Для воспитателя яслей-сада №2 г.п.Ушачи Елены Лёля все воспитанники как родные!

Экономика и малый бизнес

– Я вельмі люблю дзяцей! Яны ўсе для мяне, як родныя, кожны з іх без выключэння як свой! – шчыра прызналася ў пачатку размовы выхавацель дзіцячага ясляў­сада №2 г.п.Ушачы Алена Рыгораўна Лёля.

Пасля заканчэння Полацкага педагагічнага вучылішча імя Ф.Скарыны А.Лёля некаторы час працавала ў Расіі, але душа ўвесь час цягнулася на радзіму – ва Ушачы. У 1989­-м годзе яна пераступіла парог дзіцячага сада №2 і з таго часу адлучалася хіба толькі на час працоўнага адпачынку. За 26-­гадовы стаж работы Алена Рыгораўна выхавала 7 выпускаў, а першыя яе “выпускнікі” ўжо адпраўляюць у садок сваіх дзетак. Як успамінае А.Р.Лёля, пачынаць работу было, канечне, складана – мала практычнага вопыту, вялікая адказнасць, ды і дзяцей у групах на той час было намнога болей, чым цяпер – даходзіла нават да 35-­37 чалавек. Да кожнага дзіцяці трэба ўмець знайсці падыход, наладзіць кантакт, асабліва калі набіраецца малодшая група і дзеці адаптуюцца да новых умоў. Усё гэта ў Алены Рыгораўны атрымліваецца вельмі добра, яна не толькі выдатна ладзіць з дзецьмі, а і імкнецца развіваць іх уменні і навыкі, каб у школу яны ўжо ішлі з пэўным запасам ведаў. Напрыклад, больш 10 гадоў А.Р.Лёля займаецца з дзецьмі па спецыяльнай тэхналогіі – сучаснай тэорыі рашэння вынаходніцкіх задач, якая развівае ў дзяцей лагічнае мысленне, мову, творчыя здольнасці, дапамагае знайсці выйсце з пэўнай сітуацыі. У Алены Рыгораўны па дадзенай тэорыі абагульнены вопыт, менавіта па гэтай тэме летась яна пацвердзіла сваю вышэйшую катэгорыю.

– А.Лёля ініцыятыўны, творчы педагог. Трэба адзначыць, што Алена Рыгораўна займалася з дзецьмі і па яшчэ адной карыснай методыцы Зайцава, якая арыентавана на ранняе чытанне. Заўважана, што нашы былыя выхаванцы, якія сёлета скончылі школу і здалі ўступныя іспыты на высокія балы, займаліся менавіта па гэтай методыцы, – расказвае загадчык ясляў­сада №2 Людміла Андрэеўна Напрыенка.

Акрамя гэтага жанчына яшчэ і сапраўды творчы чалавек. У часы, калі ва ўстанове існавала вакальная група, Алена Рыгораўна была ў ёй салісткай. А ў якіх толькі казачных герояў падчас святочных дзіцячых мерапрыемстваў яна не пераўвасаблялася.

У тым, што А.Лёля добра ладзіць з дзецьмі і яны цягнуцца да свайго выхавацеля, удалося ўпэўніцца, усяго на некалькі хвілін зазірнуўшы ў сярэднюю групу, дзе панавала цёплая сяброўская атмасфера, дзеці займаліся на чарговых занятках.

– Жэня, не перажывай, усё ў цябе атрымаецца, трэба толькі пастарацца! Аляксандра, малайчына, з заданнем справілася! – для кожнага выхавальнік заўсёды знойдзе добрыя цёплыя словы, ніхто не застанецца без увагі, пахвалы.

– Без перабольшвання магу сказаць, што работа з дзецьмі – гэта маё прызванне, я проста не ўяўляю сябе ні ў якой іншай прафесіі! – дзеліцца з намі жанчына. – Пагаджуся, што гэта няпростая справа, бо ў кожнага свой характар, але кожнаму патрэбна пяшчота і ўвага, толькі пры гэтым важна не забываць і пра дысцыпліну. Я на рабоце зусім не стамляюся, наадварот, дзеці даюць мне незвычайную энергію і дома ў цішыні нават нязвыкла становіцца. Не паверыце, калі іду ў водпуск, хутка пачынаю сумаваць па сваіх выхаванцах і хутчэй хочацца вярнуцца на сваё працоўнае месца.

Менавіта такім павінен быць сапраўдны выхавацель дзіцячага сада – добрым, чулым, шчырым, які не дзеліць дзяцей на сваіх, чужых і любімчыкаў і аддае ўсю сябе маленькім сонейкам.

Так склалася, што ў гэтыя выхадныя ў Алены Рыгораўны Лёля двайное свята: акрамя віншаванняў з Днём настаўніка яна прымае цёплыя словы ў свой адрас і ў гонар юбілею.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *