На сессии районного Совета депутатов подведены итоги социально-экономического развития за год и определены задачи на новый

Общество

У канцы года на сесіі раённага Савета дэпутатаў былі падведзены вынікі сацыяльна­эканамічнага развіцця раёна за мінулы год і акрэслены задачы на 2016. Са справаздачай аб выкананні сацыяльна­эканамічнага развіцця раёна выступіў старшыня райвыканкама В.В.Родзіч. Ён падкрэсліў, што нягледзячы на складаны для раёна год удалося рашаць задачы па ўстойлівым функцыянаванні аб’ектаў сацыяльна­эканамічнай галіны. Па выніках года выканана заданне аблвыканкама па энергазберажэнні і ўводзе жылля. Не забяспечаны вызначаныя параметры па экспарце тавараў і паслуг без уліку рэспубліканскіх арганізацый, прамых замежных інвестыцыях, намінальнай налічанай сярэдняй зарплаце.

Рынак працы

Асноўная тэндэнцыя на рынку працы, як і ў папярэднія гады – зніжэнне колькасці занятых у эканоміцы: на 1 снежня 2015 года – 5840 чалавек, што меней на пачатак года на 22 і на адпаведны перыяд мінулага года – на 33, а ў параўнанні з 2010 – на 1040 чалавек. Гэта звязана з тым, што частка насельніцтва працуе за межамі раёна і краіны. Узровень зарэгістраванага беспрацоўя склаў 0,8 працэнта да эканамічна актыўнага насельніцтва. На ўліку ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне знаходзіцца 45 чалавек. На аднаго беспрацоўнага даводзіцца 0,5 вакантнага месца, заяўленага наймальнікамі, найбольш частыя з іх – ветэрынарныя ўрачы, заатэхнікі, аграномы.

Зарплата

За 10 месяцаў мінулага года сярэдняя зарплата склала 4 мільёны 348 тысяч рублёў і павялічылася ў параўнанні з мінулым годам на 9,2 працэнта. У сельскай гаспадарцы ў кастрычніку яна была 2437 тысяч (101,8 працэнта), прамысловасці – 3972 (109,1), будаўніцтве – 3835 (72,1), гандлі – 4817 (107,3). Самы высокі ўзровень зарплаты ў кастрычніку ва УП ЖКГ (4451 тысяча), “Ушацкае ПМС” (4404), “Харчгандаль” (4346), санаторый “Лясныя азёры” (4372).

Аграпрамысловы комплекс

За 11 месяцаў тэмп росту валавой прадукцыі склаў 98,6 працэнта пры абласным паказчыку 97,8%. Вышэй 100 працэнтаў ён у КУСГП “Вялікадолецкае” (103,1%), ААТ “Ільюшынскі” (100,1%). Найлепшых вынікаў у вытворчасці валавой прадукцыі дасягнулі “Дземенец” (125,7%) і “Глыбачаны” (107,8%). Самы нізкі тэмп росту валавой прадукцыі ў “Кублічах” (62,5%) і “Ушацкім райаграсэрвісе” (70,4%). У жывёлагадоўлі ён склаў 105,3 працэнта, у раслінаводстве – 94,1%. Нягледзячы на складаныя ўмовы ў сельгаспрадпрыемствах праводзіцца мадэрнізацыя і рэканструкцыя. Заменена даільнае абсталяванне на комплексе Завячэлле, перапрафіліравана пад утрыманне цялят ферма ў Загор’і, завяршаецца рэканструкцыя на комплексе ў Глыбачцы і малочнатаварнай ферме ў Сержанах. УП “Сарочына” пасля аднаўлення праводзілася мэтанакіраваная работа па аднаўленні свінагадоўчага комплексу, выпушчана 326 тон свініны.

За 11 месяцаў машынна­трактарны парк папоўніўся на 32 трактары на 9,3 мільярда рублёў. На развіццё аграрнай галіны накіравана 19,5 мільярда рублёў рэспубліканскага і абласнога бюджэ­таў. Гаспадаркі раёна за год вярнулі ў бюджэт  амаль 3 мільярды рублёў.

Задача на 2016 год – дасягнуць тэмпаў росту 106 працэнтаў. “Ушацкі райаграсэрвіс”, КУСГП “Арэхаўна” і УП “Сарочына” ўвойдуць у склад аграпрамысловых холдынгаў на базе Полацкага і Віцебскага камбінатаў хлебапрадуктаў.

Прамысловасць

На долю прамысловых прадпрыемстваў прыходзіцца 15 працэнтаў усёй выручкі. За адзінаццаць месяцаў прамысловымі прадпрыемствамі атрымана прадукцыі на 52,7 мільярда рублёў, што на 4,6 мільярда або 9,5 працэнта больш мінулага. Тэмп росту па індэксе фізічнага аб’ёму па раёне склаў 97,4 працэнта пры абласным 94,4 – гэта 11 месца ў вобласці. Найбольшы ён на “Віцебскаграпрадукце” (112,9 працэнта) і УП ЖКГ (103,5). Кругласутачна, 6 дзён на тыдні працуе філіял “Ушацкі” ЗАТ “Віцебскаграпрадукт”. Такія паказчыкі – вынік мінулагодняга перапрафіліравання прадпрыемства на выпуск курынага камбікорму. На Ушацкім агароднінасушыльным заводзе – 71,6 працэнта і прамкамбінаце – 98,8. Запасы гатовай прадукцыі на першага снежня складалі 1,8 мільярда рублёў ці 38 працэнтаў пры сярэднеабласным паказчыку 39,7. За 11 месяцаў 2015 года рэалізавана прадукцыі на 52,4 мільярда рублёў, што на 7,8 працэнта больш за 2014. У сярэднім у месяц яе рэалізуецца на 4,8 мільярда рублёў. Задача на 2016 год – 102 працэнты вытворчасці па індэксе фізічнага аб’ёму. Кіраўніцтву трэба распрацаваць бізнеспланы на 2016­2020 гады для развіцця прадпрыемстваў і выпуску канкурэнтаздольнай прадукцыі.

Малы бізнес

У раёне працуе 74 мікра­ і малых арганізацый, 228 індывідуальных прадпрымальнікаў. Летась зарэгістравана 5 новых юрыдычных асоб і 25 індывідуальных прадпрымальнікаў. У малым і сярэднім бізнесе занята 14,5 працэнта эканамічна актыўнага насельніцтва і на яго долю даводзіцца 16,5 працэнта ўсёй выручкі і 18 – падаткаў, уплачана 4,6 мільярда рублёў, у тым ліку індывідуальнымі прадпрымальнікамі 2,2 мільярда.

Сярод кліентаў таварыства з абмежаванай адказнасцю “Твестуба” больш 60 кампаній, сярод якіх такія прамысловыя гіганты, як “Нафтан”, “Шкловалакно”, “Палімір”. За 11 месяцаў прадпрыемствам выпушчана імпартазамяшчальнай прадукцыі на 9,5 мільярда рублёў (на 7 працэнтаў больш мінулагодняга). У бюджэт раёна ўплачана 1,5 мільярда рублёў. За 11 месяцаў 2015 года на экспарт адгружана прадукцыі на 49 тысяч долараў, што на 7,7 працэнта больш аналагічнага перыяду 2014 года. На прадпрыемстве працуе 35 чалавек.

ТАА “Лес” сёлета споўнілася 25 гадоў. За 11 месяцаў прадпрыемствам  выпушчана ягадных прыпасаў, а таксама драўляных вырабаў на 6 мільярдаў 320 мільёнаў рублёў, што на 20 працэнтаў больш мінулагодняга. У бюджэт пералічана больш 700 мільёнаў рублёў.

Сёлета стала працаваць прыватнае прадпрыемства “Кват”.

Экспарт тавараў

за 10 месяцаў мінулага года склаў 231,1 тысячы долараў або 78,2 працэнта да ўзроўню мінулага года і павялічыўся на 49,4 працэнта ў параўнанні да 2010 года, без уліку рэспубліканскіх арганізацый – 157,4 тысячы ці 94,6 працэнта пры заданні 100. У цэлым па раёне забяспечана станоўчае сальда знешняга гандлю ў памеры 16,6 тысячы долараў.

Асноўнымі экспарцёрамі раёна з’яўляюцца “Форэстгандаль” і “Твестуба”, на долю якіх даводзіцца 44,2 працэнта ад усіх экспартных паставак без уліку рэспубліканскіх арганізацый, індывідуальныя прадпрымальнікі – 55,8.

Знешнегандлёвыя аперацыі ажыццяўляліся з 10 краінамі свету, а прадукцыя раёна пастаўлялася на рынкі 8 краін, асноўныя – у Расійскую Федэрацыю – 63 працэнты, Літву – 21,2, Аўстрыю – 8,9, Казахстан – 3,8, Эстонію – 4,2,  Польшчу – 2,5.

Экспарт паслуг

за 10 месяцаў мінулага года склаў 935,4 тысячы долараў ці 58,5 працэнта да ўзроўню мінулага года пры заданні 110. Асноўным накірункам экспарту паслуг з’яўляецца экспарт турыстычных паслуг, а ўдзельная вага ў ім санаторыя “Лясныя азёры” – 96 працэнтаў.

За 11 месяцаў у санаторыі “Лясныя азёры” адпачыла 3523 грамадзяніны супраць 4800 у 2014 або 73,4 працэнта, з іх замежных – 2266 супраць 3145. Таму экспартная выручка склала толькі 50 працэнтаў ад мінулагодняй, тады як у 2012 і 2013 гадах была 180 і 118 працэнтаў адпаведна. Аднак нават у такіх складаных умовах санаторый захаваў рэнтабельнасць (продажу – самая высокая ў раёне – 25,3 працэнта) і атрымаў 4 мільярды прыбытку. Па выніках 2014 года санаторый “Лясныя азёры” ўвайшоў у ТОП­100 лепшых прадпрыемстваў краіны, заняўшы 66 месца.

Экспарт медыцынскіх паслуг складае 14,7 працэнта, яго аказваюць санаторый і цэнтральная раённая бальніца, а таксама экспарт транспартных паслуг – 10,5. Экспарт медыцынскіх паслуг склаў 138,1 тысячы долараў ці на 40,4 менш паказчыка аналагічнага леташняга перыяду, транспартных – 98,2 і павялічыліся ў 5,4 раза.

Гандаль

Гандлёвае абслугоўванне насельніцтва ажыццяўляе райспажыўтаварыства і яго структурныя падраздзяленні, а таксама 20 прыватных унітарных прадпрыемстваў. Індывідуальнымі прадпрымальнікамі адкрыта 12 гандлёвых месцаў.

У раёне працуе 96 аб’ектаў гандлю агульнай плошчай 6,4 тысячы квадратных метраў, з якіх 48 размешчана ў сельскай  мясцовасці, і 18 месцаў грамадскага харчавання на 419 пасадачных месцаў. За 11 месяцаў тэмп рознічнага тавараабароту праз усе каналы рэалізацыі склаў 99,6 працэнта, насельніцтву прададзена тавараў на 253 мільярды рублёў, што на 29,7 больш мінулагодняга.

Рознічны тавараабарот грамадскага харчавання склаў 13,9 мільярда ці 89,5 працэнта. Як і ў папярэднія гады асноўнай гандлёвай арганізацыяй застаецца райспажыўтаварыства, на долю якога прыходзіцца 66 працэнтаў рознічнага тавараабароту раёна. Тэмп росту рознічнага тавараабароту гандлю па арганізацыях спажывецкай кааперацыі склаў 99,8 працэнта, па грамадскім харчаванні – 88 працэнтаў. Нягледзячы на адставанне ад узроўню мінулага года райспажыўтаварыства займае лідзіруючыя пазіцыі ў вобласці і рэспубліцы: па тэмпах рознічнага тавараабароту – адпаведна 1 і 10 месца, па аб’ёмах рознічнага тавараабароту на 1 аднаго чалавека – 1 і 2; па тэмпах росту тавараабароту грамадскага харчавання – 1 і 18, у тым ліку па вытворчасці ўласнай прадукцыі – 2 і 8, па рэалізацыі прадукцыі грамадскага харчавання – 1 і 13.

Будаўніцтва

За адзінаццаць месяцаў уведзена індывідуальнымі забудоўшчыкамі 1833 метры квадратных жылля, плануецца, што заданне будзе выканана на 100,9  працэнта. У гарпасёлку ўведзена 894 метры, у сельскіх населеных пунктах – 939, кошт якіх склаў 45 мільярдаў рублёў.

У 2016 годзе неабходна ўвесці 3500 метраў жылля. Плануецца пабудаваць 40­кватэрны дом плошчай 2304 метры, а індывідуальнымі забудоўшчыкамі – у аб’ёме 1197 метраў.

Замежныя інвестыцыі

У 2015 годзе ў эканоміку раёна прыцягнута толькі 8 тысяч долараў замежных інвестыцый. Нізкія аб’ёмы звязаны з адмовай інвестара ў будаўніцтве базы адпачынку “Вяркудскі прычал”, у якую меркавалася ўкласці 850 тысяч долараў. Акрамя таго планавалася, што 200 тысяч долараў будзе ўкладзена кампаніяй “Азёрны рай” у развіццё інфраструктуры ў Казімірове.

Падрыхтавала В.КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *