На территории Ушачского сельсовета в решении вопросов благоустройства, изучению нужд и запросов населения способствует налаженная совместная работа сельисполкома и депутатов сельского Совета

Благоустройство Саветы і жыццё

«Выпадковых людзей у складзе дэпутацкага корпуса ў нас няма, — сцвярджае старшыня Ушацкага сельвыканкама В.І.Шнітко. — І гэта не высокія словы, а проза жыцця — кожны з народных абраннікаў карыстаецца павагай вяскоўцаў, дапамагае нам у рабоце з насельніцтвам, вырашэнні надзённых праблем жыхароў сельсавета». Дэпутатаў, якія пасля выбараў гэтага года ўвайшлі ў склад сельскага Савета, Васіль Іванавіч параўноўвае з дружным калектывам, згуртаваным і аб’яднаным адзінымі задачамі, важнейшай з якіх з’яўляецца падтрыманне зваротнай сувязі паміж жыхарамі населеных пунктаў сельсавета і органам мясцовага самакіравання. Таму і не хоча выдзяляць Васіль Іванавіч кагосьці асабіста, зусім не з-за таго, што можа некага пакрыўдзіць. Пра любога са сваіх калег па дэпутацкай дзейнасці адклікаецца выключна станоўча, адзначаючы хіба што стаж у гэтай грамадскай дзейнасці. У склад дэпутацкага корпуса 27 склікання ўвайшлі як правераныя кадры, так і шэраг новых асоб. Напрыклад, Аляксандр Сцяпанавіч Чапельнікаў, які мае сядзібу ў Лутаве Сяльцы, нягледзячы на тое, што жыве і працуе ў Наваполацку, знаходзіць час не толькі рэгулярна наведваць вёску, быць у курсе ўсіх спраў мясцовых жыхароў, але нават і трымаць невялікую падсобную гаспадарку. Новыя і маладыя людзі ў складзе дэпутацкага корпуса — Наталля Аляксандраўна Коршун і Сяргей Восіпавіч Чырвоны. Іх вылучэнне абумоўлена не толькі пражываннем на сяле, але і спецыфікай прафесійнай дзейнасці ў цесным кантакце з насельніцтвам на пасадах бухгалтара тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і старшага ўчастковага інспектара райаддзела міліцыі. Дапамагаюць ім у вывучэнні запытаў і праблем жыхароў Градзянца і Двор Пліна дэпутаты з вялікім жыццёвым і працоўным стажам, пенсіянеры Вера Мікалаеўна Жукава і Надзея Восіпаўна Дунец, якіх кіраўніцтва Ушацкага сельвыканкама цэніць за актыўную грамадзянскую пазіцыю і высокую выканаўчую дысцыпліну. Упершыню акунуўся ў дэпутацкую дзейнасць і ветэрынарны ўрач «Райаграсэрвіса» Аляксей Іванавіч Кабяк, у вырашэнні пытанняў выбаршчыкаў Ліпавецкай выбарчай акругі ён працуе разам з Верай Мікалаеўнай Салачэнкай, начальнікам архітэктурна-планіровачнага бюро пры райвыканкаме, для якой гэта ўжо трэці тэрмін у складзе сельскага Савета. Добра ведае насельніцтва прафесійныя і чалавечыя якасці супрацоўніка Ушацкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксандра Алегавіча Васілеўскага і начальніка цэха тэлерэтранслятара Віктара Мікалаевіча Рабізы, якія ўпершыню будуць адстойваць інтарэсы выбаршчыкаў Цялічынскай і Астравенецкай выбарчых акруг.

Вялікі стаж працы з людзьмі мае старшыня сельвыканкама Васіль Іванавіч Шнітко. Трымаць сувязь з аднавяскоўцамі роднага Матырына і суседніх вёсак яму дапамагае Галіна Сцяпанаўна Шайтар, інжынер-хімік агароднінасушыльнага завода. Надзейным памочнікам ва ўсіх справах і турботах мясцовага самакіравання з’яўляецца сацыяльны работнік Вольга Уладзіміраўна Хамёнак, якая прадстаўляе ў сельскім Савеце напэўна самую маляўнічую акругу — Плінскую. А самы багаты вопыт дэпутацкай дзейнасці, які не вельмі стасуецца з даволі маладым узростам, мае намеснік старшыні Ушацкага сельскага Савета ляснічы Плінскага лясніцтва Аляксандр Станіслававіч Баратынскі. Лепшай характарыстыкай яго адказных адносін да гэтай пасады з’яўляюцца словы кіраўніка справамі Ушацкага сельвыканкама Таццяны Міхайлаўны Мялешкі:

— Старшыня наш у водпуск можа ісці смела, бо пры ўсёй занятасці на асноўнай працы Аляксандр Станіслававіч ніколі не знаходзіцца ўбаку ад спраў грамадскіх — цікавіцца і выдатна ведае становішча на тэрыторыі сельсавета, пры неабходнасці і пасяджэнне савета прафілактыкі, і пазачарговую сесію сельскага Савета правядзе!

Напэўна, так і павінна працаваць улада базавага ўзроўню — абапіраючыся на вопыт, меркаванні і пажаданні людзей, праваднікамі якіх становяцца дэпутаты ніжэйшага, але бадай самага важнага звяна.

ПЫТАННІ ДОБРАЎПАРАДКАВАННЯ

Сельвыканкам для вясковых жыхароў — своеасаблівая выратавальная служба, першая інстанцыя, куды людзі звяртаюцца за дапамогай. Невялікі штат работнікаў штодня заняты самымі рознымі справамі. Пытанні рэгістрацыі, уліку, афармленне і выдача даведак — праца з паперамі, нябачная для большасці грамадзян, безумоўна важная і патрабуе шмат часу. Але як чалавека сустракаюць па вопратцы, так і тэрыторыю раёна шматлікія госці ацэньваюць у першую чаргу па знешнім выглядзе сельсаветаў, парадку ў населеных пунктах, санітарным стане грамадскіх тэрыторый і развіцці інфраструктуры. Вырашэнне пытанняў добраўпарадкавання, зручнасці пражывання людзей, утрымання асабістых домаўладанняў грамадзян і тэрыторый вытворчых і сацыяльна-культурных аб’ектаў — знешні, бачны вынік дзейнасці мясцовай улады базавага ўзроўню.

Ушацкі сельсавет у гэтым плане — адзін з самых паказальных, бо размешчаны ў непасрэднай блізкасці ад райцэнтра. Асноўны расход бюджэтных сродкаў ідзе на вулічнае асвятленне і яго тэхнічнае абслугоўванне — у бягучым годзе затрачана 45 мільёнаў 119 тысяч рублёў, на рамонт і грэйдзіраванне дарог — 40 мільёнаў 173 тысячы рублёў, на вырашэнне пытанняў добраўпарадкавання — 20 мільёнаў 740 тысяч рублёў. Той, хто ведае кошт адной машыны гравію або спілаванага верхалазамі дрэва, адназначна скажа, што гэта зусім невялікія сродкі, асабліва ў параўнанні з выкананымі аб’ёмамі работ. Сакрэт зробленага — у сумеснай зацікаўленасці сельвыканкама і насельніцтва вёсак да навядзення парадку, арганізацыі суботнікаў, дапамозе шэфаў з ліку арганізацый і прадпрыемстваў гарпасёлка.

У тым, што Матырына сёлета прызнана лепшым населеным пунктам па добраўпарадкаванні — вялікая заслуга яе жыхароў, якія выходзілі на суботнікі і вуліцамі, і ўсёй вёскай. Праведзена добраўпарадкаванне тэрыторыі Матырынскага сельскага Дома культуры, грамадскіх тэрыторый, пасля выдалення аварыйных дрэў і кустоўя, рамонту агароджы не пазнаць зараз і вясковыя могілкі. Навядзенню парадку на месцах апошняга прытулку ўдзялялася асаблівая ўвага і ў некаторых іншых населеных пунктах. Рамонт агароджы выкананы на могілках у Астравенцы, Роўбах, у Заазер’і і ва Угрынках. У Строктах, Роўбах, Глыбачцы, Замошшы-1 спілавана 11 аварыйных дрэў. На могілках двух апошніх населеных пунктаў, а таксама Замошша-2 і Старога Сяла на значных плошчах высечана кустоўе. Не забываюць і пра помнікі, якія ўвекавечваюць падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Выкананы рамонты абеліска загінуўшым землякам у Матырыне, Глыбачцы, добраўпарадкаваны месцы пахаванняў ахвяр вайны ў Забораўне.

У самай вялікай вёсцы сельсавета і аб’ёмы выкананых работ таксама вялікія. У Двор Пліне праведзены рамонт агароджы, афарбоўка малых архітэктурных формаў і вулічнага абсталявання дзіцячага сада, высечана кустоўе і выдалены старыя дрэвы ў парку, баршчэўнік Сасноўскага скошаны на плошчы 2,2 гектара. Таксама знішчалі зялёнага захопніка ў Строктах і Салонцы-1.

Псуюць знешні выгляд населеных пунктаў стыхійныя сметнікі, зарастаючыя ўчасткі, пустуючыя дамы і грамадскія пабудовы. Работа па выяўленні іх уладальнікаў і ліквідацыі «нічыйных» домаўладанняў ідзе пастаянна. Сёлета на тэрыторыі сельсавета знесена 4 пустуючыя дамы ў Матырыне, Старым Сяле, Папоўцы, ліквідаваны два трухлявыя хлявы ў Паперыне. Абкос пустазелля і навядзенне парадку на тэрыторыях домаўладанняў грамадзян вядзецца пастаянна. У бягучым годзе праведзена ўзворванне пустуючых участкаў грамадзян у Двор Пліне, Забораўне, Заазер’і, Лутаве Сяльцы, Матырыне, Машчонах, Салонцы-1. Наведзены парадак на міні-палігоне цвёрдых бытавых адходаў у Лутаве Сяльцы, ліквідаваны сметнікі у Строктах, Цялічыне, Салонцы-1.

Стан дарожнага палатна па населеных пунктах сельсавета таксама на асаблівым кантролі. Розныя віды дарожных работ праводзіліся ў Глыбачцы, Замошшы-2, Лутаве Сяльцы, Паперыне, Салонцы 2, Крошыне, Ліпаўцы, Матырыне, Астравенцы, Пліне, Цялічыне. Выкананы рамонт моста па вуліцы Цэнтральнай у Папоўцы, моста і дарогі ў Пушчы, ямачны рамонт у Строктах па вулыцы Цэнтральнай з заменай водапрапускной трубы.

Вырашаны многія пытанні водазабеспячэння. Адрамантаваны водаправодная траса і водаразборная калонка ў Заполлі, водаправодная траса і калонкі ў Лутаве Сяльцы, калонкі ў Машчонах, траса і калонкі ў Лазоўцы, калонкі ва Угрынках. Праведзены рамонт водаправоднай трасы і трох калонак, заменена помпа на свідравіне ў Матырыне.

У многіх населеных пунктах сельсавета радуюць вока дагледжаныя сядзібы грамадзян, актыўна ўключаюцца ў работу па навядзенні парадку дачнікі, якіх з кожным годам становіцца больш. Ідуць на самыя розныя мерапрыемствы па добраўпарадкаванні і сродкі самаабкладання, якія ўносяць у дапаўненне да бюджэтных сродкаў самі грамадзяне. І няхай яны невялікія, але ва Ушацкім сельсавеце яны збіраюцца ў поўным аб’ёме ад запланаванага, бо мясцовыя ўлады знайшлі такія словы, якія не пакідаюць вяскоўцаў раўнадушнымі, прымушаюць уключацца ў працу па навядзенні парадку большасць жыхароў сельсавета.

Д.Раманоўскі



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *