В Ушачах открылся новый православный храм

Общество

Гэтага дня ўшачане чакалі не адно дзесяцігоддзе. 27 кастрычніка прасторны будынак новай праваслаўнай царквы ледзь змясціў усіх жадаючых стаць відавочцамі эпахальнай падзеі – асвячэння храма святых пакутніц Мінадоры, Мітрадоры і Німфадоры. Тое ж, наколькі яна важная не толькі для прыхаджан прыхода, але і для ўсіх жыхароў раёна, адзначыў падчас урачыстасці старшыня Ушацкага райвыканкама Віктар Віктаравіч Родзіч: “Сімвалічна, што ў Год культуры мы адкрылі на Ушаччыне дзве святыні: абноўлены мемарыяльны комплекс “Прарыў” і гэты цудоўны храм!” А архіепіскап Полацкі і Глыбоцкі Феадосій, які правёў цырымонію асвячэння, назваў новую царкву святой жамчужынай ушацкай зямлі.


“Якая прыгажосць! Якое шыкоўнае ўбранства!” – перашэптваліся людзі, увайшоўшы ўнутр храма. Яны з захапленнем разглядвалі багаты іканастас, вітражы з біблейскімі матывамі, шматлікія іконы, вазы з кветкамі. Зрэшты, убачанае прывяло ў захапленне і Феадосія, які зазначыў, што ўпершыню бачыць такі літаральна ззяючы чысцінёй і бляскам храм, кожны куточак якога ўпрыгожаны з вялікім густам і любоўю. І зараз нават цяжка паверыць, што дзесяць год таму на гэтым месцы быў непрыглядны двор са старымі складамі…

Як вядома, у пачатку мінулага стагоддзя праваслаўная царква ва Ушачах знаходзілася на месцы цяперашняга РДК. У ваенны час яна была моцна разбурана, а пазней – знесена. Савецкай ідэалогіяй рэлігія, мякка кажучы, не віталася, і вернікі вымушаны былі маліцца ўпотай, па дамах. З заканчэннем гэтай эпохі перад ушацкімі праваслаўнымі хрысціянамі паўстала пытанне пошуку месца, дзе б яны маглі збірацца на богаслужэнні. Неўзабаве яны атрымалі невялікае памяшканне на тэрыторыі нарыхтоўчых складоў, якое было прыстасавана пад храм.

Калі ж у 2005 годзе прыход узначаліў бацюшка Вячаслаў Лобец, стала зразумела, што мара вернікаў пра новую царкву можа стаць рэчаіснасцю! Ва ўсялякім разе, менавіта такую высокую мэту паставіў перад сабой новы настаяцель. І, заручыўшыся падтрымкай кіраўніцтва Полацкай епархіі, пачаў дзейнічаць. Як чалавек працавіты і гаспадарлівы, адразу ўзяўся за рэальную справу, да якой падключыліся члены яго сям’і і прыхаджане. Першы будаўнічы матэрыял у літаральным сэнсе валяўся пад нагамі: каменне для агароджы вакол царквы збіралі на палях раёна. А наступным летам да храма прыехалі машыны з будматэрыяламі – аплацілі іх спонсары: дзве сталічныя і адна наваполацкая фірмы. Прыхаджане прыгадваюць, з якім імпэтам разам з бацюшкам яны разгружалі прывезеную цэглу: уручную, каб не пабіць яе і зберагчы сродкі. Увогуле, эканоміць даводзілася на ўсім. Жанчыны­актывісты прыходу па чарзе гатавалі ежу для работнікаў са Столінскага раёна, якія працавалі на будоўлі з раніцы да цёмнага. Многія прадукты прыносілі з дому, каб танней абыходзілася харчаванне. Нават узялі гектар зямлі, каб вырошчваць агародніну.

Была распрацавана праектна­каштарысная дакументацыя, і ў 2007 годзе распачаліся земляныя работы. Архіепіскап Полацкі і Глыбоцкі Феадосій добра памятае той час, бо прыязджаў ва Ушачы, каб асабіста закласці сімвалічную капсулу і асвяціць пачатак будоўлі. У 2010 годзе былі ўзведзены сцены храма, а ў 2012­м вялікі кран, які спецыяльна быў заказаны ў Полацку, узняў на дах царквы залаты купал і крыж… Пазней быў усталяваны яшчэ адзін, меншы купал, пад якім, дарэчы, літаральна днямі з’явіліся самыя “гучныя” царкоўныя атрыбуты – званы. Іх голас ушачане пакуль не чулі, аднак гэта справа недалёкай будучыні, калі знойдзецца спецыяліст, што данясе нам гэтую заварожваючую музыку.

БУДАВАЛІ ЎСІМ СВЕТАМ

Гэты выраз хоць і класічны, але цалкам падыходзячы для прыкладу з ушацкай царквой. Увесь час сродкі на ўзвядзенне храма, які будаваўся гаспадарчым спосабам, збіраліся літаральна па крупінках. Бацюшку і прыхаджанам даводзілася хадзіць па інстанцыях, стукацца ва ўсе дзверы. Вельмі дапамаглі звароты да прадстаўнікоў раённай, абласной і рэспубліканскай улады: у прыватнасці, значную лепту ў вырашэнне складанага пытання ўнёс У.П.Андрэйчанка – як у бытнасць губернатара вобласці, так і ў час, калі стаў старшынёй Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

Выдзяленне царкве па некалькі тон зерня стала штогадовай традыцыяй для ўсіх гаспадарак нашага раёна. Не засталіся ў баку прамысловыя прадпрыемствы: драўнінай народнай будоўлі дапамагаў лясгас, цэментам – ПМК­66 і “Ніксілбуд”, выдзялялі сродкі і матэрыялы Ушацкае ПМС, УП ЖКГ, ТАА “Лес”, агароднінасушыльны завод, Белаграпрамбанк і іншыя нашы арганізацыі. Дапамагалі і суседзі: шмат машын з цэглай прыбылі з Обальскага керамічнага завода, выдзялялі грошы і матэрыялы лясгасы і ПМК з розных раёнаў вобласці.

Далучыліся да годнай справы многія індывідуальныя прадпрымальнікі – як мясцовыя, так і тыя, хто жывуць у сталіцы, але маюць ўшацкія карані. Так, значную дапамогу будоўлі аказалі Сяргей Дзмітрыевіч Маслюк, Сяргей Васільевіч Фамін, Мікалай Мікалаевіч Бабаедаў, Мікалай Мікалаевіч Несцярэнка, Уладзімір Мікалаевіч Усціменка, Валянцін Аляксеевіч Шчарбакоў, Валянціна Васільеўна Пятніца і многія іншыя. Дарэчы, спонсары будаўніцтва былі запрошаны на асвячэнне храма, дзе атрымалі граматы і лісты ўдзячнасці ад райвыканкама і Полацкай епархіі.

Але, напэўна, не бачылі б мы сёння гэты велічны новы будынак на адной з цэнтральных вуліц Ушач, калі б не галоўныя энтузіясты – ушацкія прыхаджане. Гэтыя людзі не толькі дапамагалі збіраць сродкі, але і самі ахвяравалі значныя сумы, праводзілі на будоўлі ўвесь вольны час, асвойваючы розныя рабочыя спецыяльнасці. Аляксандр Аляксандравіч Радзюш, Арцемій Андрэевіч Усцін, Андрэй Уладзіміравіч і Людміла Валянцінаўна Жытковы, Аляксандр Сяргеевіч і Сяргей Данілавіч Васілеўскія, Зінаіда Максімаўна Зыль, Клаўдзія Іванаўна Іванова, Вольга Пятроўна Захарэнка, Міхаіл Нікафаравіч Сойта і многія іншыя актывісты таксама атрымалі ў свой адрас добрыя словы і заслужаныя падзякі. Нельга не ацаніць вялізны ўклад у справу матушкі Любові Лобец. Дарэчы, як слушна заўважыў Уладыка Феадосій, у цудоўным унутраным афармленні храма яўна бачна рука гэтай гаспадарлівай жанчыны.

Увогуле ж пералічыць усіх, хто пасадзейнічаў адкрыццю царквы, здаючы ахвяраванні на яе будаўніцтва, проста немагчыма – для гэтага давялося б назваць прозвішчы ледзь не ўсіх жыхароў Ушаччыны. Таму проста хочацца павіншаваць усіх нас з агульным святам!

Тое, што 27 кастрычніка для Ушач – дата асаблівая, чыталася літаральна ва ўсім. З самага ранку да ўваходу ў новы храм святых пакутніц Мінадоры, Мітрадоры і Німфадоры з прыгожых асенніх кветак і зялёных елачных галінак была выкладзена святочная дарожка. Тым не менш, ступаць на яе вернікі не спяшаліся, а выстраіўшыся ўздоўж, з нецярплівасцю чакалі высокага госця – архіепіскапа Полацкага і Глыбоцкага Феадосія. Прывітаўшы прысутных (а іх, нягледзячы на халаднаватае раняшняе надвор’е, сабралася надзвычай многа!), Уладыка накіраваўся ў храм, дзе яго хлебам­соллю і кветкамі сустракалі старшыня райвыканкама Віктар Віктаравіч Родзіч, старшыня раённага Савета дэпутатаў Вольга Мікалаеўна Захарэнка, бацюшка Вячаслаў і матушка Любоў.

Услед за імі ў будынак новай царквы ўвайшлі і шматлікія вернікі. У гэты дзень ушачанам пашчасціла стаць не толькі сведкамі чыну асвячэння храма, але і ўдзельнікамі першай Босскай літургіі ў ім. Значнасці падзеі надавала тое, што праводзіў свяшчэнныя дзействы сам архіепіскап Феадосій, а дапамагалі яму лепшыя святары прыходаў Полацкай, Віцебскай, Мінскай і Маладзечанскай епархій.

Як чалавек падчас таемстваў Хрышчэння і Памазання становіцца хрысціянінам, часцінкай духоўнага цела царквы, так і будынак становіцца храмам, месцам прысутнасці Бога на зямлі толькі пасля яго асвячэння. Нездарма гэты чын называецца “абнаўленнем”: праз старажытныя малітвы і абрады будынак становіцца іншым, святым. Як пры Хрышчэнні чалавек апускаецца ў асвячоную ваду, апранаецца ў белае адзенне, так і пасад храма – яго галоўнае месца, цэнтр алтара – абмываецца, набывае асаблівыя ўборы, памазваецца мірам. Дарэчы, паназіраць за гэтым працэсам у храме святых пакутніц Мінадоры, Мітрадоры і Німфадоры вернікі мелі магчымасць.

Па праваслаўных канонах падчас святочнага набажэнства вакол царквы вернікі на чале з архіепіскапам, іншымі свяшчэннаслужыцелямі і кіраўніцтвам раёна правялі хрэсны ход. Меркаваць пра колькасць яго ўдзельнікаў можна было па велічыні калоны: поўнага “кальца” вакол немалога па перыметры будынка аказалася недастаткова. Абышоўшы храм, Уладыка Феадосій прачытаў малітву, асвяціў вернікаў святой вадой і запрасіў разам правесці Боскую літургію.

Набажэнства доўжылася некалькі гадзін і стала адметнай падзеяй у рэлігійным жыцці раёна.

– Для ўсёй нашай сям’і сённяшні дзень асаблівы, – падзялілася з намі ўшачанка Вольга Радзевіч. – Удзел у службе прымае мой муж, якога на Шуміліншчыне, дзе ён працуе, людзі ведаюць як бацюшку Радзівона. Мы ж з сыночкам Святаславам прыйшлі падтрымаць яго, прыняць удзел у літургіі. Хлопчык, якому ўсяго пяць гадоў, таксама цягнецца да веры. У гэты дзень, напрыклад, з самай раніцы нічога не еў, каб мець магчымасць прычасціцца.

– Тут мне вельмі падабаецца! – важна агледзеўшы велічны будынак, канстатаваў маленькі Святаслаў. – Завітаем сюды яшчэ!

У гэты дзень дарослыя і дзеці, людзі пажылога ўзросту ішлі ў храм, каб памаліцца разам з архіепіскапам, паставіць свечкі за здароўе і шчасце блізкіх, знаёмых. Нездарма кажуць, што чыстая і шчырая вера ў Бога ачышчае душы, нясе спагаду, любоў да бліжняга. Менавіта з такім пачуццём пасля малітвы выходзілі з храма прыхаджане.

Напрыканцы мерапрыемстваў у гонар асвячэння новай царквы была праведзена дабрачынная акцыя “Упрыгожым храм разам”. Падчас яе архіепіскап Полацкі і Глыбоцкі Феадосій, настаяцель храма святых пакутніц Мінадоры, Мітрадоры і Німфадоры айцец Вячаслаў, В.В.Родзіч і В.М.Захарэнка высадзілі ля царквы прывезеныя спонсарамі прыгожыя маладыя туі. Далучыліся да гэтай пачэснай справы і іншыя святары, прыхаджане храма.

З нагоды знамянальнай даты архіепіскап Феадосій паднёс у якасці падарунка вернікам новай царквы абраз святых Опцінскіх старцаў.

– Калі думаў, што падарыць, прыгадаў, як перад пачаткам будаўніцтва храма мецэнаты накіраваліся ў Опціну пустынь, каб атрымаць блаславенне. Дык няхай жа гэты абраз падтрымлівае вас ва ўсіх добрых пачынаннях, – адзначыў Уладыка.

Віктар Віктаравіч Родзіч жа ў сваю чаргу ад мясцовага кіраўніцтва ўручыў высокаму госцю прыгожы гадзіннік з адмысловай інкрустацыяй. Уладыка, а таксама протаіерэй В.Лобец былі ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі райвыканкама.

Душа напаўняецца шчасцем

Айцец Вячаслаў, настаяцель храма святых пакутніц Мінадоры, Мітрадоры і Німфадоры:

– У маім жыцці была мара – пабудаваць ва Ушачах праваслаўны храм. І яна, дзякуючы вялікай працы, падтрымцы мясцовай улады і, вядома, малітвам, спраўдзілася. Думаю, многія высока ацанілі тое, што атрымалася. Дай Бог усім здароўя, душэўнай раўнавагі, міру і дабра!

Аляксандр Аляксандравіч Радзюш:

– Гляджу сёння на новы храм, і здаецца, быццам быў ён тут заўсёды – такі прыгожы, велічны, адусюль бачны. І ў той жа час колькі намаганняў было прыкладзена, каб распачаць і, галоўнае – паспяхова завяршыць будаўніцтва! Бывала, з бацюшкам Вячаславам, іншымі прыхаджанамі заставаліся тут да позняй ночы, штосьці прыбівалі, фарбавалі, чысцілі – набліжалі вельмі чаканую падзею для ўшацкіх вернікаў. Дарэчы, месца тут надзвычай удалае для царквы: практычна ў цэнтры і ў той жа час не надта ажыўленае. Упэўнены: сцены храма пуставаць не будуць!

Арцемій Андрэевіч Усцін:

– Напярэдадні адкрыцця храма, калі вялі работы на званіцы, убачыў Ушачы практычна з вышыні птушынага палёту. Звычайна праваслаўныя храмы пры поглядзе зверху сваім абрысам падобныя на крыж або карабель. Наш больш нагадвае крыж, але калі мы дакрануліся да званоў – іх гук напомніў голас карабельнай рынды. Уявілася, што мы плывём па моры. І гэта нядзіўна, бо царква для многіх – як карабель, на якім можна ўратаваць душу ў акіяне жыццёвай мітусні, у бездані грахоў. Храм – гэта месца, дзе кожны чалавек можа адчуць сябе ў бяспецы…

Аляксандр Віктаравіч Крацёнак:

– У той час, калі працаваў дырэктарам ушацкага райзага, наш нарыхтоўчы пункт быў у будынку, дзе пазней размясцілася царква. Сімвалічна, што менавіта ўноч перад асвячэннем новага храма мне прысніўся сон пра маю былую работу, тутэйшыя мясціны – расцаніў яго як своеасаблівае запрашэнне звыш на знакавую ўрачыстасць.

Таццяна Міхайлаўна Малак:

– З’яўляюся прыхаджанкай іншага праваслаўнага храма – у аграгарадку Арэхаўна. Тым не менш, не прыйсці сёння на асвячэнне царквы Мінадоры, Мітрадоры і Німфадоры не магла! Гэта знакавая, нават гістарычная, падзея ў жыцці раёна і ўсёй епархіі. Да таго ж, прыемна было сустрэць тут многіх знаёмых, падзяліцца ўражаннямі ад убачанага і атрыманым падчас службы пазітывам.

Ларыса Захараўна Мажэйка:

– Не магу назваць сябе апантаным вернікам. Таму калі мая сястра Галіна Дунец, якая спявае ў царкоўным хоры, запрашала на богаслужэнні, звычайна адмаўлялася: не адчувала такой унутранай патрэбы. Сёння ж, пабываўшы ў новым храме, была вельмі ўражана – з гэтага часу, мяркую, буду яго пастаянным наведвальнікам.

Іна Сяргееўна Клімава:

– Сёння мы сталі яшчэ бліжэй да Бога. Новая царква – тое месца, куды мы зможам прыйсці і ў хвіліны роспачы, калі патрэбна Божая дапамога, і ў радасныя часіны нашага жыцця. Вядома, зрабіць гэта маглі і раней – у старым будынку. Аднак, думаю, велічны храм з “залатым” купалам і званамі, як тая незгасальная лампада, будзе па­новаму саграваць нашы душы агнём веры, любові і надзеі.

Падрыхтавалі Наталля БАГДАНОВІЧ, Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *