В инспекции Министерства по налогам и сборам по Ушачскому району доверяют молодым работникам

К профессиональному празднику

У невялікім калектыве інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Ушацкім раёне побач з вопытнымі работнікамі паспяхова выконваюць свае абавязкі і маладыя супрацоўнікі – Таццяна Цюкала, Вікторыя Уліновіч і Таццяна Стрыжонак.

– Адразу хачу зазначыць, што гэтыя дзяўчаты вельмі адказныя, старанныя, кожная добра вядзе свой участак, нягледзячы на яшчэ небагаты вопыт. Ведаюць заканадаўства, сочаць за ўсімі змяненнямі, – гаворыць начальнік інспекцыі Любоў Аляксандраўна Мядзведзева.

Пачынаць работу ў гэтай няпростай сферы маладым работнікам, безумоўна, было цяжка, але ва ўсім дапамагалі старэйшыя калегі.

У 2012­м у калектыў падаткавікоў улілася Таццяна Цюкала – намеснік начальніка аддзела ўліку, справаздачнасці і спагнання падаткаў. Як гаворыць Таццяна, самае складанае ў рабоце не столькі арыентавацца ў шматлікіх дакументах і падатковым заканадаўстве, колькі знаходзіць агульную мову з плацельшчыкамі. Яны часам вядуць сябе некарэктна, а таму важна знайсці да іх падыход. Калегі па аддзеле характарызуюць дзяўчыну як добрага спецыяліста, актыўнага супрацоўніка – яна з’яўляецца і старшынёй прафкама арганізацыі, заўсёды стараецца арганізоўваць разнастайныя калектыўныя мерапрыемствы. Сёлета Таццяна Цюкала абараняла гонар арганізацыі на раённых спаборніцтвах па стральбе.

Улікам індывідуальных прадпрымальнікаў, рамеснікаў, дэкларыраваннем, налічэннем спагнанняў займаецца галоўны падатковы інспектар аддзела кантролю за юрыдычнымі і фізічнымі асобамі Вікторыя Уліновіч. Усім, хто прыходзіць у аддзел за адпаведнай кансультацыяй, гэтая абаяльная дзяўчына даходліва тлумачыць і дае вычарпальныя адказы. За два гады работы Вікторыя прызвычаілася аператыўна спраўляцца з вялікім аб’ёмам работы. Дарэчы, яна, як і яе калега Таццяна Цюкала, таксама праявіла сябе ў спорце. Сёлета прыхільніца лыжных гонак В.Уліновіч прадстаўляла не толькі Ушаччыну, але і Віцебшчыну ў складзе зборнай абласной каманды на рэспубліканскім спартыўным злёце, дзе выступіла даволі паспяхова.

Яшчэ невялікі стаж работы ў гэтай сферы ў Таццяны Стрыжонак – у калектыў яна прыйшла ў верасні 2015­га, але з абавязкамі галоўнага юрысконсульта паспяхова спраўляецца. У гэтым ёй дапамагаюць веды, атрыманыя на юрыдычным факультэце Віцебскага дзяржуніверсітэта, работа па спецыяльнасці ў іншых арганізацыях раёна. Здавалася б, руцінная работа з паперамі – разгляд зваротаў грамадзян, унясенне інфармацыі аб парушэннях у банк даных, падрыхтоўка дакументаў у суд і іншае, але Таццяне гэтая справа вельмі падабаецца.

Акрамя ўсяго гэтага, маладыя работнікі інспекцыі пастаянна ўдзельнічаюць у пазапланавых праверках і рэйдах, часта ахвяруюць асабістым часам дзеля своечасовага выканання работы. Усе разам яны ў складзе адзінага і згуртаванага калектыву строга кантралююць паступленні ў бюджэт нашага раёна. Дарэчы, у канцы гэтага года работы ў супрацоўнікаў падатковых органаў прыбавіцца ў сувязі з дзеяннем Дэкрэта №3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”. Маладых супрацоўнікаў інспекцыі гэта  не пужае і яны гатовы да любых складаных сітуацый, бо аднагалосна зазначылі, што любяць сваю работу.

Вольга КАМАРКОВА.

На здымку: В.Уліновіч, Т.Стрыжонак, Т.Цюкала.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *