Незаконная добыча может обойтись охотникам и рыболовам очень дорого

Общество

Прайшло нямногім больш года, як уступілі ў сілу новыя рэдакцыі артыкулаў Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь і Кодэксу Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных парушэннях, якія датычацца адказнасці за незаконныя паляванне і рыбалоўства. Адной з самых важных і чаканых стала норма па ўвядзенні крымінальнай адказнасці за незаконную транспарціроўку і разробліванне дзікіх жывёл. Паколькі даказаць факт незаконнага палявання не заўсёды ўяўлялася магчымым, браканьеры, у якіх была знойдзена дзічына, карысталіся адгаворкай: “знайшоў мяса ў лесе”. Такім чынам, ім удавалася пазбегнуць сур’ёзнага пакарання. Зараз за гэта пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі. За час дзеяння новых нормаў дзяржінспектары рэспублікі выявілі некалькі дзясяткаў падобных выпадкаў. Многія з парушальнікаў ужо  пакараны буйнымі штрафамі, прыгавораны да пазбаўлення ці абмежавання волі, у іх канфіскаваны транспартныя сродкі, на якіх перавозіліся незаконныя трафеі.

Таксама змены закранулі і рыбалоўства. Асобна ў Кодэксе аб адміністрацыйных парушэннях цяпер устаноўлена пакаранне за знаходжанне ў рыбалоўных угоддзях і на прылеглай да іх тэрыторыі (да 1 км ад берага) з забароненымі прыладамі рыбалоўства, а таксама з рыбай, лоўля якой забаронена або вага якой перавышае ўстаноўленыя нормы (5 кг у суткі на рыбалова), без дакументаў, якія пацвярджаюць законнасць валодання ёю. Гэта дало магчымасць пакараць браканьераў, якія раней адгаворваліся тым, што купілі рыбу ў невядомых асоб.

Асобна звяртаем увагу, што да адказнасці ў выпадку незаконнай транспарціроўкі дзікай жывёлы ці рыбы могуць быць прыцягнуты ўсе асобы, якія знаходзяцца ў транспартным сродку, і ў першую чаргу вадзіцель. А таму ўважліва стаўцеся да незнаёмых спадарожнікаў, якіх падвозіце, асабліва ў выпадку знаходжання ў паляўнічых ці рыбалоўных угоддзях.

А.ТАНАНА, дзяржінспектар Полацкай МРІ аховы жывёльнага і расліннага свету.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *