Начальник УВД Витебского облисполкома Виктор Сенько провёл пресс-конференцию для средств массовой информации региона

Закон - один для всех

Пад такім дэвізам на мінулым тыдні прайшла прэс-канферэнцыя начальніка ўпраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама для сродкаў масавай інфармацыі рэгіёну. Пры гэтым, і для аднаго, і для другога боку такі дыялог – не проста нагода падзяліцца інфармацыяй, а ў першую чаргу магчымасць пачуць і лепш зразумець адзін аднаго.

Галоўнае – заслужыць давер

У цэлым, вынікі мінулага года радуюць, лічыць генерал-маёр В.С.Сянько. Знізілася колькасць цяжкіх злачынстваў, грабяжоў, забойстваў, дарожна-транспартных здарэнняў, ды і іншых відаў правапарушэнняў. Да прыкладу, калі ў 2012 годзе было зарэгістравана 12441 злачынства, то ў 2016-м – 10855.

Аднак, гэтыя лічбы – не адзіны фактар ацэнкі работы праваахоўнікаў. Віктар Сяргеевіч лічыць, што вырашальную ролю тут адыгрывае грамадская думка. Па выніках маніторынгу ўзровень даверу людзей да органаў правапарадку на Віцебшчыне склаў амаль 69 працэнтаў – гэта самы высокі паказчык у краіне.

Дадаюць аўтарытэту прафесіі і гучныя поспехі ў барацьбе са злачыннасцю. Тут, па меркаванні В.С.Сянько, асаблівая роля належыць падраздзяленням па барацьбе з незаконным абаротам наркотыкаў. Так, у 2016-м ліквідавана 3 буйныя каналы пастаўкі на тэрыторыю Віцебскай вобласці наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў, з незаконнага абароту канфіскавана больш за 80 кілаграмаў такога зелля. Са жніўня 2014 года ва ўпраўленні функцыянуе група аналітычнай разведкі – яго работнікі штодзённа манітораць інтэрнэт з мэтай выяўлення інтэрнэт-магазінаў, што распаўсюджваюць наркотыкі. У 2016-м спынена дзейнасць 13 такіх незаконных гандлёвых кропак.

Даўні – не значыць забыты

Асобна В.С.Сянько адзначыў, што ў 2016-м раскрыта 171 злачынства мінулых гадоў, з іх з катэгорыі цяжкіх – 18, асоба цяжкіх – 6. У якасці прыкладу ён расказаў пра справу, якая заставалася нераскрытай з 1991 года. Так, 25 гадоў таму першакласніца адной са школ Віцебска пасля ўрокаў не вярнулася дадому. Праз тры дні яе цела знайшлі на гаспадарчым двары навучальнай установы. Яно было схавана ў мяшку, а на самой дзяўчынцы не было калготак і ніжняй бялізны. Біялагічны матэрыял, знойдзены на месцы злачынства, даследавалі ў Германіі і Расіі, аднак тады ўдалося ўстанавіць толькі групу крыві злачынцы.

Дзякуючы развіццю тэхналогій летась стала магчымым больш дэталёвае даследаванне біялагічнага матэрыялу забойцы. Пасля чарговай экспертызы было ўстаноўлена генетычнае супадзенне матэрыялу з месца злачынства з матэрыялам, наяўным у базе праваахоўнікаў. Гэта дазволіла са значнай доляй верагоднасці сцвярджаць, што забойства здзейсніў адзін з рабочых брыгады, што ў той час займалася рамонтам школы. Праўда, прыцягнуць да адказнасці злачынцу не атрымалася: у 2005 годзе мужчына скончыў жыццё самагубствам.

За спакой на дарогах

Жывую цікавасць выклікала ў журналістаў пытанне аб стане дарожнай сітуацыі ў рэгіёне. Як падкрэсліў В.С.Сянько, у 2016 годзе на аўтамабільных дарогах вобласці абсталявана 43 месцы па кантролі хуткаснага рэжыму, устаноўлена 55 стацыянарных датчыкаў кантролю хуткасці, пастаянна працуюць 3 мабільныя датчыкі. Укараненне ўсіх гэтых тэхнічных сродкаў спрыяла змяншэнню ДТЗ на аварыйна-небяспечных участках.

Сёлета будзе працягнута работа па ўстаноўцы дадатковых крыніц асвятлення на нерэгулюемых пешаходных пераходах, замене старых дарожных знакаў на знакі павышанай бачнасці. Укараненне гэтых сродкаў дазволіць вадзіцелю загадзя ўбачыць пешахода і прыняць неабходныя меры па недапушчэнні аварыі.

Заўсёды на кантролі

Прыемным сюрпрызам для журналістаў стала экскурсія ў святую святых УУС – аператыўна-дзяжурную службу. Прысутных пазнаёмілі з сучаснай сістэмай лічбавай радыёсувязі стандарту DMR, якую віцебскія праваахоўнікі пачалі выкарыстоўваць аднымі з першых у краіне. Гэтая сістэма дазваляе ў рэжыме рэальнага часу бачыць усе патрульныя нарады, аўтамабілі і аператыўна кіра­ваць імі. Трэба дадаць, што істотным прафілактычным фактарам у апошнія гады выступаюць сістэмы відэаназірання – на сённяшні дзень у Віцебскай вобласці іх функцыянуе 295. Летась з іх дапамогай раскрыта 52 злачынствы.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *