После пожара в деревне Жары семья с двумя детьми нуждается в помощи

Cлужба-101

У пятніцу ў другой палове дня ў вёсцы Жары адбыўся пажар. Гаспадыня затапіла печ і адлучылася да суседкі. Печ была ў спраўным стане, аднак з-за міжпакаёвых дзвярэй, якія адчыніліся і шчыльна прымкнулі да топкі, адбылося ўзгаранне. Сігнал аб ім паступіў у выратавальную службу ад пасажыраў школьнага аўтобуса, які праязджаў міма. З пачатку года ўжо два з сямі зарэгістраваных на Ушаччыне пажараў адбыліся менавіта з-за парушэнняў правіл эксплуатацыі ацяпляльных прыбораў.

“У адзін момант мы засталіся практычна ні з чым. Дом непрыгодны для пражывання, а ўсе рэчы, мэбля згарэлі ці пашкоджаны, –расказвае Таццяна Дзмітрыеўна Катковіч. – Жыву з двума дзецьмі, старэйшая дачка ў той час была ў школе, а меншы сын гуляў на вуліцы. Здаецца, адвярнулася на хвілінку, як засталася толькі ў тым, у чым была. Дзякуй Богу, што ўсе жывыя! Словы ўдзячнасці за неабыякавасць і дапамогу мне б хацелася выказаць настаўнікам Жанне Анатольеўне Крамін і Ірыне Васільеўне Мілай, а таксама старшакласнікам з Жар і Старага Сяла, якія да прыбыцця пажарных машын кінуліся падносіць ваду, а вадзіцель Раман Уладзіміравіч Шопа наогул накіраваўся ў дом, адключыў і вынес газавы балон! У цяперашні час нярэдка даводзіцца чуць, што ў такіх сітуацыях людзі часцей становяцца пасіўнымі назіральнікамі з тэлефонамі ў руках, чым кідаюцца падставіць плячо”.

Таццяна Дзмітрыеўна працуе санітаркай на мясцовым ФАПе. Пакуль яна з дзецьмі часова прытулілася ў сястры ў Жарах. Справіцца з такой бядой, аказаць пасільную дапамогу ім імкнуцца нераўнадушныя аднавяскоўцы. Напрыклад, першай адгукнулася на няшчасце Галіна Васільеўна Супрэтка. Калі ў каго-небудзь з нашых чытачоў таксама ёсць магчымасць дапамагчы, вы можаце гэта зрабіць. Сям’і патрэбна дарослае жаночае адзенне (на рост 173 см) і абутак (памер 39-40), адзенне для дзяцей на дзяўчынку 10 гадоў (рост 135 см, абутак – 33-34), а таксама грашовыя сродкі, прадметы быту, мэблі, будаўнічыя матэрыялы і іншае. Звязацца з пацярпелымі можна па тэлефоне 848-21-46 або непасрэдна ў вёсцы Жары па вуліцы Цэнтральнай, 58.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *