На пожар — всегда с волнением. 21 год работает на аварийном пожарно-спасательном посту №12 агрогородка Глыбочка Владимир Жоголь

Cлужба-101

“Дзяжурная служба МНС. Чым вам дапамагчы?” Гэтыя словы ўжо аўтаматычна вымаўляе кожны супрацоўнік пажарнага аварыйна­выратавальнага паста №12 у Глыбачцы. Аднак падчас кожнага тэлефоннага званка ці паведамлення па рацыі тут з хваляваннем заміраюць, рыхтуючыся выязджаць на пажар. Першапачатковая ж задача як мага хутчэй прыбыць да месца здарэння, канечне, кладзецца на вадзіцеля. Калі на змену заступае Уладзімір Паўлавіч Жогаль, за аператыўнасць можна не хвалявацца – вопытнаму работніку па плячы самыя складаныя ўчасткі.

Вопыт да гэтага працаўніка, канечне,  прыйшоў з гадамі – на службу ён заступае вось ужо больш за два дзесяцігоддзі і нязменна на глыбачанскім пасце. Сюды Уладзімір прыйшоў у 1995­м годзе, калі ў населеным пункце якраз і ствараўся пажарны пост. Пра прафесію пажарнага не задумваўся, а вось стаць вадзіцелем марыў з дзяцінства –  па прыкладзе бацькі. Дарэчы, па іх шляху пайшоў і брат.

Атрымаўшы адпаведную прафесію і адслужыўшы тэрміновую службу ў арміі, Уладзімір вярнуўся ў родную Глыбачку, непрацяглы час працаваў у мясцовым сельгаспрадпрыемстве.

За 21 год работы нямала было складаных сітуацый. Але, не задумваючыся, У.Жогаль прыгадвае свой першы выезд на пажар:

– Гэта быў адзін з самых першых маіх працоўных дзён, нават форму яшчэ не паспелі выдаць. Сігнал паступіў з вёскі Адворня: гарэў жылы дом. Паведамілі нам позна і пабудова практычна поўнасцю згарэла, але, на шчасце, ніхто з людзей тады не пацярпеў. Ці хваляваўся? Безумоўна! Разумеў, што многае залежыць у тым ліку ад мяне. І зараз, хоць ужо і працую нямала, але пры кожным выездзе ёсць пэўная доля хвалявання. Яно знікае, толькі калі прыязджаеш на месца, пачынаеш выконваць ужо адладжаныя дзеянні.

Самае цяжкае ў прафесіі, як сцвярджае Уладзімір, не столькі тушэнне пажараў, колькі бачыць, як гінуць людзі. Назаўсёды запомнілася дзяжурства ў адну навагоднюю ноч. Практычна пад бой курантаў паступіў сігнал аб пажары ў Глыбачцы. У палоне вогненнай стыхіі  аказаўся адзін з жылых дамоў на ўскрайку вёскі. У гэты час усе сядзелі за сталамі і сустракалі Новы год, таму нават суседзі вельмі позна заўважылі ўзгаранне. Выратаваць дваіх аднавяскоўцаў – сумленных і працавітых людзей – не ўдалося…

Як адказны вадзіцель, У.Жогаль заўсёды сочыць за станам пажарнай тэхнікі. На ўзбраенні глыбачанскіх выратавальнікаў іх дзве – асноўная і рэзервовая. За сваю няпростую працу, як расказвае герой нашага аповеду, прыходзіцца чуць як удзячнасці, так і прэтэнзіі: доўга ехалі, прыбылі без вады (далёка не ўсе разумеюць, што вада з пажарнай машыны выліваецца прыкладна за 5 хвілін), і нават не так тушыце. Прыходзіцца бачыць у час выездаў людскія слёзы, істэрыку, перажыванне за цэласць нажытай маёмасці.

Накіроўвацца на ліквідацыю пажараў даводзіцца і ў суседнія раёны, адзін з апошніх выездаў – у Полацкі раён. І калі ў сваёй зоне У.Жогаль, як мясцовы жыхар, ведае амаль кожную сцежку, то пры выездзе да суседзяў арыентуецца з дапамогай карты і падказак дыспетчара.

Самай гарачай парой лічыцца пачатак ацяпляльнага сезона і вясновы перыяд, калі людзі пачынаюць выпальваць сухую расліннасць. У параўнанні з тым часам, калі пачынаў працаваць, і цяпер – пажараў стала намнога менш – сцвярджае У.Жогаль, бо дае плён пастаянная прафілактычная работа, у тым ліку і работнікаў глыбачанскага паста па сваёй зоне.

Калі няма трывожных выклікаў, на месцы сядзець (ці спаць, як многія лічаць) – не прыходзіцца. Акрамя догляду за тэхнікай, трэба падтрымліваць парадак на посце. Дарэчы, побач з ім растуць ужо вялікія яблыні і грушы, уецца вінаград – іх Уладзімір Паўлавіч разам з іншымі сваімі калегамі садзіў тут яшчэ ў пачатку сваёй службы.

За дваццаць пажарных гадоў працаваць прыйшлося з многімі. На дзяжурства заступае акрамя вадзіцеля і камандзір аддзялення. Напарнік У.Жогаля – камандзір аддзялення В.Баркоўскі – намнога маладзейшы, але рады, што працуе з такім вопытным чалавекам, у якога ёсць чаму павучыцца.

– Сёлета Уладзімір Паўлавіч звальняецца ў запас па ўзросце. Але ж – ён яшчэ поўны сіл і энергіі, так не хочацца яго адпускаць! – зазначыў камандзір аддзялення Віталь Баркоўскі.

Працоўныя заслугі і добрасумленная шматгадовая дзейнасць не засталіся незаўважанымі і да прафесійнага свята Уладзімір Паўлавіч Жогаль адзначаны Ганаровай граматай Ушацкага райвыканкама.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *