Когда спиртное дороже материнского счастья… Молодая ушачанка лишилась детей и отправилась в ЛТП

Закон - один для всех

Непрыемнасці ў жыцці Алены, маці маленькага хлопчыка, пачаліся пасля таго, як ужыванне спіртных напіткаў стала сістэматычным…

Адзін з вечароў маладая жанчына 1986 года нараджэння праводзіла звыкла – за чаркай разам з сужыцелем і яго маці. Нават цяжарнасць, пра якую Алена ведала, абмежаваннем не стала. Успыхнула спрэчка, і падагрэтая “зялёным змеем” жанчына ад слоў перайшла да практычных дзеянняў – схапіла кухонны нож і ўдарыла сужыцеля ў грудзі. Рана аказалася сур’ёзнай. Прыехаўшая “хуткая дапамога” канстатавала смерць маладога чалавека.

За перыяд следства па крымінальнай справе Алена нарадзіла другое дзіця і менавіта малыя выратавалі яе ад турмы – суд у якасці змякчальных абставін прыняў ва ўвагу ўтрыманне дваіх дзяцей і назначыў пакаранне ў выглядзе абмежавання свабоды тэрмінам на тры гады без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Здаецца, гэты выпадак павінен быў стаць апошнім “званочкам”, прымусіць прынцыпова перагледзець сваё жыццё. На жаль, гэтага не адбылося.

Суб’екты прафілактыкі забілі трывогу, і на абарону правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх стала дзяржава. Алене прыйшлося пайсці працаваць і вяртаць сродкі, затрачаныя на ўтрыманне дзяцей. Трэба адзначыць, што ад яе ніхто не адвярнуўся, усе зацікаўленыя службы садзейнічалі ў нармалізацыі  абстаноўкі ў сям’і. Маці новага сужыцеля прыняла Алену нібы родную дачку, аказвала ёй усялякую дапамогу і нават прадаставіла ўласнае жыллё. Праведзеная работа дала вынік – дзеці вярнуліся да маці.

Але радасць іх была нядоўгай. Праз некаторы час яны зноў былі змешчаны ў прытулак – Алена ўзялася за старое і стала сістэматычна “заглядваць” у бутэльку, забывалася забраць дзіця з садка – п’яны адпачынак быў даражэй. Лагічным вынікам “вясёлага” жыцця стала рашэнне суда аб пазбаўленні яе бацькоўскіх правоў.

На судовым пасяджэнні Алена плакала, клялася, што ўсё асэнсавала і зробіць магчымае і немагчымае, каб стварыць належныя ўмовы для дзяцей. Але ж адчуўшы “свабоду” ад іх, да нармальнага ладу жыцця вяртацца не спяшалася і працягвала гулянкі. Кропку ў папойках паставіў суд, накіраваўшы жанчыну ў лячэбна-працоўны прафілакторый тэрмінам на год.

У нармальнага чалавека ніколі не ўзнікне нават думкі, каб паставіць знак роўнасці паміж “радасцю” ад алкаголю і шчасцем мацярынства. Але, як бачна, ёсць у грамадстве асобы, для якіх першае мае перавагу. Алена свой выбар зрабіла…

На жаль, апісаны вышэй выпадак не адзінкавы. У жніўні бягучага года з прычыны алкагалізму маці ў дзіцячым прытулку гарпасёлка аказаліся браты Іван і Яраслаў. Трэба сказаць, што родныя хлопчыкаў не асабліва імкнуліся як-небудзь ім дапамагчы. Ведалі, што Таццяна выпівае, і толькі разводзілі рукамі, назіраючы за трагедыяй сям’і збоку. Да таго, што дзеці аказаліся ў прытулку, жанчына не аднеслася сур’ёзна і да цяперашняга часу ніякіх дзейсных мер да звароту ў нармальнае жыццё не прыняла. У адрозненні ад Алены, час “завязаць” і не пакінуць дзяцей сіротамі пры жывой маці яна пакуль мае – вяртаць ёй хлопчыкаў або не камісія па справах непаўналетніх будзе вырашаць у студзені. Скарыстаецца Таццяна апошнім шансам ці паўторыць лёс Алены – залежыць толькі ад яе.

Н.Аваднёва, памочнік пракурора Ушацкага раёна.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *