Разные нюансы жизненных ситуаций. На «прямую линию» с нотариусом поступило немало вопросов от ушачан

Зваротная сувязь

Практыка пакінуць пытанне натарыусу на сайце газеты да непасрэдна тэлефоннай “прамой лініі” прыжылася. Паступіла сем пытанняў на сайт і чатыры на “гарачы нумар”, што гаворыць аб запатрабаванасці кансультацый спецыяліста. Гэта, дарэчы, зручна літаральна для ўсіх. Натарыус Жанна Леанідаўна Каваленка мае час прааналізаваць усе нюансы сітуацыі, а нашы чытачы ў выніку атрымліваюць дакладны адказ. Дарэчы, як і пры любым звароце да натарыуса, званкі з’яўляюцца ананімнымі. Таму і праз газету мы даём адказы на распаўсюджаныя сітуацыі без спасылак на імя таго, ад каго яны паступілі.

– Маю дачку ад першага шлюбу, якая не ўдачарона маім мужам. Якія правы яна мае на спадчыну нашай агульнай маёмасці?

– Ваша сумесная з мужам маёмасць належыць напалову вам і мужу, калі іншае не абгаворана Шлюбным дагаворам. Таму ваша дачка мае права на спадчыну вашай часткі маёмасці і не мае правоў на палову мужа, калі ён не ўкажа яе як спадчынніцу ў завяшчанні.

– Завяшчанне пакінута на маю карысць, аднак я не хачу прымаць спадчыну. Трэба пісаць адмову або няяўка да натарыуса на працягу 6 месяцаў і будзе лічыцца адмовай. І хто ў такім выпадку становіцца спадчыннікам?

– Так, вы можаце і не ісці ў натарыяльную кантору, аднак лепш усё ж напісаць заяву аб адмове, паколькі тады іншыя спадчыннікі даведаюцца аб вашым намеры. Калі няма спадчыннікаў першай чаргі, права пераходзіць да родных другой чаргі. Звяртацца трэба ў натарыяльную кантору па апошнім месцы жыхарства завяшчальніка.

– Маці загінула ў пажары. Ці магу я адбудоўваць дом і ці маю права на страхоўку?

– Так, вы можаце пачаць работы па аднаўленні дома, калі ён аформлены ў арганiзацыi па рэгiстрацыi маёмасцi, ёсць пасведчанне на зямлю або занесены ў гаспадарчую кнігу сельвыканкама да 8 мая 2003 года. Такім чынам фактычна ўступіце ў правы на спадчыну. Маеце права і на атрыманне страхоўкі.

– Хачу падарыць дом дачцэ. Ці змагу я (мала што ў жыцці бывае) потым адмяніць дарэнне?

– Не, адмяніць дагавор дарэння нельга, бо мяняецца ўласнік. Падараваўшы дом дачцэ, вы будзеце жыць у яе доме. Адмяніць дагавор дарэння магчыма, калі вы перажывяце дачку, аб чым таксама загадзя ставіцца адзнака ў дагаворы дарэння. Таму калі вы сумняваецеся, то лепш напісаць завяшчанне, якое не зменіць уласнасніка (гэта будзе вашым домам) і якое можна ў любы момант памяняць.

– У завяшчанні ўказаны толькі адзін спадчыннік і толькі на кватэру. Ці атрымае гэты чалавек і грашовыя сумы, якія ёсць на рахунку спадчынадаўцы?

– Калі ў завяшчанні не пазначаны грашовыя сродкі, то яны будуць размяркоўвацца паміж спадчыннікамі па законе. Калі чалавек, на якога напісана завяшчанне, з’яўляецца родным, то разам з іншымі будзе мець права і на грашовыя сродкі.

– Пасля смерці брата праз тры месяцы памірае і яго жонка. Завяшчання брат не пакінуў, спадчыннікаў першай чаргі няма. Нам (сястры і брату) растлумачылі, што ўсе правы на спадчыну маюць бацькі жонкі. Ці так гэта, і ці можам мы быць прызнаны спадчыннікамі на 1/2 долі брата іх сумеснай маёмасці?

– Вам растлумачылі правільна. Пасля смерці брата менавіта жонка фактычна прыняла спадчыну ці не паспела гэтага зрабіць у сувязі са смерцю, што не мяняе сутнасці. Яе бацькі з’яўляюцца спадчыннікамі першай чаргі.

– За дваццаць гадоў шлюбу нажылі з мужам сумесную маёмасць. Але ён, на жаль, злоўжывае спіртным і судом пазбаўлены дзеяздольнасці. Я хачу заключыць з ім Шлюбны дагавор, ці можна гэта зрабіць, у прыватнасці ад імя мужа па даверанасці?

– Шлюбны дагавор заключаецца толькі асабіста, таму аб прадстаўніку па даверанасці няма і размовы. Акрамя таго ваш муж пазбаўлены дзеяздольнасці і не можа выдаваць даверанасці ці здзяйсняць іншыя юрыдычныя дзеянні, у тым ліку і быць суб’ектам Шлюбнага дагавору.

– Пасля смерці бацькі застаўся домік на вёсцы. У які тэрмін я павінен падаць заяву на права на спадчыну і ці буду я павінен гасіць яго нявыплачаны крэдыт?

– Да спадчыннікаў пераходзяць не толькі правы, але і абавязкі спадчынадаўцы, таму, прыняўшы спадчыну на дом, вы будзеце абавязаны гасіць і крэдыт. Да абавязкаў, якія не пераходзяць да спадчыннікаў, адносяцца тыя, што цесна звязаны з асобай спадчынадаўцы, у прыватнасці аліменты.

– Муж памёр у верасні. Сумесная маёмасць – машына і страхоўка. Спадчыннікі – я (жонка), двое нашых дзяцей і бацькі мужа, якія жадаюць напісаць адмову, але не могуць прыехаць.

– Ваша сумесная з мужам маёмасць належыць вам у роўных частках, калі іншае не прадугледжана Шлюбным дагаворам. Таму да атрымання права на спадчыну вам трэба атрымаць права ўласнасці на вашу палову маёмасці. А другая палова (мужава) будзе дзяліцца паміж усімі спадчыннікамі. Калі бацькі вырашылі адмовіцца ад сваёй долі, то яны могуць падаць заяву натарыусу асабіста, праз прадстаўніка па даверанасці, а таксама выклікаць натарыуса на дом і аформіць усе патрэбныя дакументы.

– Я заканчваю юрыдычны факультэт. У апошні час вельмі вырас прэстыж прафесіі натарыуса. Як можна ім стаць?

– Натарыусам у нашай краіне можа быць толькі грамадзянін Рэспублікі Беларусь з вышэйшай юрыдычнай адукацыяй і стажам работы па спецыяльнасці не меней трох гадоў, які прайшоў прафесійную стажыроўку і здаў кваліфікацыйны экзамен, атрымаў пасведчанне на ажыццяўленне натарыяльнай дзейнасці і адпавядаючы іншым патрабаванням заканадаўства.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *