Кто готов выйти в поле? Сельхозорганизации выставляют технику на линейку готовности

Сельское хозяйство

Хоць і значна пабольшаў светлавы дзень, але ў веснавых клопатах аграрыяў яго ўсё роўна хапае не ўсім – у першую чаргу тым, хто ў студзёную пару года не прыклаў належных намаганняў да своечасовай падрыхтоўкі машын да пасяўной. Напачатку сакавіка своеасаблівую рысу пад зімовымі намаганнямі механізатараў і інжынерных службаў падвёў дзяржаўны тэхнічны агляд машынна­трактарнага парку гаспадарак. Яго вынікі паказалі розную ступень гатоўнасці сельгаспрадпрыемстваў да веснавой кампаніі – адны гатовы вывесці тэхніку на палі хоць заўтра, другім для гэтага трэба яшчэ шмат папрацаваць.

У мінулую пятніцу на вялікім мехдвары ААТ “Ільюшынскі” шматлікая тэхніка гаспадаркі не змагла выстраіцца ў шарэнгу з­за недахопу месца, бо значную частку тэрыторыі занялі пасяўныя і глебаапрацоўчыя агрэгаты, раскідвальнікі ўгнаенняў і іншыя механізмы, якія ўжо некалькі тыдняў стаяць на лінейцы гатоўнасці ў чаканні старту сяўбы. У першую чаргу да тэхагляду ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах раёна рыхтаваліся машыны, якія будуць задзейнічаны менавіта на пасяўной.

Галоўны інжынер “Ільюшынскага” Аляксей Сяргеевіч Клопаў, нягледзячы на малады ўзрост, перад пачаткам тэхагляду хваляваўся на першы погляд нават менш, чым яго бацька, механізатар Сяргей Уладзіміравіч. Ён сына не падвёў і давераныя дзве адзінкі тэхнікі “навёў” як след – і МТЗ­1221 і невялікі “Беларус­320” прайшлі агляд за лічаныя хвіліны. Як высветлілася ў далейшым, спакой інжынера тлумачыўся адказнымі адносінамі да падрыхтоўкі тэхнікі і ўсіх астатніх механізатараў гаспадаркі, сярод якіх, дарэчы, шмат моладзі. Яны хоць і жартавалі адзін над адным, але шчыра перажывалі і за сваю тэхніку, і за вынікі калег. Кожны трактар, які пад’язджаў на агляд да начальніка раённай інспекцыі Дзяржтэхнагляду Івана Мікалаевіча Пухальскага, мужчыны акружалі шчыльным колам і ўважліва сачылі за працэдурай здачы своеасаблівага экзамену. Строгія патрабаванні да стану тэхнікі з боку інспектара ў гаспадарках абраслі рознымі гісторыямі, дзе педантычнасць правяраючага хоць яўна перабольшваецца, але толькі мабілізуе механізатараў.

“А ну, Мікола, хадзі сюды!” – І.М.Пухальскі, які добра ведае пераважную большасць працаўнікоў палёў, падзывае жа сябе Мікалая Ступко і паказвае на нумар прычэпа, дзе не зусім яўна бачны лічбы. Механізатар апраўдваецца, маўляў “фарбаваў у непагоду, вось і падцяклі”, але неўзабаве спяшаецца за фарбай, каб выправіць недахоп. Такіх “касметычных” аперацый падчас тэхагляду было выканана некалькі: у асноўным хлопцы бралі “быка за рогі” – так ільюшынскія механізатары называюць трафарэт, з дапамогай якога на барты сваіх “жалезных коней” яны наносяць лагатып прадпрыемства. На некаторых адзінках тэхнікі дробныя хібы механізатары ліквідавалі, не адкладваючы справу ў доўгую скрыню. Так, пакуль Анатоль Дзмітрыевіч Спірыдзёнак дэманстраваў І.М.Пухальскаму “Дзвіну”, малады механізатар Аляксандр Дуброўскі пад наглядам больш вопытных калег паспеў падцягнуць тармазы і з паўторнай спробы атрымаў запаветны штамп у тэхталон.

Усяго ж у “Ільюшынскім” налічваецца 32 адзінкі тэхнікі, з якіх было прадстаўлена 23, а тэхагляд прайшлі 22, толькі ў адным з “Амкадораў” падвёў рулявы механізм. Працэс праходзіў хутка, чаму ў значнай ступені спрыяла і якасная падрыхтоўка неабходнай дакументацыі. Менавіта на яе пераафармленне І.М.Пухальскі ў КУСГП “Вялікадолецкае” патраціў часу нават больш, чым на сам тэхагляд – мясцовыя механізатары таксама пастараліся давесці тэхніку да належнага стану. Прычым, у гэтай гаспадарцы яна старэй, чым у суседзяў з “Ільюшынскага”, але годным да эксплуатацыі было прызнана нават старэнькае самаходнае шасі Т­16. Свежай фарбай і неблагім тэхнічным станам радавалі вока і іншыя трактары сельгаспрадпрыемства, якое мае адзін з самых вялікіх машынна­трактарных паркаў у раёне – 30 адзінак тэхнікі. Пасля праходжання тэхагляду 21 з іх была дапушчана да эксплуатацыі.

Ну а самая вялікая колькасць тэхнікі знаходзіцца на балансе ААТ “Ушацкі райаграсэрвіс”. Трэба сказаць, што некаторыя яе адзінкі – толькі ўмоўна, бо фактычна яны разукамлектаваны і наўрад ці падлягаюць аднаўленню, як, напрыклад, “Амкадор”, энерганасычаны МТЗ­3022, экскаватар ЭО­3223. Для праходжання дзяржтэхагляду ў тут выставілі 13 адзінак з 39, з іх прыгоднымі да эксплуатацыі прызнаны 12, з якіх 2 – новыя “Амкадоры”. А ў КУСГП “Кублічы” з 20 адзінак тэхнікі да тэхагляду падрыхтавалі толькі 4 трактары, аднак ніводны яго не прайшоў.

– Тэхніка не ачышчана, не пафарбавана, не праведзена тэхнічнае абслугоўванне энерганасычаных трактароў, адзін з іх поўнасцю разукамплектаваны – падводзіць сумныя вынікі І.М.Пухальскі. – З­за тэхнічных няспраўнасцей і нездавальняючага знешняга выгляду эксплуатацыя сельскагаспадарчых машын забаронена. Дырэктар гаспадаркі за невыкананне прадпісання Дзяржтэхнагляду прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.

У параўнанні з мінулым годам не могуць пакуль пахваліцца якаснай падрыхтоўкай да сяўбы ў КУСГП “Глыбачаны”, дзе тэхагляд прайшлі толькі пяць адзінак тэхнікі з 15, якія маюцца. Ні на адным з энерганасычаных трактароў тут не выканана тэхнічнае абслугоўванне. А ў КУСГП “Арэхаўна”, наадварот, стан спраў аказаўся лепшым мінулагодняга. Нават у адсутнасць кіраўніка гаспадаркі галоўны інжынер Аляксандр Уладзіміравіч Сабалеўскі разам з механізатарамі змаглі падрыхтаваць да тэхагляду 11 з 18 адзінак тэхнікі, 10 з якіх паспяхова вытрымалі экзамен на гатоўнасць да эксплуатацыі. У чарговы раз пацвердзілі свой высокі прафесійны ўзровень механізатары ААТ “Агра­Селішча”, якія без спецыялістаў інжынерных службаў гаспадаркі належным чынам падрыхтавалі да тэхагляду 8 з 13 трактароў. Ну а самы высокі працэнт падрыхтоўкі прадэманстравалі ў ААТ “Дземенец”, дзе на лінейку выставілі 11 адзінак з 12 і толькі адзін трактар не атрымаў адзнаку гатоўнасці па прычыне зношанасці гумы.

Гэта праблема застаецца актуальнай для ўсіх без выключэння сельгаспрадпрыемстваў. Як і зусім слабая падрыхтаванасць прычэпаў, якія без праходжання тэхагляду эксплуатаваць таксама нельга.

– У гаспадарках іх разглядаюць як “дапаўненне” да трактароў, – расказвае І.М.Пухальскі. – Між тым, патрабаванні да іх нічым не адрозніваюцца ад патрабаванняў да тэхнікі. Яны павінны быць спраўнымі, мець нармальны знешні выгляд. 3 прычэпы з 10 прайшлі тэхагляд у “Вялікадолецкім”, 2 з 12 – у “Райаграсэрвісе”, толькі адзін быў прызнаны спраўным у “Глыбачанах”, у КУСГП “Кублічы” – ніводнага…

У цэлым па раёне сельгаспрадпрыемствы прадставілі да тэхагляду 59 працэнтаў тэхнікі. Прызнаны годнымі да эксплуатацыі – 54 працэнты.

“Маглі б і больш адзінак выставіць, але ж да тэхагляду нам выдалі толькі фарбу і лямпачкі!” – выдаюць унутраныя вытворчыя “сакрэты” механізатары адной з гаспадарак. Праблема недахопу сродкаў на набыццё запчастак існуе, таму ў выйгрышы заўсёды той, хто адносіцца да тэхнікі беражліва на працягу ўсяго сезона, па­гаспадарску рыхтуе яе восенню для пастаноўкі на захоўванне. Прасачыць заканамернасць тут зусім не цяжка – менавіта тыя сельгаспрадпрыемствы, дзе пасля завяршэння сезоннага цыкла работ не было асаблівых праблем з пастаноўкай тэхнікі, сёлета і з’яўляюцца лідарамі па яе падрыхтоўцы да эксплуатацыі.

Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *