Делегация Ушачского района приняла участие в областном празднике «Дажынки-2016»

Общество

Сянно. Дажынкі-­2016. Яшчэ адзін гарадок Віцебшчыны апрануўся ў святочнае ўбранства, каб пакарыць гасцей і пакінуць для сябе падабраны новы імідж. Штогод абласныя дажынкі праходзяць у адным з раённых цэнтраў, каб яго жыхарам застаўся абноўлены горад, добраўпарадкаваны, прыгожы, у якім цікава жыць, працаваць, ствараць сем’і і расціць дзяцей. “І мы будзем гэта працягваць”, – сказаў у сваім выступленні старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Мікалаевіч Шарснёў.

У гэты суботні сонечны дзень Сянно ператварылася ў суцэльнае свята. Яно свяцілася не толькі ў праменях сонца, але ва ўсмешках прахожых, у каларытных асобах у нацыянальным адзенні, якія сустракалі цябе на кожным пятачку вуліц. З раніцы сюды з’ехаліся дэлегацыі з усіх рэгіёнаў Віцебшчыны, каб потым прайсці святочнай калонай да цэнтральнай плошчы, дзе і праходзіла кульмінацыя дзейства – узнагароджанне перадавікоў.

Перад гэтым жа ў горадзе прайшло шмат вельмі важных мерапрыемстваў, адкрыццё новых і рэканструяваных аб’ектаў. Адно з іх – “Вытокі сімвалаў краіны”, вельмі маляўнічае – разгарнулася ля знака “Родны край”, што быў адкрыты ў гонар аўтара арнаменту на Дзяржаўным сцягу Беларусі Матроны Маркевіч. З’явіўся ў сенненцаў і прыгожы будынак ЗАГСа. Да гэтага ён туліўся ў раённым Доме культуры. Прычым трэба было завярнуць за вугал будынка, каб трапіць на ўваход, таму сярод сенненцаў нават прыжыўся жарт, што распісаліся “за вуглом”. Зараз гэта ўпрыгожанне цэнтра са скульптурай і фантанам. Месца, што палюбілася жыхарам гарадка, якія ахвотна фатаграфаваліся ля адкрытага ў гэты дзень будынка. Кіраўнік вобласці М.М.Шарснёў, старшыня абласнога Савета дэпутатаў У.У.Цярэнцьеў разам з ганаровымі гасцямі не толькі перарэзалі чырвоную стужку, але і павіншавалі маладажонаў, якім пашчасціла распісацца ў новым доме шлюбаў.

Ва ўсіх мерапрыемствах “Дажынак‑2016” прымалі ўдзел шматлікія ганаровыя госці не толькі з міністэрстваў і ведамстваў краіны, а таксама дэлегацыі са Смаленскай, Бранскай, Пскоўскай і Цвярской абласцей Расійскай Федэрацыі. Многія з іх падымаліся на сцэну, каб павіншаваць хлебаробаў.

А спачатку было глыбокае, аналітычнае выступленне старшыні абласнога выканаўчага камітэта Мікалая Мікалаевіча Шарснёва з падвядзеннем вынікаў сёлетняга сельскагаспадарчага года і вызначэннем задач на перспектыву. “Галоўны вынік нялёгкай працы ўсіх працаўнікоў сяла – гарантаваная харчовая бяспека краіны, падмурак для ўстойлівага развіцця аграрнага сектара эканомікі, павышэння дабрабыту людзей. Шчыра кажам – павага, пашана і слава нялёгкай сялянскай працы. Стан спраў у сельскай гаспадарцы рэгіёна, яго паспяховасць залежаць ад вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі жывёлагадоўлі. Стабільная кармавая база, павелічэнне аб’ёмаў нарыхтоўкі травяных кармоў стала стратэгічным накірункам развіцця раслінаводства сёлета. Мы пашыраем плошчы шматгадовых траў, павялічваем удзельную вагу канюшыны, робім упор на зернебабовыя культуры, тэхналагічнае вырошчванне кукурузы”, – канстатаваў губернатар. Мікалай Мікалаевіч зазначыў, што сёлета быў складаны па кліматычных умовах год і шэраг раёнаў, у тым ліку і Ушаччына, сабралі толькі палову хлеба ў параўнанні з мінулым годам. Разам з тым атрыманы ў вобласці ўраджай дазволіў выканаць дзяржаўны заказ, у поўным аб’ёме засыпаць насенныя фонды. Нарыхтавана і 25 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы, што больш мінулагодняга на 20 працэнтаў. А з улікам кукурузы будзе і 30 цэнтнераў. Недабор зерня поўнасцю кампенсаваны як па кармавых адзінках, так і па бялку за кошт павелічэння нарыхтоўкі травяных кармоў, падкрэсліў М.М.Шарснёў. Мікалай Мікалаевіч шчыра падзякаваў працаўнікам сяла за працу і ўручыў лепшым аграрыям вобласці і кіраўнікам дыпломы, грашовыя прэміі, падарункі.

А ў горадзе паралельна з канцэртам працягваліся святочныя мерапрыемствы. Фізкультурна­спартыўны комплекс быў у Сянно і раней, аднак як і школа мастацтваў, царква і многія іншыя будынкі, ён пераапрануўся. Унутры ж храма здароўя праходзілі розныя спаборніцтвы, у тым ліку і барацьба асілкаў­аграрыяў, пераможцу з якіх галоўны прыз уручаў сам Мікалай Валуеў – знакаміты баксёр, дэпутат Расійскай Дзяржаўнай Думы. Рэгбісты ўстроілі на стадыёне паказальныя выступленні і фатаграфаваліся з усімі на памяць, як і парашутысты, якія прызямляліся дакладна на стадыён пад гучныя апладысменты гледачоў.

Парк быў таксама, аднак састарэлы, дрэвы там высаджваліся, напрыклад, да дзясятай гадавіны Перамогі, таму да “Дажынак” яго прарэдзілі. У ім з’явілася не толькі больш прасторы, а і ваенная тэхніка. І менавіта тут праходзілі паказальныя выступленні вайскоўцаў.

Наогул забаўляльных мерапрыемстваў, а таксама выстаў для гасцей і сенненцаў было шмат. Традыцыйны конкурс караваяў, паказальныя выступленні выратавальнікаў, вялізныя лялькі і багатыя сялянскія падворкі, гандаль усім і ўся. На “Дажынкі” з’язджаюцца са сваёй прадукцыяй Дамы рамёстваў, расчыняюць цэлыя падворкі райспажыўтаварыствы. Ушацкае як заўсёды прыехала вельмі рана, каб цэлы дзень частаваць гасцей шашлыкамі і клёцкамі, выпечкай і гарачым чаем. І, канечне, у кожным кутку гучала музыка, праходзілі забаўляльныя гульні.

– З задавальненнем паглядзеў усе выставы Дамоў рамёстваў і купіў не толькі магніт з відамі Сянно на памяць аб мерапрыемстве, але і на панадворку нашага сувенір з сімволікай Ушаччыны – дома проста не было нагоды завітаць у Дом рамёстваў, – казаў удзельнік дэлегацыі, які не першы раз узначальвае калону, нясе сімволіку раёна, Аляксей Казлоўскі. І хоць наш Дом рамёстваў гандляваў пераважна дробязямі, сталы да апоўдня значна парадзелі.

І ўсё ж самую вялікую цікаўнасць у аграрыяў выклікае выстава тэхнікі. Як адзначыў М.М.Шарснёў – стаўка ў сельскагаспадарчай вытворчасці павінна рабіцца на тэхнічнае ўзбраенне, а на выставе былі прадстаўлены навінкі як айчыннага, так і расійскага машынабудавання. Менавіта там больш за ўсё правялі часу члены нашай дэлегацыі, параўноўваючы навінкі з той тэхнікай, што нядаўна папоўніла іх машынныя паркі. Дырэктар ААТ “Агра­Селішча” Аляксандр Васільевіч Есіпаў разам з механізатарам Генадзем Часлававічам Хадасевічам адразу накіраваліся да абаротных плугоў і да МТЗ­3532. Пераважная большасць навінак па сілах толькі гэтаму волату, якога летась на “Дажынках” уручылі “Дземенцу”.

Інжынер па адукацыі, дырэктар КУСГП “Кублічы” Аляксей Сяргеевіч Хмялеўскі затрымаўся ля сеялкі. “Яна складаецца з трох частак, якія можна выкарыстоўваць як па адной, так і цалкам, тады атрымаем максімальную шырыню захопу ў 10 метраў. Эфектыўна”, – тлумачыў кіраўнік.

Трактарыст Аляксандр Малахаў з “Глыбачан” і яго сціплы калега з “Вялікадолецкага” Генадзь Віктаравіч Качан любаваліся дыскатарам. “Пасля добрых дыскаў можна больш глебу не рыхтаваць”, – уключаецца ў размову намеснік дырэктара КУСГП “Вялікадолецкае” Аляксандр Віктаравіч Зянюк. – Тыя, што працуюць у нас, не заўсёды спраўляюцца, на цяжкіх глебах не хапае моцы, тут удасканалілі, зрабілі большымі, працаваць будзе зручней”.

Ну а яго дэлегацыя не проста аглядала тэхніку, але і правярала на зручнасць. “Прасторна нагам, пасадачных месцаў як ва УАЗе, сем чалавек размесціцца, расход паліва таксама, затое наколькі камфортней”, – камбайнер Васіль Рыгоравіч Алексяёнак і за рулём не адной машыны пабыў.

Падышоў бы такі аўтамабіль і для маладога камбайнера з “Ільюшынскага” Ю.П.Букі, літаральна днямі ў сям’і якога нарадзілася пятае дзіцё і настрой у Юрыя Пятровіча быў падвоена ўзнёслы.

Стаялі тут і падарункі прадстаўнікам сяла. Напрыклад, камбайн, які б дарэчы быў Сяргею Міхайлавічу Вусько, паколькі яго “Лідзе” ўжо пара на пенсію. “Не хачу ні на што яе мяняць, – кажа механізатар, у беражлівых руках якога “немка” беларускай зборкі служыць спраўна. – З тэхнікай, як і з людзьмі – роднішся.

Першы раз на “Дажынках” вадзіцель ААТ “ Ільюшынскі” Аляксандр Пятровіч Крысёнак. Ветэран працы, якому праз паўгода можна ісці на адпачынак, працаваў спачатку ў калгасе імя Дуброўскага (“Старасельскім”). Гэтым жа днём атрымліваў сапраўднае задавальненне, адпачываючы ў кампаніі калег і людзей, знаёмых толькі па інфармацыі ў газеце. А што аграрыі цікавяцца справамі адзін аднаго, пераконваюся пастаянна. Вось і зараз дэлегацыя “Вялікадолецкага” з гонарам зазначыла. “Сённяшні наш адзіны прадстаўнік Ушаччыны, што падымаўся на сцэну, перавозіў збожжа на старэнькім ГАЗ­53, а наш Генадзь Качан на МТЗ­1282 907 тон перавёз. Генадзь Віктаравіч толькі сціпла паціснуў плячыма. Як і пераважная большасць аграрыяў, ён красамоўны не на словах, а на справе.

Вось і Уладзімір Дзмітрыевіч Жарнасек, герой нашай дэлегацыі, працаваў не дзеля таго, каб трапіць на “Дажынкі”. Працаваць дрэнна на хлебнай ніве ў “Дземенцы” проста нельга. Усе ведаюць, што ад падбору ўчастка да выбару культур укладае душу дырэктар і ён жа аграном Аляксандр Віктаравіч Шарыпенка. Як шчыруюць на апрацоўцы глебы ці ўборцы зерня механізатары і камбайнеры. Дарэчы, менавіта А.В.Шарыпенка і брыгадзір Аляксандр Уладзіміравіч Яловік, які падчас уборкі садзіцца і за штурвал камбайна, на якім сёлета намалаціў больш паўтысячы тон, мацней за ўсіх пляскалі ў далоні, калі Уладзімір Дзмітрыевіч падымаўся на сцэну “Дажынак­2016”. Ён атрымаў Ганаровую грамату Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу не толькі за ўдзел у сёлетнім жніве, а за шматгадовую добрасумленную працу, па сутнасці за свой звыклы жыццёвы ўклад. Хаця менавіта сёлета ён быў вельмі блізка ад таго, каб атрымаць узнагароду з рук губернатара менавіта па выніках жніва. У яго другое месца ў вобласці па перавозцы зерня на транспартных сродках грузападымальнасцю да 4 тон – 1221 тона. Узнагароджвалі толькі абсалютных пераможцаў – па адным прадстаўніку ад кожнай катэгорыі па грузападымальнасці транспартнага сродку.

Напэўна, на Ушаччыне і не будзе ніколі той колькасці перадавікоў, як на аршаншчыне – сёлета іх 22. Нам нават з суседнім Докшыцкім раёнам нельга раўняцца ні па контурнасці палёў, ні ўвогуле па бальнасці зямлі. На гэтым, віншуючы дэлегацыю раёна, а ў іх асобе і ўсіх аграрыяў Ушаччыны, зрабіў акцэнт старшыня раённага выканаўчага камітэта В.В.Родзіч. “Вы працуеце ў намнога горшых, больш складаных умовах, а па прафесійнасці, майстэрстве, працавітасці не саступаеце нікому”, – справядліва зазначыў Віктар Віктаравіч. Ён таксама падкрэсліў, што дастойна сустрэў гасцей адноўлены прыгожы горад Сянно, аднак і ўшачане разам, пастаянна многа робяць па добраўпарадкаванні і гатовы прымаць дэлегацыі рознага ўзроўню.

У гэтым, дарэчы, пераканаўся Аляксандр Аляксандравіч Малахаў з КУСГП “Глыбачаны”, адзіны механізатар, які прымаў удзел у абласных дажынках у Гарадку, Талачыне і Сянно. Мерапрыемства спадабалася яму і сёлета. Хаця яно і не магло не спадабацца.

Хто быў у Сянно раней, сцвярджаюць, што горад не пазнаць. “Шэрым, з прыватнай забудовай, зусім непрывабным падаўся ён мне ў мінулы раз. А зараз адрамантаваныя фасады адміністрацыйных будынкаў, паркі, вельмі прыгожы будынак загса”, – казала адна з удзельніц дэлегацыі, начальнік інспекцыі па раслінаводстве, каранціне і ахове раслін Галіна Мікалаеўна Кашко.

– Люблю гісторыю, таму з задавальненнем знаёмлюся з раённымі цэнтрамі Віцебшчыны. У Талачыне на “Дажынках” летась быў па ўласным жаданні, паколькі родам з гэтага раёна, сёлета пашчасціла быць у складзе дэлегацыі, – кажа намеснік дырэктара ААТ «Ільюшынскі» Андрэй Мікалаевіч Тарасевіч. – У Сянно спадабалася ўсё – найперш атмасфера свята – усе ўсміхаюцца адзін аднаму, як добрыя знаёмыя, так, як і вітаюць кожнага на вёсцы.

– Уразіла грунтоўная падрыхтоўка свята, – столькі мерапрыемстваў у кожным кутку райцэнтра. А самым нечаканым і вельмі яркім момантам “Дажынак” для мяне стала сустрэча проста на вуліцы з Мікалаем Валуевым. Нячаста не з экрана тэлевізара, а вось так, можна ўбачыць дэпутата Дзяржаўнай думы Расіі, легендарнага баксёра, – казаў А.В.Есіпаў.

Ну а знакаміты госць “Дажынак” са сцэны, як і губернатары суседніх расійскіх абласцей пазней у інтэрв’ю, адзначылі, што прыехалі б па запрашэнні да віцяблян у любое надвор’е. Таму што мы жывём побач, таму што праца хлебароба, культура, спорт, – гэта тое, што нас аб’ядноўвае, у чым трэба пераймаць вопыт. Дарэчы, расіяне адзначылі, што яны вучацца ў беларусаў правядзенню падобных свят, па­сапраўднаму народных, пасля якіх застаюцца ўпрыгожаныя, прывабныя для жыцця гарадкі.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *