэтым, адкрываючы семінар, засяродзіў ўвагу кіраўнікоў і спецыялістаў заатэхнічных службаў гаспадарак старшыня райвыканкама В.В.Родзіч.

— У кароў павінны ляжаць такія кармы, якія даюць аддачу, — казаў кіраўнік раёна. — Таму рыхтаваць іх трэба пад прадукцыйнасць, каб жывёла атрымала ўсе неабходныя элементы. Акрамя таго пры кармленні павінен прысутнічаць спецыяліст. Гэта яго задача — прасачыць, як, калі і чым корміцца дойны статак, у нас жа часта гэтым займаецца трактарыст, які прывозіць кармы.

Адзначыў Віктар Віктаравіч і тое, што ўсе гаспадаркі працуюць амаль у аднолькавых умовах, а вось вынікі вельмі розныя. І калі «Вялікадолецкае» плюсуе па вытворчасці малака да ўзроўню мінулага года, то астатнія гаспадаркі не могуць пахваліцца ростам прадукцыйнасці, а ў некаторых спад вытворчасці працягваецца. За перыяд з 15 кастрычніка па 15 лістапада ў «Райаграсэрвісе» надоі знізіліся на 1126 літраў! Інакш як бядотным не назавеш становішча жывёлагадоўлі ў «Кублічах», дзе з-за крытычнага стану некаторых памяшканняў ферм стаіць пытанне не аб павышэнні прадукцыйнасці, а літаральна аб выжыванні жывёлы. Галоўная прычына — абсалютная бескантрольнасць і яна на сумленні перш за ўсё кіраўнікоў. Ад іх арганізатарскіх здольнасцей залежыць тое, наколькі старанна і дакладна будуць выконваць свае абавязкі ўсе, хто задзейнічаны на вытворчым працэсе — ад галоўнага спецыяліста да працаўніка фермы.

— Спецыяльна загадзя не аб’яўлялася аб правядзенні семінара, — паведаміў В.В.Родзіч. — Таму тое, што вы бачыце тут, у Міхалкаўшчыне, — не «паказуха», а штодзённы стан спраў, які ў «Вялікадолецкім» стаў нормай і павінен стаць нормай і ў астатніх гаспадарках.

Як гэтага дасягнуць, расказаў гаспадар мерапрыемства І.П.Дарошчанка. На прадпрыемстве за кожным жывёлагадоўчым аб’ектам замацаваны адказныя асобы для кантролю за працай жывёлаводаў, як вынік — дысцыпліна. Кожны дзень арганізавана дзяжурства спецыялістаў, прычым не толькі заатэхнічнай службы. У гэтай справе задзейнічаны, напрыклад, энергетык, аграном, бухгалтары, якія з 9 вечара да ранішняй дойкі кантралююць стан спраў на кожным аб’екце — ферма на працягу сутак не застаецца без нагляду, а спецыялісты потым атрымліваюць адгулы.

— Калі ж мы запатрабавалі прыказы аб замацаванні спецыялістаў за жывёлагадоўчымі аб’ектамі і графікі іх дзяжурства ў іншых гаспадарках, то некалькі дзён не маглі іх сабраць, — канстатаваў намеснік старшыні райсельгасхарча па жывёлагадоўлі Леанід Аляксандравіч Лісоўскі. — Прычына бачыцца адна — іх проста не было.

А неабходнасць кантролю пацвярджаюць вынікі праверак. Супрацоўнікі РАУС выяўлялі на некаторых фермах у начны час нецвярозых жывёлаводаў. Кіраўнік раёна прывёў прыклад, калі таксама ноччу ілюмінацыя на ферме «як у Крамлі», а вось працаўнікоў там не назіралася, хаця па тэхналогіі кожную гадзіну кармы трэба рыхліць і падварочваць. Агульная недапрацоўка — арганізацыя прагулак жывёлы, на штодзённы «мацыён» павінны хадзіць усе каровы, нават сухастойныя. «Няма прагулак — адвязвайце і выпускайце кароў, — даваў даручэнне старшыня райвыканкама замацаваным за гаспадаркамі спецыялістам райветстанцыі. — Так і прывыкнуць арганізоўваць нармальны выгул». А Л.А. Лісоўскі зазначыў, што на дадзены момант няма ніводнай гаспадаркі, дзе б работу па арганізацыі выгулу можна было паставіць у прыклад.

Абмеркаваны і шэраг іншых актуальных пытанняў, ад размеркавання кароў па фізіялагічным стане да правядзення Дзён жывёлавода. Для збалансаванасці рацыёнаў кармлення па асноўных пажыўных рэчывах неабходна набываць шрот, бялковую сыравіну і патаку. Колькасць канцэнтратаў павінна залежыць ад надояў, колькі іх якой карове даваць, бачна са спецыяльных картак, дзе ўтрымліваецца ўся неабходная інфармацыя аб жывёле. Асобныя патрабаванні да грубых кармоў, якіх сёлета нарыхтавалі дастаткова, таму ў кормараздатчык неабходна загружаць толькі якасныя, а падгніўшыя, брудныя — на подсціл.

Не думаю, што для кагосьці з работнікаў гаспадарак пачутае з’явілася навіной — патрабаванні паўтараюцца з году ў год. Дык што ж перашкаджае іх выкананню? Адказ на вырашэнне гэтых пытанняў у «Вялікадолецкім» знайшлі, а астатнім і прыдумляць нічога не трэба — проста пераняць вопыт работы калег.

Д.Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *