На старте нового учебного года. Количество школ в Ушачском районе остаётся неизменным, за парты сядут 1253 ученика

Общество

Лічаныя дні застаюцца да таго хвалюючага моманту, калі навучальныя ўстановы Ушаччыны ўрачыста адчыняць дзверы перад хлопчыкамі і дзяўчынкамі. Пра тое, як прайшоў перыяд падрыхтоўкі да новага навучальнага года, пра галоўныя новаўвядзенні, якія чакаюць вучняў, наша сённяшняя гутарка з начальнікам аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Інай Фёдараўнай СЫРОЎЧАНКАЙ.

– Апошнім часам, на жаль, новы навучальны год нярэдка прыносіў сумныя звесткі аб закрыцці вясковых школ…

– Адразу супакою чытачоў: сёлета нам удалося цалкам захаваць сетку ўстаноў адукацыі. І адбылося гэта найперш таму, што на Ушаччыне колькасць вучняў зменшылася зусім нязначна – сёлета за парты сядуць 1253 хлопчыкі і дзяўчынкі.

– Як праходзіла прыёмка школ да новага навучальнага года?

– Пашпарты гатоўнасці ўсіх нашых навучальных устаноў падпісаны яшчэ да 1 жніўня, што з’яўляецца адным з лепшых вынікаў у вобласці. Сёлета рамонт школ, дзіцячых садкоў праводзіўся за кошт сродкаў, выдаткаваных з бюджэту, пазабюджэтнай дзейнасці, спонсарскай дапамогі. Некаторыя старшакласнікі працавалі на падрыхтоўцы сваіх альма­матэр ад раённага цэнтра занятасці. Як заўсёды, значны ўклад у важную справу ўнеслі адміністрацыі, настаўнікі, тэхперсанал і бацькі.

– А што новага ў вучэбным працэсе рыхтуе нам гэты год?

– Галоўны акцэнт – на забеспячэнне высокай якасці агульнай сярэдняй адукацыі. Працягнуць вывучаць асобныя дысцыпліны на павышаным узроўні дзесяцікласнікі і адзінаццацікласнікі. У сувязі з паэтапным пераходам на абноўленыя вучэбныя праграмы з гэтага года ў другіх класах будзе ўстаноўлена аднолькавая колькасць гадзін на вывучэнне рускай і беларускай моў і літаратур. Для вучняў другіх і пятых класаў будзе ўведзены абавязковы вучэбны прадмет “Асновы бяспекі жыццядзейнасці” – праўда, выстаўляцца адзнакі па ім і задавацца дамашнія заданні не будуць (заўважу, што ў трэціх­чацвёртых, шостых­дзявятых класах па­ранейшаму АБЖ будзе вывучацца на факультатыўных занятках). Навіна чакае сёлета шасцікласнікаў – з пераліку вучэбных прадметаў для іх выключана фізіка, яе вывучэнне пачнецца годам пазней. Тым не менш, агульная колькасць вучэбных гадзін па названым прадмеце за курс базавай школы застанецца нязменнай, паколькі ў дзявятым класе на вывучэнне фізікі будзе адводзіцца не дзве, як было раней, а тры гадзіны. Абноўлена сёлета і праграма па прадмеце “Працоўнае навучанне”: на яго ў шостым класе будзе прадугледжана дзве гадзіны, а ў восьмым – адна (раней было наадварот). Нагадаю, што летась было распачата вывучэнне пяцікласнікамі прадмета “Мастацтва (айчынная і сусветная мастацкая культура)”. Гэтымі дзецьмі – ужо шасцікласнікамі – знаёмства са шматлікімі культурнымі з’явамі будзе прадоўжана і ў гэтым годзе. Праграма ж прадмета для пяцікласнікаў крыху скарэкціравана па выніках першага года выкарыстання. Асэнсавана выбраць будучую прафесію, атрымаць першыя працоўныя навыкі дапамогуць вучням восьмых­дзявятых класаў спецыяльныя заняткі па дапрофільнай падрыхтоўцы.

– Нагадайце, калі ласка, пра патрабаванні да знешняга выгляду і экіпіроўкі школьнікаў.

– Яны засталіся нязменнымі. Адзенне навучэнцаў павінна адпавядаць дзелавому стылю: для хлопчыкаў гэта пінжак, камізэлька, штаны, кашуля, гальштук, а для дзяўчат – пінжак, камізэлька, спадніца ці штаны, блузка, сарафан.

– Сёлета Дзень ведаў выпадае на чацвер. Пасля ўрачыстых лінеек адразу пачнуцца заняткі?

– Так. Ва ўсіх школах раёна святочныя лінейкі пачнуцца 1 верасня ў 9 гадзін. Адразу пасля ўрачыстасцей вучні разыдуцца па класах – у іх пачнуцца заняткі.

Вялікі дзякуй за тлумачэнні!

Гутарыла Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *