Делегация Ушаччины побывала на гала-концерте лучших самодеятельных творческих коллективов области в Летнем амфитеатре

Культура

Выступіць на сцэне Віцебскага амфітэатра, напэўна, марыць кожны артыст нашага рэгіёна. 20 мая больш чым для дзвюх тысяч выканаўцаў гэтая мара стала рэальнасцю: на галоўнай канцэртнай пляцоўцы вобласці прайшоў гала-­канцэрт лепшых самадзейных творчых калектываў Віцебшчыны. Гэтае яркае шоу стала фінальным акордам абласнога агляду­конкурсу, які стартаваў у студзені бягучага года і складаўся з шасці адборачных тураў, падчас якіх работнікі прадпрыемстваў і арганізацый дэманстравалі свае таленты ў самых розных выканаўчых жанрах.

Ініцыятыва аднавіць у Год культуры добрую традыцыю правядзення агляду­конкурсу творчых сіл рэгіёна належала кіраўніцтву вобласці. У пачатку гала­канцэрта з прывітальным словам да яго ўдзельнікаў і гледачоў звярнуўся старшыня Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Мікалай Мікалаевіч Шарснёў. Ён адзначыў, што наш рэгіён мае багацейшыя культурныя традыцыі, якімі варта ганарыцца, актыўна прапагандаваць народную спадчыну. Кіраўнік вобласці падкрэсліў, што на Віцебшчыне робіцца ўсё магчымае для захавання культурна­гістарычных помнікаў, прыгадаў у гэтай сувязі нядаўнюю значную для ўсіх нас падзею – адкрыццё пасля рэканструкцыі мемарыяльнага комплексу “Прарыў” і яшчэ раз падзякаваў усім, хто ўнёс свой уклад у гэтую годную справу. Губернатар таксама адрасаваў цёплыя словы ў адрас самадзейных артыстаў, якія заваявалі права выступіць у гала­канцэрце, і выказаў упэўненасць, што гэта стане добрым стымулам для далейшых творчых дасягненняў.

У тым жа, што Віцебшчына багата на таленты, упэўніліся ўсе гледачы шоу, якое складалася з некалькіх тэматычных частак. На сцэну выйшлі харавыя, класічныя і аўтэнтычныя калектывы, што беражліва захоўваюць беларускую спадчыну. Нікога не пакінуў абыякавым блок, прысвечаны 75­годдзю пачатку вайны. У прыватнасці, запомніўся нумар народнага тэатра з Браслава, удзельнікі якога ў адмысловай кампазіцыі “ажывілі” выявы знакамітых беларускіх ваенных помнікаў. Яркімі былі харэаграфічныя і цыркавыя нумары, а таксама эстрадны блок: менавіта ў ім з вясёлай дынамічнай песняй выступілі ўшацкія прадстаўнікі – народны квартэт “Натхненне”. “За плячыма нашага калектыву выступленні на самых розных пляцоўках, у тым ліку і ўдзел у канцэртнай праграме “Славянскага Базару ў Віцебску”, а вось выйсці на сцэну амфітэатра давялося ўпершыню, – расказвае кіраўнік квартэту Жана Савіцкая. – Аднак асаблівага хвалявання не было, бо на канцэрце панавала надзвычай добразычлівая атмасфера: у нас, артыстаў, літаральна вырасталі крылы, хацелася не толькі паказаць уласныя ўменні, але і шчыра парадавацца майстэрству калег”.

Дарэчы, зменшыць хваляванне самадзейных выканаўцаў і падбадзёрыць іх мусілі групы падтрымкі, якія прыбылі ў гэты вечар у Віцебск з усіх рэгіёнаў вобласці. А ўбачыць са сцэны сваіх “балельшчыкаў” выканаўцам дапамагалі сцягі раёнаў, якія ў гэты вечар расквецілі амфітэатр. У склад дэлегацый увайшлі прадстаўнікі раённага кіраўніцтва і мясцовых працоўных калектываў. З задавальненнем успрынялі ганаровую прапанову пабываць на абласным гала­канцэрце работніцы УП ЖКГ Святлана Ісаева і Аксана Ярмош. “Як вядома, Год культуры ўключае ў сябе не толькі творчую сферу, але і культуру землекарыстання, навядзення парадку ў нашых населеных пунктах, – а менавіта гэтым карпатліва і нястомна займаецца брыгада па азеляненні, у якой мы працуем”, – заўважыла Святлана Васільеўна. А Аксана Альвінаўна прызналася, што заўсёды з ахвотай наведвае падобныя мерапрыемствы, бо і сама яна – чалавек творчы, піша вершы, сцэнарыі, артыстычныя здольнасці перадаліся і сыну Дзіме, які паспяхова спрабуе сябе ў ролі спевака. Усё гэта таксама сведчыць, што і наша Ушаччына, і ўвесь Прыдзвінскі край – гэта сапраўдная невычарпальная крыніца творчых беларускіх традыцый.

Н.БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *