Первый шаг во взрослую жизнь.Юный ушачанин Дима Полозов успешно учится в лицее при Гомельском институте МЧС

Наши дети

Учарашні шасцікласнік, вучань Ушацкай школы Дзіма Полазаў, надзеўшы форму ліцэіста, прыкметна памужнеў і стаў выглядаць больш дарослым. Не магла стрымаць слёз радасці і хвалявання мама хлопчыка Святлана Рыгораўна, калі прыехала да сына ў  ліцэй пры Гомельскім інстытуце Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь на ўрачыстую клятву. Не менш хваляваўся на гэтым мерапрыемстве і сам Дзіма – яно і не дзіўна, бо ніколі яму яшчэ ў жыцці не прыходзілася прамаўляць клятву ў прысутнасці такой вялікай колькасці людзей, сярод якіх міністр па надзвычайных сітуацыях, прадстаўнікі ўлады і духавенства і, канечне, самыя блізкія, родныя людзі.

Жаданне паступіць у ліцэй МНС у хлопца ўзнікла даўно і было абдуманым. Дзіма  вырашыў пайсці па слядах свайго старэйшага брата Ігара, які скончыў гэтую навучальную ўстанову і заўсёды, калі прыязджаў дадому, з захапленнем дзяліўся ўражаннямі ад вучобы. Мама тым часам спрабавала адгаварыць хлопца паступаць у такім раннім узросце ды яшчэ так далёка ад дома, але Дзіма стаяў на сваім. Прайшоўшы медыцынскую камісію, пачаў рыхтавацца да ўступных іспытаў, хадзіў на школьныя факультатывы, займаўся з настаўнікамі, трэніраваўся па аналагічных заданнях у інтэрнэце. У выніку такая падрыхтоўка, а таксама ўпартасць і мэтанакіраванасць дапамаглі Дзіму паспяхова здаць уступныя экзамены па матэматыцы і беларускай мове.

– Мне вельмі падабаецца вучыцца! – дзеліцца ўражаннямі Дзмітрый. – Хоць гэта далёка ад дому і ўпершыню пасля першага званка я прыехаў ва Ушачы толькі цяпер на восеньскія канікулы. Вучоба мне даецца лёгка. У ліцэі існуе строгі распарадак і дысцыпліна, пастаянна займаемся страявой падрыхтоўкай, маюцца тут гурткі, звязаныя з выратавальным спортам. Цікава праходзяць іншыя мерапрыемствы, за першую чвэрць мы паспелі пабываць у цырку, музеі і на спектаклі.

Ушацкі хлопчык у ліцэі ўжо паспеў праявіць сябе. У конкурсе “Эрудыт”, які праводзіўся сярод навучэнцаў усіх курсаў (7-11 класы), заняў 5 месца. А за добрыя паводзіны і выдатную вучобу яго прозвішча занесена на Дошку гонару ўстановы.

Дарэчы, нягледзячы на адлегласць, бацькі ліцэістаў заўсёды могуць прасачыць адзнакі сваіх дзяцей у інтэрнеце праз спецыяльны электронны журнал. Ну а непасрэдна ў саміх навучэнцаў ёсць добры стымул да выдатнай вучобы: выпускнікі ліцэя з адзнакамі не ніжэй 7 балаў у атэстаце могуць паступаць у любую вышэйшую навучальную ўстанову краіны без праходжання цэнтралізаванага тэсціравання і іншых іспытаў. Большасць выпускнікоў ліцэя звязваюць сваё жыццё менавіта з прафесіяй выратавальніка. Так, напрыклад, старэйшы брат Дзмітрыя Полазава зараз працуе ў Полацкім аддзеле па надзвычайных сітуацыях.

– Многія бацькі баяцца адпускаць дзяцей вучыцца ў ліцэй, але калі ў іх ёсць жаданне, то лепш дапамагчы ім у дасягненні гэтай мэты, – разважае маці Дзмітрыя Полазава. – Канечне, я вельмі сумую, бо часта з сынам бачыцца мне не даводзіцца, але калі ён з радасцю пачынае расказваць, як яму там падабаецца, настрой у мяне ўздымаецца. А калі прыехаў на канікулы, адразу заўважыла, што стаў сын больш самастойным і дарослым.

Пакуль яшчэ Дзмітрый не вызначыўся, з якой прафесіяй дакладна звяжа сваё жыццё, але  прафесія выратавальніка ў ліку прыярытэтных.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *