Лето и кишечные инфекции. Как избежать отравления?

Здравоохранение

Мы любім лета за сонечнае надвор’е, цеплыню, але не менш усіх нас яго любяць і самыя розныя бактэрыі, узбуджальнікі небяспечных кішэчных інфекцый. Спёка і павышаная вільготнасць – ідэальныя ўмовы для іх размнажэння. У цёплую пару года у наш рацыён уваходзіць шмат зелені, агародніны, ягад і грыбоў. Атрымаць атручванне імі даволі проста, калі не захоўваць правілы асабістай гігіены, ужываць няякасную пітную ваду і не апрацоўваць як след дары прыроды. Ды і звыклыя для ўжывання ў любую пару года прадукты пры высокай тэмпературы маюць уласцівасць хутка псавацца – хутчэй, чым мы можам гэта заўважыць. Пра атручванне сведчаць наступныя сімптомы: рвоты, млоснасць, болі ў жываце, панос, галаўны боль і высокая тэмпература. І хаця часцей за ўсё вылечыцца ад расстройства жывата можна хатнімі сродкамі, у выпадку сур’ёзнага харчовага атручвання трэба неадкладна звярнуцца за медыцынскай дапамогай, тым больш, калі гаворка ідзе пра дзяцей. Назавём самыя распаўсюджаныя бактэрыі, якія выклікаюць харчовыя атручванні:

Сальманэла. Ёй “па душы” прадукты жывёльнага паходжання: яйкі, мяса, малако і малочныя прадукты. Гэту бактэрыю могуць разносіць грызуны і мухі, таму пры іх наяўнасці ў вашым жыллі рызыка захворвання сальманелёзам узрастае. Ужо праз 8 гадзін пасля ўжывання заражанай ежы могуць з’явіцца болі ў жываце і галаўны боль, панос, рвота і тэмпература.

Стафілакок. Гэтыя бактэрыі жывуць паўсюдна, але шкоднымі для чалавека становяцца, калі трапляюць у спрыяльныя ўмовы і пачынаюць выдзяляць ядавітыя рэчывы. Любімае асяроддзе пражывання стафілакокаў – прадукты з высокім ўтрыманнем вугляводаў: марожанае, пірожнае, крэмы, жэле, не “пагрэбуюць” таксама гэты бактэрыі мясам і рыбай. Прыкметы атручвання праяўляюцца праз 5-6 гадзін.

Батулізм. Гэта захворванне вызывае бактэрыя, якая не мае патрэбы ў кіслародзе, можа жыць у глебе і паразітуе ў кішэчніку жывёл. Чалавек атрымлівае атручванне, з’еўшы заражаную рыбу, мяса, кансервы або морапрадукты. Асноўныя прыкметы: галавакружэнне, невыразнасць зроку, цяжкія павекі, замаруджаная гаворка, слінацячэнне.

У летнія месяцы трэба быць асабліва асцярожнымі з зелянінай, якая можа быць забруджана зямлёй і гноем. Абавязкова мыйце агародніну, для яе нарэзкі выкарыстоўвайце асобную дошку. Сальманелёз лёгка можа выклікаць такая любімая частка сняданку як яйкі, таму варыць іх трэба не менш 7 хвілін і не менш 5 – смажыць, старайцеся пазбегнуць улетку ўжыванне страў, якія ўтрымліваюць сырыя яйкі. Ні ў якім разе не ешце марожанае або вяршкі, якія маюць падталы выгляд, або выклікаюць уражанне, што яны былі расталыя, а потым замарожаны зноў.

Харчовага атручванне з вялікай доляй верагоднасці вы пазбегнеце, выконваючы і яшчэ некалькі правілаў. Сырыя мяса, рыбу, яйкі трымайце ў халадзільніку далей ад прадуктаў, гатовых да ўжывання, не ешце недапечаныя і недавараныя стравы. Пры пакаёвай тэмпературы многія прадукты захоўваюцца не больш 2 гадзін, таму своечасова ўбірайце іх у халадзільнік. У магазінах заўсёды правярайце тэрмін годнасці тавару, бярыце садавіну і гародніну без пашкоджанняў, старайцеся не перакусваць на вуліцы ежай з палатак, асабліва гэта датычыцца мясных прадуктаў. Памятайце залатое правіла – дзе чысціня, там мікробаў практычна не бывае. Мыйце рукі перад тым, як збіраецеся гатаваць страву, накрываць на стол, прымацца за ежу, пасля любога выхаду на вуліцу, трымайце ў чысціні посуд. Прытрымлівайцеся гэтых парад і летні адпачынак пройдзе лёгка і проста, без лішніх праблем для ўласнага арганізма.

А.Халецкая, урач-эпідэміёлаг ДУ “Ушацкі РЦГЭ”.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *