Не заправишь — не поедешь. Никогда не подводит свой коллектив водитель Игорь Телепень

Общество

Галоўныя героі жніва, корманарыхтоўкі, сяўбы – механізатары, вадзіцелі – пастаянна ў цэнтры ўвагі нашых рэпартажаў і артыкулаў. Перадавікі сельгаспрадпрыемстваў ужо, здаецца, добра знаёмы нашым чытачам. Але ёсць і такія працаўнікі, ад якіх вельмі многае залежыць у час таго ж жніва, але іх работа, як кажуць, застаецца за кадрам. Да такіх, напрыклад, можна аднесці вадзіцеля ААТ “Ільюшынскі” Ігара Целепня, які працуе на бензавозе.

Застаць яго на мехдвары не так проста, рабочы дзень вадзіцеля літаральна разлічаны па хвілінах, ды і часцей за ўсё не ўкладваецца ў прывычныя для многіх рамкі з 8 да 17 гадзін. Але звышурочная праца ніколькі не пужае гэтага маладога вадзіцеля, які да ўсяго адносіцца з разуменнем. Большую частку працы ён праводзіць за рулём новенькага МАЗа, які не так даўно атрымала сельгаспрадпрыемства. Машына, як кажуць, у адных руках, таму і даглядае яе старанна – і пакуль тэхніка не падводзіла.

Стаць вадзіцелем Ігар збіраўся з самага дзяцінства па прыкладзе бацькі. Атрымаўшы вадзіцельскія правы  і адслужыўшы ў арміі, уладкаваўся ў ААТ “Ушацкі райаграсэрвіс”. Апошнім жа часам ужо родным і звыклым прадпрыемствам стала для хлопца ААТ “Ільюшынскі”.

Дарэчы, дастаўляе на сваім бензавозе паліва з нафтабазы І.Целепень не толькі для ільюшынцаў, чакаюць яго і ў іншых гаспадарках раёна – наяўнасцю такой адзінкі тэхнікі, на жаль, астатнія пахваліцца не могуць. Вось і на мінулым тыдні падчас нашай размовы вадзіцель з раніцы паспеў заправіць тэхніку “Райаграсэрвіса” і вярнуцца ў Ільюшына, паглядваў на гадзіннік, бо спяшаўся ў КУСГП “Вялікадолецкае”, каб даставіць паліва сваім суседзям.

– Не заправіш – не паедзеш, і зерне ў бункер не пасыплецца! А таму мы яго заўсёды чакаем, можна смела сказаць, што Ігар таксама непасрэдны ўдзельнік сёлетняга жніва ды і не толькі, дастаўленае ім паліва патрэбна ва ўсіх галінах – як у раслінаводстве, так і жывёлагадоўлі, – зазначалі механізатары гаспадаркі.

Нельга не адзначыць, што работа на такой тэхніцы вельмі адказная. Бензавоз умяшчае 9 тон паліва (нямала ў грашовым пераразліку), ды і трэба строга прытрымлівацца правіл бяспекі, бо бензін і дызельнае паліва лёгкаўзгаральныя вадкасці.

Кіраўніцтва гаспадаркі зазначае, што на гэтага работніка заўсёды можна разлічваць, ён сумленна выконвае сваю справу і  не падводзіць калектыў. Як вядома,  працавітую і старанную моладзь у гаспадарцы цэняць.

Быць такім яго заўсёды вучылі бацькі, ну а цяпер дома Ігара чакаюць любячыя дачка і жонка, якім ён прысвячае вольны ад работы час.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *