Развитие туризма на Ушаччине обсуждали на выездном семинаре в Великих Дольцах

Ушаччина туристическая

Тое, наколькі перспектыўнай для нашага раёна з’яўляецца турыстычная сфера, даказваць нікому не трэба. Вось толькі іншы раз патэнцыяльным гаспадарам будучых аграэкасядзіб не хапае рашучасці, ведаў ці нават проста слушнай парады ад лю­дзей, якія паспяхова праяўляюць сябе ў гэтай справе. Запоўніць падобныя прабелы мае намер турысцка-інфармацыйны цэнтр ФСК “Ураджай” аддзела адукацыі, спорту і турызму. Пры гэтым спецыялісты мусяць выкарыстоўваць дзейсныя формы работы – такія, напрыклад, як выязныя семінары: днямі падобнае мерапрыемства прайшло ў аграгарадку Вялікія Дольцы.

Добрыя прыклады побач

Удзельнікамі семінара сталі людзі, якія маюць вялікі аўтарытэт у насельніцтва – дэпутаты мясцовага сельскага Савета, старэйшыны населеных пунктаў. Яны добра ведаюць вяскоўцаў, якія б маглі павялічыць колькасць аграэкасядзіб у раёне – а яна пакуль даволі невялікая: свае паслугі гасцям прапануюць восем такіх аб’ектаў. Зрэшты, два з іх – “Мірны” і “Марусіна хата” – дзейнічаюць на тэрыторыі Вялікадолецкага сельсавета, які славіцца жывапіснымі азёрамі і лясамі. Зусім непадалёк ад аграгарадка размешчана і напэўна самая вядомая ўшацкая аграэкасядзіба “Мікалаеўскі пасад”. Яе гаспадар М.Д.Падрэз у арганізацыі сельскага турызму на тэрыторыі раёна быў першапраходцам – вось ужо восем год у Сержаны прыязджаюць беларускія і замежныя госці, летась на сядзібе адпачылі 350 чалавек. “Аграэкатурызм – справа, ад якой можна атрымліваць і прыбытак, і задавальненне”, – лічыць Мікалай Дзмітрыевіч. Ён падзяліўся сваім вопытам з удзельнікамі семінару: расказаў пра акалічнасці турыстычнага бізнесу, пашырэнне інфраструктуры (у прыватнасці, пра адкрыццё кэмпернай стаянкі), а таксама пра вялікую падсобную гаспадарку, якая з’яўляецца своеасаблівай разынкай “Мікалаеўскага пасада”. Летась тут гадавалі свіней і коз, каля 200 трусоў і 90 курэй, завялі нават перапёлак. Каб мець магчымасць прымаць на сядзібе кліентаў, якія прыбылі ў камандзіроўку, гаспадар аформіў прадпрымальніцтва, але варта нагадаць, што для ўладальнікаў аграэкасядзіб гэта не з’яўляецца абавязковай умовай.

Як распачаць справу

З чаго пачаць тым, хто вырашыў заняцца агратурызмам? Пра гэта ўдзельнікам семінара расказала намеснік старшыні ФСК “Ураджай” Т.Л.Шарына. Адпаведна Указа Прэзідэнта №372 “Аб мерах па развіцці аграэкатурызму ў Рэспубліцы Беларусь”, для пачатку названай дзейнасці дастаткова некалькіх умоў: трэба мець дом у сельскай мясцовасці і свабодныя жылыя пакоі ў ім, зямельны ўчастак, выдзелены для вытворчасці сельгаспрадукцыі, а таксама магчымасць знаёміць турыстаў з прыроднымі і культурнымі аб’ектамі. Да пачатку дзейнасці неабходна падаць заявы ў мясцовы сельвыканкам і падатковы орган, заплаціць адпаведны збор, які складае ўсяго адну базавую велічыню і аплачваецца раз у год не пазней 28-га снежня. Варта падкрэсліць, што гэты від дзейнасці цалкам вызвалены ад іншых збораў, падаткаў і плацяжоў у бюджэт.

З фінансавай падтрымкай

Вядома ж, не ў кожны пустуючы вясковы дом можна адразу запрасіць турыстаў. Часта для пачатку дзейнасці патрэбны рамонт і рэканструкцыя жылых памяшканняў, будаўніцтва лазні, набыццё мэблі і абсталявання. Для падобных мэт гаспадары сядзіб могуць скарыстацца выгадным крэдытам, пра ўмовы якога расказала начальнік РКЦ №37 ААТ “Белаграпрамбанк” І.Б.Бурак. Сродкі выдаюцца на тэрмін да 7 год пад 5 працэнтаў гадавых. Пры гэтым першы год плаціць трэба толькі працэнты. Аднак варта мець на ўвазе, што наяўных грошаў кліент не атрымае: банк будзе аплачваць толькі дакументы на набыты тавар. Памер крэдыту залежыць ад даходу кліента ці сукупнага даходу членаў яго сям’і. Так, напрыклад, калі чалавек атрымлівае 500 рублёў у месяц, максімальны памер крэдыту складзе 10200 рублёў. Ну а пра тое, што такая фінансавая дапамога можа стаць важнай падтрымкай у адкрыцці агратурыстычнай справы, сведчыць факт, што ёю скарысталіся гаспадары ўшацкіх сядзіб “Апельсін”, “У дачы!”, “Азёрная”, якія зараз прапануюць гасцям адпачынак высокага ўзроўню камфортнасці.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *