Промкомбинат быстро и качественно шьёт спецодежду не только для ушачан, но и для других крупных предприятий Беларуси

Общество

Калі ў Беларусі апошнія месяцы года былі неспадзявана цёплымі, то ў швейным цэху прамкамбіната гэты час стаў увогуле “гарачым” – работнікі працавалі над выкананнем адразу трох тэрміновых заказаў: шылі спецадзенне для сталічнай кампаніі “Крыніца”, мінскага і віцебскага будаўнічых прадпрыемстваў. У мінулы чацвер, калі давялося пабываць у цэху, швачкі якраз пачыналі выраб партыі з 326 уцепленых касцюмаў, у якіх камфортна і зручна будзе працаваць на аб’ектах работнікам будтрэста №9 абласнога цэнтра. “Нам удалося выйграць адпаведныя тэндары, бо за прамкамбінатам трывала замацавалася добрая рэпутацыя, утвараюць якую тры “фірменныя” кампаненты – невысокі кошт, выдатная якасць і строгае выкананне тэрмінаў”, – расказвае начальнік цэха Алена Казьяніна (на здымку). Для яе, дарэчы, адыходзячы год стаў адметным: пасля выхаду на заслужаны адпачынак ветэрана прадпрыемства Галіны Вікенцьеўны Жаўронак адказныя абавязкі па кіраўніцтве швейным вытворчым працэсам былі даручаны маладому тэхнолагу – і адміністрацыя прамкамбіната хутка ўпэўнілася, што не памылілася ў гэтым рашэнні.

Зрэшты, як зазначае дырэктар таварыства Галіна Анатольеўна Грыдзюшка, літаральна ад кожнага працаўніка гэты няпросты год запатрабаваў максімальных намаганняў, каб у выніку прадпрыемства змагло ўтрымацца на неблагіх пазіцыях. Даводзілася брацца за любыя, нават беспрыбытковыя заказы, каб пазбегнуць скарачэння калектыву, пераходу на няпоўны працоўны тыдзень. Вырашальным фактарам стала захаванне вытворчых сувязей з магілёўскім “Хімвалакном”, якое не толькі заказвае спецадзенне, але і пастаўляе прамкамбінату танную сыравіну. Дапамаглі забяспечыць бесперабойную работу і заказы раённых прадпрыемстваў – лясгаса, ЖКГ, УП “Сарочына”, ЦРБ, райспажыўтаварыства. Па выніках 11 месяцаў бягучага года выраблена 26 тысяч штук спецадзення, 11 тысяч штук пасцельнай бялізны – і гэта 100 працэнтаў да паказчыкаў адпаведнага леташняга перыяду. Унёс пэўную лепту ў агульны неблагі вынік і дрэваапрацоўчы цэх прамкамбіната, які зараз не мае недахопу ў заказах. Так, вытворчасць дзвярных блокаў за 11 месяцаў склала 152 працэнты ў параўнанні з мінулым годам. Красамоўна характарызуе вынік работы прадпрыемства паказчык выручкі ад рэалізацыі прадукцыі на аднаго працуючага: калі летась за 11 месяцаў ён складаў 117 мільёнаў, то сёлета – 149. Агульная ж выручка прадпрыемства за названы перыяд дасягнула больш пяці з паловай мільярда рублёў.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *