В плену вредной привычки.Курение не только вредит здоровью, за это можно ещё получить и штраф

Здравоохранение

Чаму вы думаеце, што вам пашанцуе? Вы глыбока памыляецеся, калі лічыце, што негатыўныя наступствы курэння пройдуць міма. Вы – не выключэнне і жывяце, як і ўсе жывыя арганізмы, па законах прыроды. Калі вы курыце, у любым выпадку памраце раней! Кожная цыгарэта адымае частку адмеранага вам жыцця. Дык ці варта працягваць?..

Калі хочаце даказаць сабе і акружаючым, што вы – валявы чалавек, здольны самастойна зрабіць правільны выбар, заўсёды выглядаць молада і прывабна, не зрабіць сябе хадзячай рэкламай атрутных тытунёвых вырабаў і стаць дастойным прыкладам уласным дзецям, значыць ваш выбар – адмовіцца ад курэння назаўсёды. Гэтым вы істотна падоўжыце сваё жыццё. Па даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, штогод у свеце 5,4 мільёна чалавек памірае ад хвароб, якія правакуюцца курэннем: артэрыяльнай гіпертэнзіі, ішэмічнай хваробы сэрца, мазгавога інсульту, хранічнага бранхіту і эмфізэмы лёгкіх, гастрыту, язвы страўніка і дванаццаціперснай кішкі, хранічнага каліту. Дробныя крывяносныя сасуды закупорваюцца тромбамі, а іх спазм пад уплывам нікаціну прыводзіць да ўзнікнення гангрэны – канечнасці ампутуюць. У чалавека зніжаецца імунітэт, у жанчын – здольнасць да дзетанараджэння, а ў мужчын развіваюцца імпатэнцыя і бясплоддзе. Курэннем выклікана 30 працэнтаў смерцяў ад анкалагічных захворванняў: рака губы, гартані, бронхаў, лёгкіх, стрававода, страўніка, падстраўнікавай залозы, мачавога пузыра.

Не адчайвайцеся, калі адмовіцца ад шкоднай звычкі адразу не атрымаецца. Галоўнае – пастаянна ісці наперад і не спыняцца на дарозе, якая вядзе да здаровага і паўнацэннага жыцця, свабоднага ад тытунёвай атруты.

В.ШАЎЧЭНКА, намеснік галоўнага ўрача Ушацкай ЦРБ па медыцынскім абслугоўванні насельніцтва.

Дзеці, чые маці падчас цяжарнасці злоўжывалі алкаголем і курэннем, у дарослым жыцці больш схільныя да здзяйснення злачынстваў. Да такой высновы прыйшоў галоўны дзіцячы псіхіятр Расіі Я.Макушкін. Па яго словах, цыгарэты і спіртныя напоі, якія ўжываюцца асабліва ў першым трыместры цяжарнасці, вядуць да таго, што ў малога развіваецца разумовая адсталасць.

Навукоўцы з Лондана ўстанавілі, што курэнне ў прамым сэнсе раскладае мозг, парушаючы здольнасць да навучання, разважання і запамінання. Абследаванне 8800 чалавек, старэйшых за 50 гадоў, якія не толькі курылі, але і пакутавалі ад высокага ціску і лішняй вагі, пацвердзіла, што ўсе гэтыя фактары самым негатыўным чынам адбіваецца на стане мозгу.

У кожнага з нас ёсць права дыхаць чыстым паветрам. Аднак курцы сваю плату здароўем часта дзеляць з акружаючымі: той, хто знаходзіцца побач, падвяргаецца амаль такому ж шкоднаму ўздзеянню тытуню, як і яны самі. Між тым, гэтага негатыўнага аспекта ў большасці выпадкаў можна пазбегнуць: у Беларусі дзейнічае шэраг нарматыўна-прававых актаў, якія вызначаюць месцы, дзе курэнне забаронена, і меры адказнасці за парушэнне акрэсленых норм.

Так, Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №28 “Аб дзяржаўным рэгуляванні вытворчасці, абароту і спажывання тытунёвай сыравіны і тытунёвых вырабаў” (п.38) забаронена курэнне (за выключэннем месцаў, спецыяльна прызначаных для гэтай мэты) ва ўстановах аховы здароўя, культуры, адукацыі, спорту, на аб’ектах гандлю і бытавога абслугоўвання насельніцтва, на шэрагу аб’ектаў грамадскага харчавання, у памяшканнях органаў дзяржкіравання, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, на вакзалах, у падземных пераходах, грамадскім транспарце. У адпаведнасці з артыкулам 17.9 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, курэнне ў месцах, дзе яно забаронена, цягне накладанне штрафу ў памеры да 4 базавых велічынь.

А вось калі курэц атручвае суседзяў тытунёвым дымам, ён парушае “Правілы карыстання жылымі памяшканнямі, утрымання жылых і дапаможных памяшканняў жылога дома ў Рэспубліцы Беларусь” (ч.2 п.п.6.3 п.6) – згодна з ім, не дапускаецца курэнне ў месцах агульнага карыстання: на лесвічных маршах і пляцоўках, у ліфтавых холах, калідорах. На парушальнікаў складаюцца пратаколы аб адміністрацыйнай адказнасці і накладаецца штраф у памеры да 30 базавых велічынь.

Акрамя гэтага, паводле “Правілаў пажарнай бяспекі Рэспублікі Беларусь для жылых будынкаў, інтэрнатаў, індывідуальных гаражоў і садоўніцкіх таварыстваў. ППБ 2.13-2002” (ч.1. п.34), не дапускаецца курэнне на тэрыторыі адкрытых стаянак, у гаражах, дапаможных памяшканнях, паддашках, скляпах, тэхнічных паверхах і падполлях, у месцах захоўвання гаручых рэчываў. Парушэнне гэтага патрабавання цягне адміністрацыйную адказнасць па ч.1 арт.23.56 КоАП у выглядзе штрафу да 30 базавых. Разам з тым курэнне ва неўстаноўленых месцах, звязанае з парушэннем правілаў па ахове працы (звычайна ў вытворчых памяшканнях), можа пацягнуць адміністрацыйную адказнасць, прадугледжаную арт.9.17 КоАП, – штраф да 50 базавых велічынь.

І гэта далёка не ўсе юрыдычныя магчымасці абараніць права грамадзян дыхаць чыстым, свежым паветрам. А таму перш чым запаліць цыгарэту, курцам варта ўпэўніцца, што такімі дзеяннямі яны не пераступаюць мяжу закону.

А.АНДРОСАЎ, выконваючы абавязкі начальніка РАУС.

Нашы замежныя суседзі ў рашэнні “тытунёвай” праблемы пайшлі далей. У Германіі, напрыклад, парушальнік можа быць аштрафаваны на 1000 еўра. А ў Фінляндыі дзейнічае першая ў Еўропе праграма па поўнай адмове ад курэння.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *