Качество — главный критерий в строительном деле. Наши читатели указали на некоторые недостатки на улицах горпосёлка

Читатель поднимает проблему

Жыхары вуліц гарпасёлка, дзе няма асфальтавага пакрыцця, па­добраму зайздросцяць ушачанам з мікрараёна Е.Лось­-Каранеўскага, якія ўжо некалькі гадоў могуць хадзіць па абсталяваных тратуарах і ездзіць па заасфальтаваных дарогах. Аднак, як высветлілася, цяпер не ўсім задаволены жыхары.

– Прыедзьце і паглядзіце, як праваліўся практычна новы асфальт на завулку Кастрычніцкім, а ніякія меры не прымаюцца! – абураліся нашы чытачы.

Названае месца сапраўды доўга шукаць не прыйшлося. На адным з участкаў утварылася яма, якая цяпер прысыпана пяском, пад ім бачна, як разбураецца разам з асфальтам і пакладзеная сцёкавая труба. З­за гэтага дарога стала вельмі вузкай, і дзве машыны на ёй у гэтым месцы не размінуцца. Да таго ж участак дарогі з ямай стаў месцам збірання рознага смецця.

Як ужо прыгадвалася, утвораную яму засыпалі пяском, але пасля працяглых дажджоў дарогу размыла. У цёмны час сутак тут можна лёгка зламаць сабе ногі, тым больш што цяпер на вуліцы не гараць ліхтары – дапоўнілі карціну жыхары мікрараёна.

Вельмі доўга чакалі, калі ў новы асфальт “апранецца” тратуарная дарожка ад загса, і жыхары мікрараёна ПМК-­66. Не маглі нарадавацца, калі нарэшце на ўчастку ад загса да магазіна “Усходні” з’явілася новае пакрыццё. Але нядаўна ў рэдакцыю завітала наша чытачка з вуліцы Дзяржынскага, якая абуралася, што па новым асфальце пасля дажджоў немагчыма прайсці: “Нядоўга мы радаваліся, дождж прайшоў – і на дарожцы адны лужыны, якія неяк абысці, прыходзіцца па абочыне скакаць, як і раней. А каля магазіна наогул адным месцам новы асфальт праламаўся!”.

Сапраўды, прыкра слухаць такія вось водгукі ад ушачан, бо ўсе мы бачым, як многа робіцца ў раёне ў плане добраўпарадкавання. І вельмі не хочацца, каб такія вось адзінкавыя прыклады псавалі агульнае станоўчае ўражанне. Ды і ўвогуле мы не настолькі багатыя, каб дазволіць сабе пераробліваць тое, у што ўжо ўкладзены немалыя грошы, а таму якасць павінна быць асноўным крытэрыем у будаўнічай справе.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *