На Ушаччине подвели итоги Года культуры

Культура

Фінішаваў 2016 год, які Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі быў аб’яўлены Годам культуры. На Ушаччыне ён быў багаты на знакавыя справы. Гістарычнай падзеяй стала адкрыццё 9 мая ў рамках абласнога свята, прысвечанага Дню Перамогі, пасля рэканструкцыі з рэстаўрацыяй мемарыяльнага комплексу “Прарыў” –гісторыка-культурнай каштоўнасці 2 катэгорыі. Гэтае і іншыя мерапрыемствы абмяркоўвалі ў апошні дзень студзеня ў раённым цэнтры культуры і народнай творчасці падчас выніковай нарады, прысвечанай Году культуры.

Аб тым, што на ўшацкай зямлі нямала талентаў, адразу падказвала ўсім прысутным і выстава ў фае раённага цэнтра культуры і народнай творчасці: на арыгінальных вырабах нашых майстроў нельга было не спыніць свой позірк, як заўсёды разнапланавую прэзентацыю прадставілі бібліятэкары раёна,  пах смачных страў народнага клуба нацыянальнай кухні “Прысмакі” заварожваў усіх, хто зазірнуў на ўрачыстае мерапрыемства, а ацаніць усё гэта можна было пад жывую музыку ў выкананні педагогаў дзіцячай школы мастацтваў.

У Год культуры было праведзена шмат цікавых і запамінальных мерапрыемстваў. Для ўстанаўлення міжнароднага супрацоўніцтва наш раён прымаў гасцей з Плявіньскага краю Латвійскай рэспублікі. На базе раённага цэнтра культуры і народнай творчасці прайшоў абласны конкурс клубаў “Ветэран” і ветэранскіх творчых калектываў, праведзены мерапрыемствы, прысвечаныя творчасці Васіля Быкава на сядзібе-музеі ў Бычках, сумесна з Мінскім літаратурным музеем П.Броўкі –  вандроўка па ўшацкім краі, прымеркаваная да 111-й гадавіны з дня нараджэння паэта. Адсвяткавала 90-годдзе Ушацкая раённая бібліятэка імя Еўдакіі Лось. Новым зместам былі напоўнены традыцыйныя мерапрыемствы да Дня Незалежнасці, свята работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўваючай прамысловасці аграпрамысловага комплексу, святы народнага календара.

Для творчых коллектываў Ушаччыны прайшоўшы год быў багаты на дасягненні і перамогі. Калектывы ўстаноў культуры адзначаны 17 дыпломамі за ўдзел і перамогі ў разнастайных абласных і рэспубліканскіх конкурсах і фестывалях “Браслаўскія зарніцы”, “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне”, “Славянскі базар у Віцебску” і іншых.

Кіраўнік народнага фальклорнага калектыву “Матырынская спадчына” Ганна Іванаўна Рудзёнак узнагароджана прэміяй Беларускага прафсаюза работнікаў культуры і мастацтва ў намінацыі “Народная творчасць” і Ганаровым знакам Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму за прапаганду народнай творчасці Беларусі. Дырэктар Дома рамёстваў Міхаіл Аляксандравіч Багдановіч стаў лаўрэатам прэміі Віцебскага аблвыканкама ў намінацыі “За развіццё народнай творчасці”.

– На Ушаччыне за 2016 год прайшло больш трох тысяч мерапрыемстваў – канцэрты, конкурсы, выставы, літаратурныя вечарыны, дэманстрацыя фільмаў і многае іншае. З іх 597 праведзена на платнай аснове, – адзначыла ў сваім справаздачным выступленні аб рабоце ўстаноў культуры раёна начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама С.В.Азевіч. – Хочацца выказаць вялікую ўдзячнасць кіраўніцтву раёна за пастаянную дапамогу і падтрымку ў вырашэнні праблем галіны культуры ў рэгіёне. Дзякуй нашым гледачам і ўсім тым, хто неабыякава адносіцца да культуры і дапамагае ў захаванні і развіцці нацыянальнай спадчыны. Год культуры надаў нам новыя творчыя сілы, мы будзем і далей працаваць над удасканаленнем форм і метадаў работы.

Падвядзенне вынікаў не магло прайсці без узнагарод. Дыпломамі за значны ўклад у развіццё і папулярызацыю беларускай культуры, зберажэнне гісторыка-культурных каштоўнасцей Ушаччыны, фінансаванне культурных мерапрыемстваў былі ўзнагароджаны самыя актыўныя спонсары аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама ў 2016 годзе: Ушацкае раённае аб’яднанне арганізацый прафсаюзаў, уваходзячых у Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі (старшыня М.І.Бухалка), раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання “Фонд міру” (старшыня Т.М.Малак), індывідуальны прадпрымальнік А.К.Крацёнак. Лісты Падзякі за дапамогу ў добраўпарадкаванні і падтрыманні належнага стану мемарыяльнага комплексу “Прарыў”, актыўны ўдзел у культурна-масавых раённых мерапрыемствах і значную работу па грамадзянска-патрыятычным выхаванні ў працоўным калектыве ўручаны Ушацкаму лясгасу (дырэктар В.І.Палынскі), прадпрыемству меліярацыйных сістэм (дырэктар В.С.Спірчонак), філіялу ДРБУ №105 КУП “Віцебскаблдарбуд” (в.а.начальніка Д.П.Цімафееў),  аддзелу адукацыі, спорту і турызму райвыканкама (начальнік І.Ф.Сыроўчанка), прадпрыемству жыллёва-камунальнай гаспадаркі Ушацкага раёна (дырэктар С.Б.Завадскі), агароднінасушыльнаму заводу (дырэктар А.У.Шчуко).

Работнікі культуры падрыхтавалі для прысутных вялікі справаздачны канцэрт, які змясціў у сабе каля 30-ці запамінальных разнапланавых нумароў. На сцэну ў гэты дзень выйшлі педагогі дзіцячай школы мастацтваў і іх выхаванцы, квартэт “Натхненне”, удзельнікі хору народнага клуба “Ветэран”, творчыя калектывы клубных устаноў раёна і многія іншыя артысты, якія даўно заваявалі прыхільнасць ушацкіх гледачоў.

“Канцэрт прайшоў на адным дыханні!” – абмяркоўвалі яго ўшачане, пакідаючы залу раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Прыемна, што на выніковым мерапрыемстве прысутнічалі не толькі работнікі сферы культуры, кіраўнікі ўстаноў і арганізацый раёна, але і жыхары Ушаччыны – пастаянныя ўдзельнькі ўсіх масавых свят.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *