Хроника происшествий в Ушачском районе

Закон - один для всех

Крымінальны дуплет

Нахабнае злачынства, дакладней – адразу два, здзей­сніў нядаўна беспрацоўны жыхар аграгарадка Ільюшына 1995 года нараджэння. Падагрэты знутры алкаголем, хлопец знайшоў сабе занятак… на аўтамабільнай стаянцы ля будынка суда ва Ушачах. Прычым, прама пад устаноўленымі тут відэакамерамі.

Разбіўшы шкло службовага аўтамабіля ўзгаданага органа правасуддзя, малады чалавек пранік у салон, адкуль выкраў планшэтны камп’ютар коштам 2,8 мільёна рублёў. Праўда, парадавацца такой здабычы не паспеў: калі пералазіў праз агароджу, пакідаючы месца злачынства, выпадкова разбіў прыладу і выкінуў яе.

У гэты ж вечар “засвяціўся” ільюшынец і яшчэ на адной справе. Аб угоне аўтамабіля “Фольксваген-Пасат”, які таксама знаходзіўся на стаянцы ля будынка суда, у праваахоўныя органы паведаміла ўладальніца транспартнага сродку, жыхарка горада Лепеля.

Матацыкл з’ехаў

Адзін з апошніх сваіх візітаў у Анікеўшчыну жыхар Наваполацка, напэўна, запомніць надоўга. Пра тое, што за тыдзень (менавіта столькі яго не было на дачы) тут нехта “пагаспадарыў”, засведчыў узламаны на гаражы замок. Агляд маёмасці пацвердзіў змрочныя здагадкі – з памяшкання знік матацыкл “Мінск” коштам 4 мільёны рублёў.

Рыбацкае засмучэнне

Жыхару Мінскага раёна пакуль застаецца толькі чакаць і марыць аб любімым занятку. У перыяд з 1 па 6 мая, выставіўшы аконнае шкло, невядомы злодзей пранік у яго дачны дом у вёсцы Малінаўка, адкуль выкраў лодку, гідракасцюм і іншыя рыбацкія прылады. Па ўзгаданым факце ўзбуджана крымінальная справа.

Кіна не будзе!

Калі напачатку мая навапалачанін прыехаў на сваю дачу ў вёску Ляснеўшчына, то быў непрыемна здзіўлены. На звычайным месцы ў доме мужчына не знайшоў ЖК-тэлевізара, а таксама абагравальніка, трымера і іншай маёмасці на агульную суму 35 мільёнаў рублёў. Злодзей трапіў у памяшканне, выставіўшы аконнае шкло.

…і музыкі таксама

Самым юным фігурантам крымінальнай зводкі за апошні час стаў вучань адной са школ раёна 2000 года нараджэння. У сакавіку ён, узламаўшы дзвярны замок, правёў “рэвізію” чужога дома. Пакінуўшы на сваіх месцах многія каштоўныя рэчы, хлопец вынес толькі… стары баян коштам каля 400 тысяч рублёў. Гэты, на думку школьніка, рарытэтны музычны інструмент мог стаць добрым экспанатам этнаграфічнага кутка роднай альма-матэр.

Боні і Клайд ушацкага разліву

Не менш дзіўны набор рэчаў – жаночую касметыку і тое-сёе з харчовых прадуктаў – узялі з сабой з дачнага дома палачанкі ў Славенях беспрацоўныя жыхары вёскі Рог: мужчына 1982 года нараджэння і жанчына 1988-га. Пранікнуць у памяшканне ім дазволілі выстаўленая аконная рама і працяглая адсутнасць гаспадыні. Урон, які панесла апошняя, склаў 250 тысяч рублёў. У адносінах авантурнай парачкі ўзбуджана крымінальная справа. Абаім пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.

“Гарачыя” разборкі

Спрэчка мужа і жонкі з вёскі Усвея можа скончыцца для мужчыны 1946 года нараджэння 6 месяцамі арышту. А ўсё таму, што той у парыве злосці пагражаў “другой палавінцы” забойствам, агучваў намер спаліць хату. Прычым, на галаслоўнага мужчына падобны не быў – у ход пусціў бензін, якім абліваў рэчы ў памяшканні, і нават запалкі, якія, на шчасце, не хацелі разгарацца.

Ні сабе, ні людзям

Мапед “Альфа” коштам 1,5 мільёна рублёў жыхар вёскі Скачыхі захоўваў у незачыненай адрыне. Такая бяспечнасць аказалася на руку зламысніку, які выкраў транспартны сродак. Праўда, прысвойваць яго не стаў і нават нікуды не паехаў – спаліў мапед на абочыне непадалёк. Па факце крадзяжу ўзбуджана крымінальная справа.

Даскакаўся…

Над судзімым ушачанінам 1971 года нараджэння супрацоўнікамі крымінальна-выканаўчай інспекцыі РАУС ажыццяўляўся прэвентыўны нагляд. Аднак гэтая “акалічнасць” мала непакоіла мужчыну – ён на працягу 2015 і 2016 гадоў дазваляў сабе асацыяльныя паводзіны, неаднаразова парушаў заканадаўства. Прыйшоў час паставіць кропку ў гэтай гісторыі – 13 мая ў адносінах грамадзяніна ўзбуджана крымінальная справа. Яму пагражае да 1 года пазбаўлення волі.

Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *