Усадьба семьи Пугач из деревни Казимирово признана лучшей в Великодолецком сельсовете на районном конкурсе по благоустройству

Благоустройство

Вялікі дом з усімі выгодамі ў вёсцы Казімірова для маладой сям’і Пугач стаў падарункам на вяселле ад калгаса “Новае Жыццё”, дзе ў канцы 80­-х Уладзімір Антонавіч працаваў вадзіцелем. Ну а яго жонка Галіна Васільеўна пасля заканчэння педвучылішча размеркавалася ў Маладолецкую школу настаўніцай малодшых класаў. Працавітасці і гаспадарлівасці маладых вучыць было не трэба – абое родам з навакольных мясцін, выраслі ў вялікіх сем’ях: у Галіны Васільеўны пяцёра братоў і сясцёр, а бацькі Уладзіміра Антонавіча нарадзілі ажно 10 дзяцей. Дарэчы, мы неаднойчы расказвалі ў газеце пра адну з сясцёр мужчыны – Алену Антонаўну Бойчанка, якая працягнула сямейныя традыцыі і выхоўвае шасцёра дзетак.

Вядома ж, у вялікіх вясковых сем’ях заўсёды абавязкова трымалі падсобную гаспадарку, якая з’яўляецца адной з галоўных крыніц дабрабыту. Вось і на падворку ў сям’і Пугач ёсць конь – гаспадары апрацоўваюць немалы ўчастак зямлі, сёлета, напрыклад, сабралі добры ўраджай з 50 сотак бульбы – 150 мяшкоў – і ўсёй радні хопіць, і для паўдзясятка парсючкоў, што гадуюцца на падворку, корм будзе. Ёсць у гаспадарцы таксама бройлеры, а да мінулага года была і карова, ад якой пазбавіліся найперш з­-за занятасці на рабоце.

Уладзімір Антонавіч працуе зараз у Вялікадолецкім лясніцтве, і службовыя абавязкі лесніка, якія ён выконвае старанна і сумленна, прымушаюць увесь час быць далёка ад дому. А Галіне Васільеўне пасля закрыцця Маладолецкай школы прапанавалі стаць выхавацелем у Вялікадолецкім дзіцячым садзе. Да кожнага з 11 малышоў сваёй рознаўзроставай групы яна знаходзіць індывідуальны падыход. Прыбягаюць на перапынку ці пасля ўрокаў да былога выхавацеля і першакласнікі: вось і ў момант нашага візіту пагуляць з любімай лялькай зайшла Аня Савіна, а бойкі і не па гадах дарослы Данік Ізэпчанка дапамагаў малышам складваць мазаіку.

Акрамя работы ў садку Галіна Васільеўна выкладае ў школе абслугоўваючую працу. Навыкі жаночага рукадзелля яна асвойвала самастойна: у дзяцінстве навучылася шыць, а яшчэ прыгадвае, з якой нецярплівасцю чакала прыходу з работы мясцовага паштальёна Ульяны Ільінічны Броўкі, якая па вечарах давала ёй урокі вязання. На занятках працы настаўніца з дзяўчатамі з самых розных матэрыялаў робяць сувеніры, абярэгі і нават дамашні абутак. А яшчэ вельмі актыўна ўдзельнічаюць у добраўпарадкаванні тэрыторыі школы, на якой кожны год з’яўляюцца новыя малыя архітэктурныя формы. Вось і сёлета зроблены цягнічок з пластыкавай тары, вясёлыя вазоны з пустых бочачак і бляшанак ад дзіцячага харчавання, гіпсавыя персанажы. “Калі ідзём з малышамі на прагулку, яны абавязкова падбягаюць да вялікайматрошкі, каб з ёй абняцца – гэткая яна прыгожая!” – расказвае выхавацель.

Нямала архітэктурных форм, розных іншых элементаў упрыгожвання і на сядзібе Галіны Васільеўны і Уладзіміра Антонавіча – радуюць вока забаўныя грыбкі і пінгвіны, на арцы брамкі сустракае гасцей каляровы пеўнік, а шматлікія кветкі адваявалі ў градак з агароднінай самыя пачэсныя месцы вакол дома. Прыгожа і па­сучаснаму выглядае і сам дом, які пасля прыватызацыі стаў уласнасцю сям’і: летась гаспадары ўзялі мэтавы крэдыт і зрабілі добры рамонт: памянялі вокны і дзверы, паклалі на падлогу ламінат. Трэба сказаць, што галава сям’і – майстар на ўсе рукі, а таму амаль усю будаўнічую працу выконвае сам.

Вялікая работа сям’і Пугач па добраўпарадкаванні дома і падворка не засталася незаўважанай: сёлета іх сядзіба была прызнана лепшай па Вялікадолецкім сельсавеце на адпаведным раённым конкурсе. Вядома ж, гэтая перамога была вельмі радаснай, але галоўнае, для чаго стараюцца Галіна Васільеўна і Уладзімір Антонавіч – каб было прыемна гасцяваць у іх утульным доме дзецям, якіх яны выгадавалі таксама сумленнымі і працавітымі людзьмі. Амаль кожныя выхадныя прыязджае ў Казімірова з Бароўкі, што пад Лепелем, дачка з 4­гадовай унучкай – малышка больш за ўсіх любіць дзядулю, які абавязкова знаходзіць час, каб з ёй пагуляць. А нядаўна сын з нявесткай падарылі ім унука: Уладзімір Уладзіміравіч Пугач працуе загадчыкам майстэрні ў КУСГП “Арэхаўна” – гаспадарка выдзеліла маладой сям’і дом у аграгарадку. А на сёлетнім урачыстым мерапрыемстве з нагоды свята аграрыяў старанні маладога работніка былі адзначаны граматай і падарункам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Але ж самы каштоўны падарунак дастаўся хлопцу ад бацькоў – правільны светапогляд і добрае выхаванне.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *