Хроника происшествий в Ушачском районе

Закон - один для всех

Несвяточны ўчынак

У калядную ноч зусім не за святочнай вячэрай бавіў час жыхар аграгарадка Вяркуды 1982 года нараджэння. Успомніўшы пра сваё абяцанне купіць дачцэ ноўтбук, мужчына адправіўся на “заробкі” – прабраўся на мясцовую ферму ­КУСГП “Глыбачаны”, адкуль з мэтай далейшай рэалізацыі выкраў цяля. Урон, які панесла гаспадарка, склаў 3,5 мільёна рублёў. Вось толькі ажыццявіць задуманае зламысніку не ўдалося – яго план быў хутка раскрыты, цяля вернута на ферму. Максімальная мера пакарання, прадугледжаная заканадаўствам за здзейсненае, – тры гады пазбаўлення волі.

У сталярным запале

Невядомы пакуль злодзей пажывіўся ў дачным доме мінчаніна ў вёсцы Гара Ушацкага раёна. Прабраўшыся ў памяшканне, нячысты на руку госць вынес сталярныя інструменты на суму больш за 3 мільёны рублёў. Па факце крадзяжу ўзбуджана крымінальная справа. Праваахоўнікі шукаюць аматара лёгкай нажывы.

Балючая “разукамплектацыя”

Засмучэнне чакала яшчэ аднаго жыхара сталіцы. На яго дачы ў вёсцы Гарадзец злодзей “разукамплектаваў” дрэваапрацоўчы станок – зняў з яго электракабель і рухавік. Матэрыяльны ўрон, нанесены гаспадару, склаў 3,7 мільёна рублёў.

У ходзе праверкі была выяўлена асоба выкрадальніка – ім аказаўся раней не судзімы жыхар Вялікіх Долец 1972 года нараджэння. За здзейсненае злачынства яму пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.

Яўна не для рамонту

У апошні дзень 2015 года, вырваўшы дзвярны прабой, зламыснікі “пагаспадарылі” ў адным з прыватных дамоў вёскі Завячэлле. Аб’ектам увагі нячыстых на руку грамадзян  стала пяць трубак шпалераў на агульную суму 130 тысяч рублёў. Выкрадальнікамі аказаліся мясцовыя жыхары 1986 (беспрацоўны) і 1970 (раней судзімы) гадоў нараджэння. Па факце крадзяжу ў адносінах абодвух узбуджана крымінальная справа, мужчынам пагражае да 4 гадоў пазбаўлення волі.

Галодныя госці

У райаддзел міліцыі звярнуўся жыхар Наваполацка з заявай аб тым, што з яго дачнага дома ў вёсцы Глыбачка зніклі прадукты харчавання. Невядомы і, па ўсім відаць, галодны госць, вынес з памяшкання пакет цукру і проса, каля кілаграма рэпчатай цыбулі, пачак чаю і інш. Грамадзяніну нанесены ўрон на суму 183 тысячы рублёў. А злачынец, напэўна, дзесьці паядае прыпасы…

* * *

Невядомы пакуль злодзей у перыяд з 10 па 12 студзеня пажывіўся ў адным з ралетаў на рынку гарпасёлка. Ліквідаваўшы перашкоду ў выглядзе замка, ён прабраўся ў гандлёвую кропку, адкуль вынес цукеркі, шакалад, чай і іншыя прадукты на агульную суму 3,5 мільёна рублёў. Па факце крадзяжу ўзбуджана крымінальная справа.

“Класічны” адпачынак

Нядаўні адпачынак у “Класіцы” для жыхаркі аграгарадка Арэхаўна быў азмрочаны крадзяжом яе мабільнага тэлефона. Кошт гэтага сродку сувязі быў ацэнены ў 750 тысяч рублёў. Паквапілася на яго жыхарка Ушач 1994 года нараджэння, навучэнка Ульскага каледжа – гэты факт зафіксаваны сістэмай відэаназірання, устаноўленай у кафэ. У адносінах маладой зламысніцы ўзбуджана крымінальная справа.

Гаражны злодзей

Устанаўліваецца асоба няпрошанага госця, які “пачысціў” гараж у мікрараёне ПМК­-66. Сарваўшы навясны замок, злодзей пранік у памяшканне, адкуль вынес фарбапульт і іншыя інструменты на агульную суму 700 тысяч рублёў. Пытанне “Хто?” пакуль застаецца без адказу.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *