Как выполняется экспорт услуг в Ушачском районе и реализация государственной программы «Беларусь гасцінная»

Ушаччина туристическая

На пасяджэнні каардынацыйнага савета па турызме, якое прайшло напрыканцы снежня, прааналізаваны вынікі выканання ў 2016 годзе мерапрыемстваў па рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы “Беларусь гасцінная” на 2016-2020 гады, а таксама экспарту турыстычных паслуг. У канструктыўнай размове прынялі ўдзел прадстаўнікі ўсіх устаноў і арганізацый раёна, якія займаюцца гэтай сферай.

2016 год быў стартавым для праграмы, якая разлічана на пяцігодку і складаецца з дзвюх падпраграм, першая з якіх датычыцца кадравага, навуковага і вучэбна-метадычнага забеспячэння ў сферы турызму, а другая – маркетынгу турыстычных паслуг.

Як вядома, рэклама – абавязковы атрыбут арганізацыі турызму. Данесці да людзей звесткі пра багаты патэнцыял нашага раёна – гэта значыць, напалову вырашыць задачу прыцягнення на Ушаччыну адпачываючых. З гэтай мэтай у ФСК “Ураджай” дзейнічае турысцка-інфармацыйны цэнтр, які займаецца зборам і распаўсюджаннем адпаведных звестак. На працягу года аддзеламі адукацыі, спорту і турызму, ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама вырабляліся буклеты, флаеры, карты, календары, наборы здымкаў, сувенірная прадукцыя, якая рэкламуе нашы турыстычныя магчымасці, расказвае пра славутасці Ушаччыны. Актыўна выкарыстоўвалася для рэкламы сетка інтэрнэт. Інфармацыя пра турызм размяшчаецца на сайтах райвыканкама і ФСК “Ураджай”, прапагандуе такім чынам свае паслугі санаторый “Лясныя азёры”. Створаны новы відэаролік пра здраўніцу, які можна паглядзець на канале Youtube, у папулярных сацыяльных сетках – гэты відэаматэрыял сабраў ужо каля 10000 праглядаў, размешчана кантэкстная рэклама, якая дае станоўчы эфект. Санаторыем наладжана супрацоўніцтва з 11 турфірмамі Расіі, Латвіі, Эстоніі, Германіі, на 2017 год заключаны дагавор на набыццё больш 700 пуцёвак праз рэспубліканскі цэнтр па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва. Спрыяе папулярызацыі нашых магчымасцяў ­удзел у турыстычных выставах, інвестыцыйных форумах, конкурсах. Напрыклад, санаторый летась рэкламаваў сваю дзейнасць на выставах у Маскве, Екацярынбургу, Віцебску, удзельнічаў у конкурсе “Пазнай Беларусь”.

Актыўна развіваўся ў мінулым годзе спартыўны турызм. У прыватнасці, праведзены 1 лыжны і 7 велапаходаў для працуючай моладзі раёна, два турыстычныя злёты, амаль паўсотні пешых паходаў з удзелам школьнікаў.

Вялікі сродак папулярызацыі раёна ў турыстаў – дзейнасць аграэкасядзіб. Іх на Ушаччыне зараз зарэгістравана 8, што, канечне, вельмі мала для рэгіёна з такім прыродным патэнцыялам. Удзельнікі каардынацыйнага савета актыўна абмяркоўвалі шляхі развіцця гэтага перспектыўнага напрамку.

Летась нямала зроблена па пашырэнні турыстычнага патэнцыялу раёна: так, гаспадаром аграсядзібы “Мікалаеўскі пасад” М.Падрэзам праведзены работы па абсталяванні кемпернай стаянкі, завершана будаўніцтва базы адпачынку ў вёсцы Глыбачка ПУП “УНГандаль-Рэфлекс” (уладальнік – М.Бабаедаў).

Яскравым паказчыкам дзейнасці турыстычнай сферы з’яўляецца экспарт адпаведных паслуг. У нашым раёне іх аказваюць “Лясныя азёры”, РГА “Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў”, “Ушацкі лясгас”, УП ЖКГ і “Кампанія “Вікінг-турыстык”. Пры гэтым удзельная вага ў 98,6 працэнта ў агульным аб’ёме экспарту належыць санаторыю.

На 2016 год прагнозны паказчык па экспарце турызму для Ушацкага раёна быў устаноўлены ў памеры 786,1 тысячы долараў, аднак нягледзячы на значную работу, выканаць яго не ўдалося. Экспарт па выніках года склаў каля 610,4 тысячы долараў (76,9 працэнта да ўзроўню 2015-га). Пры гэтым толькі лясгас забяспечыў экспарт турыстычных паслуг значна вышэй леташняга ўзроўню, аказаўшы іх за год  на 10,5 тысячы долараў.

Не могуць быць задаволены гэтым паказчыкам “Лясныя азёры”, дзе ён склаў толькі каля 80 працэнтаў да аб’ёму 2015 года. На каардынацыйным савеце намеснік дырэктара санаторыя А.М.Голік і начальнік сектара экспарту турыстычных паслуг С.І.Сляцкі агучылі праблемныя моманты дзейнасці прадпрыемства, сярод якіх, акрамя звязаных з памяншэннем плацежаздольнасці насельніцтва, і такія, як адсутнасць басейна, прамога транспартнага забеспячэння і прыпынку непасрэдна ля здраўніцы, не заўсёды “гнуткая” цана на пуцёўкі (летась для замежных грамадзян яна была большай, чым, напрыклад, у Лепельскім ваенным санаторыі) і некаторыя іншыя. Разам з тым, у “Лясных азёрах” імкнуцца ўсяляк зацікавіць кліентаў. Летась тут зроблены рамонт сталовай, рэстарана, працягвалася добраўпарадкаванне тэрыторыі, вядзецца падрыхтоўка дакументацыі на будаўніцтва станцыі абезжалезвання, устаноўка рэкламнага бігборда на трасе ля Сарочына. На 35 працэнтаў зніжана аплата за транспартныя паслугі, якія аказвае мікрааўтобус санаторыя, дзесяць двухмесных нумароў пераабсталявана ў больш запатрабаваныя аднамесныя, пашырана зона дзейнасці Wi-Fi і г.д.

Не выконвае даведзенага паказчыка раённая арганізацыя РГА “БТПР”, прычым, па словах яе дырэктара В.І.Шэршаня, у асноўным гэта абумоўлена аб’ектыўнымі прычынамі: патрабаваннем абавязковай утылізацыі мяса здабытага кабана, высокім коштам палявання на лася: дазвол на правоз зброі каштуе 50 еўра, на паляванне – яшчэ 50, каля 30 еўра абыходзіцца пражыванне. Ужо тры гады існуе забарона на адстрэл глушца з-за недастатковай яго колькасці. Нядзіўна, што за год арганізацыяй было прынята толькі дзве групы замежных паляўнічых.

А вось невыкананне паказчыка экспарту паслуг кампаніяй “Вікінг-турыстык” абумоўлена найперш тым, што яе дзейнасць накіравана на выязны турызм, аднак работу па фарміраванні тураў па Беларусі і, у тым ліку, па нашым раёне, яе ўладальнікі плануюць актывізаваць.

Павелічэнню цікавасці да Ушаччыны павінна паспрыяць новае аблічча мемарыяльнага комплексу “Прарыў”, патэнцыял якога абавязкова варта выкарыстоўваць значна актыўней, напрыклад, арганізоўваючы маштабныя мерапрыемствы на гэтым аб’екце. Увогуле ж развіццё турыстычнай сферы раёна, павелічэнне экспарту паслуг залежыць не толькі ад намаганняў кожнага суб’екта, занятага ў ёй, але і ад іх плённага супрацоўніцтва, граматнай каардынацыі гэтых дзеянняў.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *