ОАО «Деменец» лидирует в Ушачском районе по темпах посевной

Сельское хозяйство

“Из одного металла льют медаль за бой, медаль за труд” – гэтыя радкі ў розных крыніцах прыпісваюцца як А.Твардоўскаму, так і менш вядомаму паэту­-франтавіку А.Недагонаву. Пакіну высвятленне аўтарства выразу, які стаў крылатым, на сумленне літаратуразнаўцаў, але менавіта ён прыйшоў у галаву, калі ў сераду назіраў за працай на сяўбе аграрыяў ААТ “Дземенец”. Напярэдадні свята Вялікай Перамогі, успамінаючы падзеі 70­-гадовай даўніны, міжволі праводзіў паралелі паміж ваеннымі кампаніямі тых цяжкіх часоў і сёлетняй пасяўной, а пагутарыўшы з удзельнікамі палявых работ, пераканаўся: паспяховае завяршэнне яравой сяўбы механізатарамі і спецыялістамі сельгаспрадпрыемства – такое ж немінучае, як і Перамога ў маі 1945 года.

“Галоўнакамандуючы” невялікай, але вельмі баяздольнай “арміі” дземенецкіх механізатараў дырэктар Аляксандр Віктаравіч Шарыпенка прама на ўскрайку поля праводзіў рэкагнасцыроўку з “начальнікам штаба” – брыгадзірам Аляксандрам Уладзіміравічам Яловікам. Без карты ў гэтай справе не абысціся, бо кожны год гаспадарка прырастае новымі землямі. У глыбокім “тыле” засталася цэнтральная сядзіба “Дземенца”. Плошчы дубраўскіх палеткаў, якія зараз апрацоўвае сельгаспрадпрыемства, ужо ўдвая большыя за землі былога калгаса імя Кірава, таму скончыўшы азімую сяўбу на “Глыбацка­-Астравенецкім плацдарме” ўвосень і “дабіўшы” з пачатку веснавых работ невялікія плошчы яравых на спрадвечных тэрыторыях, аграрыі “Дземенца” асноўныя намаганні сканцэнтравалі на “ўсходнім фронце” – ужо засеялі практычна ўсе ўчасткі абапал дарогі на Віцебск ад ракі Дзіва да Дубраўкі, паспяхова правялі “баі мясцовага значэння” ў Калках, Зарэччы і Навасёлках. Вось і лідзіравала па стане на 23 красавіка гаспадарка па тэмпах сяўбы зерневых і зернебабовых культур – 54,6 працэнта пры сярэднераённым паказчыку ў 29,3.

Неблагім тэмпам “наступлення” спрыяе і папярэдняя праца “дальнабойнай артылерыі” – яшчэ з зімы прадбачліва правялі ўзворванне плошчаў, таму зараз усе “баявыя” адзінкі тэхнікі задзейнічаны на перадавой – на дапрацоўцы глебы і непасрэдна на сяўбе. Нягледзячы на вымачкі новыя ўчасткі ля фермы Хадакова “захопліваў” Аляксандр Лук’яненка на МТЗ­-1221 з дыскамі, а вялікі МТЗ-­3022 пад кіраваннем Анатоля Грачова “штурмаваў” буйное 65­гектарнае поле за Старыной, рыхтаваў участак для працуючага непадалёк шасціметровага пасяўнога агрэгата, зачэпленага за энерганасычаным трактарам ветэрана шматлікіх бітваў за ўраджай М.Яловіка. Больш трыццаці гадоў шчыруе на хлебнай ніве Мікалай Уладзіміравіч і ўспамінае, што лёгка ніколі не было. Больш таго – пару дзесяцігоддзяў таму пасяўная давалася лягчэй. Не з­за таго, што быў маладзей, бо зараз узрост кампенсуецца вопытам: “Аб’ёмы былі не тыя, а тэхніка працавала хоць і невялікая, ды сеялак было больш!” – прыгадвае вопытны механізатар.

Як і ў мінулым годзе сёлета ў “Дземенцы” задзейнічаны два пасяўныя агрэгаты. Нягледзячы на не вельмі вялікія плошчы сяўбы зерневых і зернебабовых (500 гектараў) нагрузкі на сеялкі хапае – у гаспадарцы традыцыйна робяць стаўку на разнастайнасць культур, немалыя плошчы запланаваны і пад рапс – 400 гектараў. На ўчастку ля Хадакова ў сераду яшчэ адзін з “ветэранаў” хлебаробскай нівы Ігар Мамон на “Палессі” з трохмятровым пасяўным агрэгатам сеяў лубін – “стратэгічную”, па словах кіраўніка гаспадаркі, культуру, якая ў мінулым годзе дала рэкордны ўраджай у 22 цэнтнеры з гектара, таму плошчы пад яе сёлета пашыраны. У тым, што пасля ўборачнай менавіта лубін стане адной з крыніц паляпшэння фінансавай стабільнасці прадпрыемства, А.В.Шарыпенка не сумняваецца. “Пры спрыяльных умовах плануем са 150 гектараў сабраць 350-­400 тон – дзеліцца планамі Аляксандр Віктаравіч. – Пры кошце каля 4 тысяч рублёў за кілаграм пасля рэалізацыі атрымаем пад мільярд рублёў” .

Непасрэдна ля пасяўных агрэгатаў знаходзяцца і працаўнікі, якія адказваюць за “тылавое” забеспячэнне і падвоз “боепрыпасаў” – насення. Руслан Грачоў дастаўляе яго на МАЗе, а пакуль М.Яловік у палявых умовах ажыццяўляў рамонт, яго пасяўны агрэгат пратраўленым зернем ячменю загружалі Валерый Лабоха і Мікалай Рыкцер. Да сеялкі “Lemken” І.Мамона падвозіў зерне адзін з самых маладых механізатараў гаспадаркі Антон Шахаў. “Быў не вытрымаў сялянскай працы і “дэзерціраваў” ад нас, – ківаючы на хлопца, жартуе А.В.Шарыпенка. – Але пасля году працы на адным з прадпрыемстваў райцэнтра зноў уліўся ў нашы рады. Даверылі яму новы МТЗ­82, працуе нармальна”. Доказам шчырых адносін хлопца да працы з’яўлялася і тое, што ў час паміж загрузкамі сеялкі насеннем лубіну ён не “курыў” у кабіне трактара, а займаўся “размініраваннем” поля – адкочваў на ўзмежак камяні. Ды і наогул, высокую арганізаванасць, адказнасць і зладжанасць дзеянняў на вясенніх палявых работах дэманструюць усе працаўнікі “Дземенца”, а дысцыпліна тут – і сапраўды армейская.

“Інтэнданцкую службу” гаспадаркі ўзначальвае галоўны інжынер Уладзімір Ягоравіч Хамёнак, які пастаўляе на “перадавую” запчасткі і паліва для тэхнікі, адказвае і за харчовае забеспячэнне “асабовага складу”. Дастаўку абедаў, падвячоркаў, а таксама механізатараў з “гарнізону” ў Глыбачцы яму дапамагае ажыццяўляць і дырэктар, бо ў адзін аўтамабіль працаўнікі не змесцяцца. Тэхніка ж начуе на “месцы дыслакацыі” – з некаторымі жыхарамі навакольных вёсак за апошнія гады ў кіраўніцтва гаспадаркі склаліся сяброўскія адносіны, вось і прыглядаюць вяскоўцы за трактарамі і агрэгатамі сейбітаў, пасля таго, як яны з цёмным накіроўваюцца дадому, каб уранку зноў парушыць цішыню навакольных вёсак мірным гулам рухавікоў.

Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *