В зимнее время частыми становятся грабежи с дачных домов

Закон - один для всех

Крадзяжы асабістай маёмасці грамадзян працягваюць дамініраваць у аператыўных зводках раённага аддзела ўнутраных спраў. Аб’ектам злачынных замахаў, асабліва ў зімовы перыяд, часта становяцца дачы. Адтуль злодзеі нясуць літаральна ўсё: ад посуду, прадуктаў харчавання, адзення да дарагой камп’ютарнай і відэатэхнікі, ювелірных вырабаў, вялікіх грашовых сум. Біч апошніх гадоў – крадзяжы металу: вёдзер, бочак, водаправодных труб, а часам чайнікаў, лыжак, відэльцаў. Умудраюцца нават здымаць метал з дахаў дачных дамоў.

Як паказвае практыка, спосабы здзяйснення такіх крадзяжоў адрозніваюцца сваёй разнастайнасцю. Гэта падбор ключоў, выкарыстанне адмычак і іншых прылад, выбіванне дзвярэй, пранікненне праз вокны і гарышчы. Часам, на жаль, з’яўляецца ў нячыстых на руку грамадзян і іншая магчымасць “пагаспадарыць” у чужым доме – свабодны доступ да маёмасці. Нагадаю некалькі простых правілаў. Пакідаючы нават на непрацяглы час сваё жыллё, закрывайце яго на ўсе замкі, зачыняйце вокны. Пастарайцеся не браць на дачу каштоўныя рэчы. На асенне-зімовы перыяд вывезіце адтуль усё, што можа “зацікавіць” зламысніка. Пры з’яўленні ў населеным пункце падазроных асоб паведаміце пра гэта ў міліцыю. І ўсё ж, напэўна, лепшы спосаб захаваць маёмасць – устанавіць ахоўную сігналізацыю. Падрабязную інфармацыю можна атрымаць у аддзеле Дэпартамента аховы Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь па месцы жыхарства.

С.ШАРЫПЕНКА, начальнік аддзялення аховы  правапарадку і прафілактыкі РАУС.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *